ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Кароны для Каралевы Азёраў з Браслава

З жыцця Касцёла

У Браславе быў укаранованы праслаўлены ласкамі абраз Божай Маці, Валадаркі Азёраў
22 жніўня б.г. у парафіі імя Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе адбылася значная падзея: цудатворны абраз Божай Маці, Валадаркі Азёраў быў укаранованы папскімі каронамі. У прысутнасці каля 10 тысяч вернікаў кардынал Ёахім Майснер, мітрапаліт Кёльна з Германіі наклаў (ад імя Папы Бэнэдыкта XVI) папскія кароны на скроні Марыі і Езуса. Гэта была ўжо сёмая каранацыя аблічча Божай Маці на тэрыторыі Беларусі з 1989 г.
У пастырскім лісце, які запрашае ўдзельнічаць у каранацыі, віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін тлумачыў: з праўды нашай веры аб тым, што Езус з’яўляецца Валадаром Сусвету, паходзіць навука Касцёла пра паўсюднае валадаранне Яго Маці, Марыі. З хвіліны Звеставання Найсвяцейшая Панна прымала вельмі важны ўдзел у Каралеўстве Яе Сына, таму (як зазначыў біскуп) мы ўсе адчуваем мацярынскае валадаранне Марыі, дзякуючы чаму набліжаецца Валадарства Хрыста. У пастырскім лісце ардынарый Віцебскай дыяцэзіі растлумачыў, калі ў якім-небудзь месце на зямлі валадаранне Марыі набірае асблівае значэннне і характар, то тады ў сэрцах вернікаў нараджаецца жаданне публічна выразіць гэты факт у літургічным акце. Біскуп Уладзіслаў Блін перакананы, што Віцебская дыяцэзія, якая адзначае ў 2009 г. 10-ці годдзе свайго існавання, шматразова і рознымі спосабамі спазнала мацярынскае валадаранне Маці Божага Сына. Асаблівым месцам, якое абрала сабе Марыя, каб прыблізіць Валадарства Хрыста на зямлі, з’яўляецца г. Браслаў, які ляжыць у паўночна-заходняй частцы Беларусі.
Малітоўнае чаканне
Падрыхтоўка да каранацыі Браслаўскай Божай Маці прадаўжалася ў парафіях Віцебскай дыяцэзіі на працягу года. Адбываліся рэкалекцыі для розных групаў вернікаў, фестываль песні, пленэры. 19 жніўня ў Браславе пачалася IV дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. 21 жніўня ў гэты горад пачалі ісці першыя пілігрымкі. Непасрэднай падрыхтоўкай да ўрачыстасці было малітоўнае чуванне 21 – 22 жніўня, дзе апрача малітваў і св. Імшы было знаёмства з рэлігійнымі традыцыямі розных народаў. Ноччу перад урачыстасцю былі ажыццёўлены набажэнствы: ружанец, адарацыя Эўхарыстыі, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і Акафіст, які праспявалі католікі ўсходняга абрада рана перад каранацыйнай св. Імшой.
Каранацыйныя ўрачыстасці
    Кардынал Ёахім Майснер з Кёльна быў галоўным цэлебрантам урачыстай каранацыйнай св. Імшы ў 11.00. Ля палявога алтара, пабудаванага каля санктуарыя ў выглядзе карабля, св. Імшу разам з нямецкім іерархам канцэлебравала звыш 200 ксяндзоў лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў, у тым ліку 31 біскуп з розных краінаў Еўропы. Прысутнічалі прадстаўнікі праваслаўнага Касцёла і дзяржаўных уладаў.
    У гаміліі кардынал Майснер правёў тэалагічны роздум над чарговымі этапамі жыцця Марыі. “Божая Маці паказвае нам шлях пераймання Хрыста, таму пабожныя вернікі ідуць пастаянна да Найсвяцейшай Панны, каб дайсці да Хрыста” – аб гэтым гаварыў нямецкі кардынал. Арцыбіскуп Кёльна заўважыў, што так як Марыя мы закліканы сведчыць пра Бога. А быць пакліканым да супрацоўніцтва з вечным Богам – гэта вышэйшае прызначэнне чалавека.
