ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

“Рэкалекцыі – гэта не адзіны шлях да паглыблення духоўнага жыцця, але заахвочваць варта”

Інтэрв'ю

Езуіт а. Віктар Жук пра ігнацыянскія духоўныя практыкаванні і альтэрнатыву ім.
А. Віктар Жук – езуіт родам з Пінска, у Таварыстве Езуса з 2003 года. Бібліст. Святарскае пасвячэнне прыняў у 2014 годзе. Вучыўся ў Італіі, ЗША, Польшчы і Расіі.
    У 2015–2019 гадах працаваў у Маскве ў Інстытуце св. Тамаша. З ліпеня 2019 года з’яўляецца пробашчам парафіі ў Віцебску.
 

    Сёння размаўляем з айцом Віктарам Жуком SJ пра развіццё езуіцкіх рэкалекцый у Беларусі. Разбіраемся ў тым, як усё пачыналася, якія прапановы існуюць на сёння і якія планы на будучыню. Таксама разважаем пра духоўныя практыкаванні ў Беларусі ўвогуле ды абмяркоўваем дасягненні і праблемы беларускага рэкалекцыйнага руху.
   

Цэнтрам ігнацыянскай духоўнасці з’яўляюцца духоўныя практыкаванні. Метад быў распрацаваны св. Ігнацыем Лаёлам, заснавальнікам ордэна езуітаў, у XVI стагоддзі. Асновай духоўных практыкаванняў з’яўля- ецца медытацыя і кантэмпляцыя. Рэкалекцыі адбываюцца ў поўнай цішыні.

    – Колькі гадоў у Беларусі ўжо праводзяцца ігнацыянскія рэкалекцыі? Як усё пачыналася?
    – З 1990-ых гадоў езуіты праводзілі рэкалекцыі для сясцёр Місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах. Туды прыязджалі айцы з Польшчы, а пазней – з Расіі. Першапачаткова гэта былі духоўныя практыкаванні толькі для сясцёр. Дзесьці ў 2000-ых гадах пачалі прапаноўваць удзельнічаць таксама і свецкім асобам. У 2015 годзе гродзенскія святары запрасілі а. Юзафа Аўгустына ў Навагрудак. Ён тады правёў рэкалекцыі, у якіх удзельнічалі як духоўныя, так і свецкія асобы. З таго часу для апошніх існуе шырокая і пастаянная прапанова. На сёння, калі палічыць усіх, хто прымае ўдзел у практыкаваннях на працягу года, свецкіх асоб ужо будзе больш.
   
    – У якіх гарадах і з якой перыядычнасцю праводзяцца ігнацыянскія рэкалекцыі?
    – Штогод адна серыя ў Навагрудку і Баранавічах. У Баранавічах часам бываюць практыкаванні толькі для сясцёр, часам таксама для свецкіх. Некалькі гадоў у Баранавічах рабілі яшчэ рэкалекцыі зімой. То-бок, 3-4 туры практыкаванняў на працягу года ёсць.
   
    – Ці складана збіраецца група? Хапае ахвотных?
    – У гэтым годзе было вельмі шмат жадаючых. Спачатку ў Навагрудку хацелі правесці толькі адзін тур, але цяпер ёсць патрэба і для другога. Аднак насамрэч не заўсёды так было. Падаецца, што сёлета з-за пандэміі людзям проста не хапала рэкалекцый і яны засумавалі.
   
   Сёлета езуіты святкуюць юбілей – 500-годдзе навяртання св. Ігнацыя Лаёлы. Добрая нагода, каб падпісацца на Facebook Таварыства Езуса ў Беларусі.
    facebook.com/jezuity.by
   
    Навіны, гаміліі і разважанні, ігнацыянская духоўнасць, анонсы рэкалекцый у Баранавічах і Навагрудку.
   jezuity.by

    – Чаму людзі выбіраюць менавіта духоўныя практыкаванні ў езуітаў? Брэнд працуе на сябе?
    – Думаю, многія дзеляцца ўласным досведам. Першы час святары і манахіні рэкамендавалі рэкалекцыі тым, хто быў да іх гатовы, тлумачылі, у чым заключаецца сутнасць. Калі людзі маюць нейкі духоўны голад, то прыязджаюць.
   
