ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

XXV Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка

Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта aведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб'юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
    Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
    Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.


Mk 9, 30-37

Веліч, выражаная службай

 Няма ў Евангеллі “лёгкіх” старонкаў, бо яно з’яўляецца жыццём, якое таксама – няпростае і няспынна ставіць перад чалавекам пытанні, на якія нялёгка знайсці вычарпальныя адказы. Пошук адказа заканчваецца поспехам, калі ёсць ясная перспектыва будучыні, канчатковая мэта. Не бойцеся складаных праблемаў, бо калі ў жыцці не хопіць асноўных пытанняў і выдатных адказаў, то чалавек разгубліваецца сярод дробязяў, якіх затым сам жа і саромеецца. Як гэта і адбылося з апосталамі, якія вандравалі з Езусам па Галілеі. Хрыстус сказаў ім пра сваю хуткую смерць і паўстанне з памерлы х, а яны спрачаліся паміж сабой за першае месца! Будзем жа памяркоўныя: апосталы, сведкі цудаў Хрыста і слухачы Яго навукаў, не маглі зразумець словаў пра муку, смерць і ўваскрасенне свайго Настаўніка, бо гэта перакрочвала іхнія магчымасці. Моц Езуса, аб’яўленая ў вылячэннях, уваскрашэннях супярэчыла якой-небудзь слабасці, а тым больш – будучай смерці Хрыста.
    Можна толькі здзіўляцца памяркоўнасці Езуса. Ён меў права адчуць сябе балюча закрануты бестурботнасцю вучняў. Зразумелай была б Яго рэакцыя больш рашучая, нават суровы напамінак. Аднак Хрыстус выбраў спосаб цярплівага растлумачэння вялікіх і складаных справаў простымі словамі, выразнымі знакамі. Дзякуючы гэтай паблажлівасці мы пачулі адзін з самых важных прынцыпаў хрысціянскага жыцця: найбольшы з апосталаў павінен стаць слугой астатніх! Так як іх Настаўнік, які ў хуткім часе будзе мыць ногі сваім вучням у Вячэрніку. Гэта не фальшывая поза і не ўзнёслае заахвочванне да пакоры. Гэта праўда, пацверджаная цярпеннем, крывёй Божага Сына і Яго паўстаннем з памерлых.
    Евангелле маўчыць пра тое, ці апосталы зразумелі навуку аб служэнні братам. З гэтым жа самым патрабаваннем Хрыстус звяртаецца сёння і да нас. Не саромейцеся сваёй збянтэжанасці, што мы не разумеем усё, але пастаянна хацелі б падкрэсліваць, якія мы – важныя і гатовы таргавацца за лепшае месца. І будзьце ўдзячны Богу, што заўжды ў Касцёле хапала тых, хто прыняў парады Езуса ўсур’ёз.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.