    Кардынал Ёахім Майснер усклаў на абраз, на якім былі намаляваны Марыя з Езусам, кароны, асвечаныя Папам. Абраз быў падвешаны з дапамогай канатаў, як адзін з парусаў карабля. Перад абліччам укаранаванай Божай Маці біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Божай Маці, Валадарцы Азёраў.
    Прадстаўнікі народаў, што прынялі ўдзел у каранацыі, прынеслі дары да алтара. Пасля св. Камуніі ўсіх сабраных прывітаў апостальскі нунцый Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч і беларускі міністр па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў.
    Пасля благаславення і заканчэння літургіі абраз Божай Маці, Валадаркі Азёраў быў перанесены ва ўрачыстай працэсіі ў браслаўскую святыню і размешчаны на галоўным алтары.
Абраз Найсвяцейшай Марыі Панны
    У галоўным алтары касцёла ў Браславе знаходзіцца цудатворны абраз Браслаўскай Божай Маці, якую называюць таксама Манастырскай Божай Маці. Апошнняя назва звязана з паходжаннем абраза.     На тэрыторыі браслаўскай парафіі быў праваслаўны кляштар, які паўстаў у XVст. на востраве возера Неспіш на ахвяраванні віленскага ваяводы Войцеха Манівіда. У першай палове XVII ст. кляштар стаў уласнасцю уніяцкага Касцёла і ў ім пасяліліся базыльяне. У гэтым аддаленым на 3 кіламетры ад Браслава месцы асабліва ўшаноўвалі цудатворнае адлюстраванне Божай Маці. У дакументах Кангрэгацыі базыльянаў імя св. Тройцы ў Вільні, што паходзяць з XVIII ст., не захаваўся ні адзін дакумент, які датычыць месца, даты і мастака, што намаляваў абраз браслаўскага касцёла. У тыя часы ў перыяд святаў натоўпы вернікаў ушаноўвалі Браслаўскую Божую Маці. Цудатворны абраз стаў мэтай шматлікіх паломніцтваў.
    У 1832 г. выбухнуў пажар з-за ўдару пяруна. Згарэў касцёл, кляштарная бібліятэка і гаспадарчыя пабудовы. Цудоўным чынам збярогся толькі абраз Божай Маці. Паводле падання, калі людзі знайшлі абраз, то вырашылі размясціць яго ў касцёле ў Браславе. Аднак абраз знік з касцёла і апынуўся на востраве. Такая сітуацыя паўтаралася некалькі разоў. Урэшце вырашылі, што абраз будзе ўнесены ў касцёл урачыста. Калі гэта адбылося, то абраз застаўся на месцы.
    Гісторыкі, які даследавалі гісторыю абраза, задаліся пытаннем: “Чаму пасля пажару абраз Божай Маці быў размешчаны ў браслаўскім касцёле, а не ў парафіяльным касцёле ў Слабодцы, які знаходзіўся намнога бліжэй ад кляштара на востраве і быў большы, прасторнейшы?” Найбольш праўдападобны адказ: з самага пачатку свайго існавання (XV ст.) касцёл і парафія ў Браславе нязменна прысвечаны Нараджэнню НПМ. Адпустовая ўрачыстасць прыпадае на 8 верасня. Назва касцёла і парафіі мае цалкам Марыйны характар. Таму цудатворны абраз Божай Маці трапіў у асяроддзе вернікаў з паглыбленай Марыйнай традыцыяй. Таму вельмі зычліва і з радасцю яны прынялі цудоўным чынам уцалелую ад пажару ікону Божай Маці.
    Аднак на працягу доўгіх гадоў геапалітычная сітуацыя не садзейнічала развіццю велікапышных формаў Марыйнага культу. Царызм і ўлады СССР (пасля II Сусветнай вайны) не дазвалялі публічна выражаць каталіцкую веру.
    У 1992 г. пасля распаду СССР парафіяй і абразам у Браславе апекаваліся сальватарыяне, якія многае зрабілі для духоўнага і матэрыяльнага адраджэння парафіі. Дзякуючы ім культ Божай Маці, Валадаркі Азёраў ажывіўся і стаў заўважальны на памежжы Літвы, Беларусі, Латвіі. У 1999 г. віцебскі ардынарый, біскуп У. Блін надаў фармальна браслаўскай святыні тытул Марыйнага дыяцэзіяльнага санктуарыя. Цяпер сёстры-эўхарысткі разам з сальватарыянамі дбаюць пра духоўную яго славу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.