ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Святы Міхал – асаблівы апякун Касцёла Беларусі

З жыцця Касцёла

29 верасня ў каталіцкім Касцёле Беларусі адзначаюць патранальнае свята св. Міхала-Арханёла. Яно мае ў гэтым годзе асаблівае значэнне: 20 гадоў таму назад у кастрычніку 1989 г. Папа Ян Павел II кансэкраваў у Рыме біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і назначыў яго апостальскім адміністратарам католікаў Беларусі, такім чынам даючы пачатак працэсу аднаўлення рэлігійнага жыцця і касцёльных структураў на землях Беларусі.
    Апека заступніка ўсіх католікаў Беларусі над касцёльнымі структурамі садзейнічала таму, што ў нашай краіне Касцёл развіваўся дынамічна. Варта нагадаць, што ў 1990 г. у Гродне была адкрыта Вышэйшая Духоўная семінарыя (яе заступнік – св. Міхал-Арханёл), у якой пасля 18 гадоў яе дзейнасці 173 святары атрымалі святарскія пасвячэнні. У 1991 г. была ўтворана Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі, а з 1997 г. – і Віцебская. 90-ыя гады – пара абнаўлення і адбудавання дашчэнту знішчаных каталіцкіх святыняў, якія былі вернуты каталіцкаму Касцёлу.
    Сярод важных падзей у жыцці каталіцкага Касцёла Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі трэба назваць устанаўленне ў лістападзе 1992 г. дыпламатычных адносінаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь, а як наступства гэтага - прысутнасць апостальскага нунцыя ў Беларусі. Сёння прадаўжаюцца размовы па справе канкардата паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам.
    28 лістапада 1998 г. была ўтворана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, старшынёй якой з’яўляецца ў другім скліканні ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. 12 верасня 2001 г.пасля 62 гадоў перапынка была адкрыта Міждыяцэзіяльная Вышэйшая Духоўная семінарыя ў Пінску.
    Важным элементам аднаўлення рэлігійнага жыцця, а асабліва Марыйнага культа ў Беларусі стала стварэнне па загаду Папы меншых базылікаў: у Гродне, у Будславе і Пінску (1991 – 1996), укаранаванне папскімі каронамі цудатворных абразоў НПМ: у Брэсце і Лагішыне, у Будславе і Гродне, у Мінску і Гудагаі, у Тракелях і Браславе (1996 – 2009).


Святы Міхал-Арханёл –
пераможца шатана і абаронца Касцёла
Святы Міхал – гэта адзін з арханёлаў, якія стаяць перад абліччам Бога.
    Імя Міхал азначае - “хто ж як Бог”. Калі Люцыфер узбунтаваўся супраць Бога і да бунта падгаварыў частку анёлаў, тады павінен быў выступіць арханёл Міхал і з воклічам: “Хто ж як Бог” аб’явіў вайну д’яблу.

У іканаграфіі св. Міхал-Арханёл прадстаўляецца ў туніцы і з паліем, у адзенні ўладара, як ваяўнік у зброі. Крыллі ў св. Міхала – часцей за ўсё белыя, іншы раз – паўлінавыя, на валасах – павязка ці дыядэма. Яго атрыбутамі з’яўляюцца: глобус, крыж, ляска, меч, дзіда, шчыт. Шатан - у выглядзе смока ля ног арханёла і звязаны і - шчыт з надпісам: “Quis ut Deus” (Хто ж як Бог).
{mosimage}
У Святым Пісанні
    У святым Пісанні св. Міхал згадваецца 5 разоў. З Кнігі Данііла мы даведваемся пра змаганне Міхала з іншымі князямі падчас абароны пераследаванага Данііла: “Тады прыбыў ім на дапамогу Міхал, адзін з першых князёў” (Dn 10, 13). Ён прадстаўлены як апякун Ізраіля: “Я паведамляю табе, што напісана ў Кнізе Праўды. Ніхто не можа мне эфектыўна дапамагчы супраць іх, за выключэннем вашага князя Міхала” (Dn 10, 21). Так гаворыць прарок пра заступніцтва і магутнасць Міхала-Арханёла. Міхал, дзякуючы звышнатуральнай моцы, якую меў ад Бога дзеля абароны Божага люду, выступае як апякун справядлівых і святых, якія запісаны ў кнізе Жыцця.
    У Адкрыцці Святога Апостала Яна Багаслова Міхал паказаны як пераможца смока-шатана (Ап 12, 7): “І наступіла барацьба на небе. Міхал і яго анёлы павінны былі змагацца са смокам. І ўступіў у паядынак смок (...), але не перамог“ (Ап 12, 7 –8). Гэтую барацьбу пачынае смок, якому дапамагаюць дзве бестыі (драпежнікі) з мора і з сушы: паганская дзяржава (насілле) і фальшывы прарок (сімвал ідэалагічнай барацьбы і хлуслівай прапаганды). Абодва драпежнікі – інструменты смока ў яго змаганні з Паннай – Касцёлам. Барацьба ахоплівае ўсе нападкі і паражэнні ад пачатку і да канца света, а кіруе ёй Арханёл Міхал.
    У Кнізе Езуса Навіна Міхал прадстаўлены з вынятым мячом як галоўнакамандуючы войскамі Бога. (Нав 5, 13. 13). У лісце св. Юды-апостала ён з’яўляецца як той, хто змагаецца з д’яблам за цела Майсея (Юд 9). Святы Павел-апостал успамінае пра яго таксама (1 Тэс 4, 16).
Культ св. Міхала ў Касцёле
    Культ св. Міхала-Арханёла існаваў ужо ў хрысціянскай старажытнасці. З цягам часу яго імя ўвайшло ў імшальную і ў пахавальную літургіі, пры асвячэнні кадзіла. Святы Міхал-Арханёл паказаўся пры жыцці св. Грыгорыя Вялікага, Папы, у Рыме падчас упрашальнай працэсіі на замку, які пачалі з тых пор называць замкам Святога Анёла. Гэты арханёл схаваў меч у ножны на знак, што Бог адверне праведны свой гнеў ад рымскага люду. З той пары чума больш не лютавала там. У Канстанцінопалі культ св. Міхала быў такі жывы, што там у VI ст. было 10 касцёлаў, прысвечаных гэтаму імені, у IX ст. - 15 касцёлаў і кляштараў, якія насілі імя гэтага арханёла.
    Самы вядомы санктуарый дзеля ўшанавання св. Міхала-Арханёла знаходзіцца ў Францыі на малым скалістым востраве ў моры. Там ёсць кляштар бенедыкцінцаў. Там жа (як даносіць паданне) у 708 г. тры разы з’яўляўся св. Міхал біскупу св. Аўбэрту з Арсанхэса.
    Святога Міхала лічылі галоўным заступнікам і апекуном Ізраіля. У Новым Запавеце яго ўшаноўвалі як асаблівага апекуна Касцёла. Папа Леў XIII устанавіў асобную малітву да св. Міхала за апеку над Касцёлам, якую святары з вернікамі чыталі пасля св. Імшы. Германія і Аўстрыя выбрала сабе за асаблівага заступніка св. Міхала. Гэты арханёл з’яўляецца князем анёлаў, якому Бог даручае заданні, якія патрабуюць асаблівай сілы. Ён заступаецца ў Бога за людзей, з’яўляецца анёлам-апекуном хрысціянскага люду. Ён стаіць ля ўзгалоўя тых, хто памірае, якіх затым суправаджае на шляху ў вечнасць. З гэтым злучана яго заступніцтва над могільнымі капліцамі. Мастакі прадстаўляюць св. Міхала з вагамі, на якіх адмерваюцца добрыя ўчынкі.
    Паводле “залатой” легенды сярэдневяковага казнадзея Якуба дэ Варагіна Арханёл Міхал па загаду Бога карае бедствамі Егіпет, раздзяляе воды Чырвонага мора, вядзе выбраны народ цераз пяскі пустыні ў Абяцаную зямлю. У апошні дзень ён павінен забіць на Аліўнай гары Антыхрыста і гукамі сваёй трубы ўваскрашаць памерлых.
Культ св. Міхала ў Гродзенскай дыяцэзіі
    У Гродзенскай дыяцэзіі ёсць дзве манаскія супольнасці імя св. Міхала: міхаліты і міхаліткі.
    Пра вялікае ўшанаванне св. Міхала на нашых землях сведчаць парафіі, названыя яго імем: парафія імя св. Міхала-Арханёла ў Навагрудку і Ашмянах, у Смаргоні, у Скрундзях (Дзятлаўскі дэканат), у Луконіцы (Слонімскі дэканат), у Міхалішках (Астравецкі дэк.), у Белагрудзе і Няцечы (Лідскі дэк.). Абраз св. Міхала знаходзіцца ў многіх касцёлах нашай дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.