    – Хто гэтыя свецкія, што прыязджаюць да Вас на практыкаванні? Актыўныя католікі ці незнаёмыя ў сваіх парафіях людзі, якія вядуць глыбокае духоўнае жыццё?
    – Зазвычай гэта людзі, якія вядуць дастаткова глыбокае духоўнае жыццё і адначасова актыўныя ў сваёй парафіі. Шмат хто вучыўся ў адным з катэхетычных каледжаў. Напэўна, гэта тыя, хто шукае штосьці глыбейшае ў сваім жыцці.
   
    – Плануеце рабіць больш тураў, нейкія новыя фарматы? Я бачыў, што Вы паспрабавалі анлайн варыянт.
    – Анлайн варыянт быў вымушаны, бо ў мінулым годзе мы не змаглі арганізаваць рэкалекцыі ў Навагрудку. Аднак насамрэч ён сябе апраўдаў. Многія змаглі паспрабаваць ігнацыянскую духоўнасць, не выходзячы з дому.
    Сёлета я супрацоўнічаў з групай суправаджаючых, бо ніхто з маіх сабратоў не змог далучыцца. Папрасіў аднаго дыяцэзіяльнага святара, адну манахіню і адну свецкую асобу. Разам мы спадарожнічалі людзям, і гэта быў выдатны досвед таго, што ігнацыянскія рэкалекцыі могуць даваць не толькі езуіты, але і адпаведна падрыхтаваныя людзі. Можна сказаць, што гэта нейкі новы фармат.
    Акрамя таго, некаторыя людзі ведаюць, што я займаюся бібліядрамай (падыход у даследаванні тэкстаў Бібліі – заўв. аўт.). У Італіі, Германіі, Польшчы сустракаецца досвед камбінацыі традыцыйных ігнацыянскіх рэкалекцый з гэтым метадам. Таму я цяпер думаю наконт арганізацыі такой пілотнай прапановы.
   
    – Стэрэатыпна ігнацыянскія рэкалекцыі атаясамліваюцца з цішынёй. Гэта трапнае акрэсленне?
    – Ну, гэта не стэрэатып, а патрабаванне рэкалекцый (смяецца – заўв. аўт.). Я тлумачу ўдзельнікам, што па-англійску кажуць “ignatian retreat” – ігнацыянскія рэкалекцыі, але таксама і “silent retreat” – рэкалекцыі ў маўчанні. Гэта адметная і неабходная рыса ігнацыянскіх духоўных практыкаванняў, іх ключавы момант.
   
    – Вы ўжо ўзгадвалі, што такія рэкалекцыі падыдуць не кожнаму. Каму б не раілі прыязджаць?
    – Перш за ўсё, тым, хто не мае сур’ёзнага досведу малітвы. Малітвы не на падставе малітоўніка, а самастойнай, пры дапамозе Божага слова. Гэта, канешне, вельмі ўмоўнае абмежаванне. Вядома, калі ў людзей ёсць нейкія сур’ёзныя псіхічныя адхіленні, то таксама могуць быць нюансы. Аднак насамрэч, калі асоба адчувае жаданне паглыбляць сваё малітоўнае жыццё, то пры адпаведным суправаджэнні на гэтыя рэкалекцыі шмат хто мог бы прыязджаць.
   
    – Магчыма, чалавеку, які разважае над тым, каб паехаць на ігнацыянскія рэкалекцыі, варта параіцца са святаром з парафіі ці проста асобай, якая вядзе духоўнае жыццё?
    – Так, гэта адно з патрабаванняў, якое мы ставім перад удзельнікамі. Просім падаць кантакт духоўнай асобы, каб патэлефанаваць і папрасіць рэкамендацыю пра гэтага чалавека.
   
    – А ці можа быць так, што рэкалекцыі асобе аб’ектыўна не крытычна патрэбныя? Вядома, мяжы дасканалення няма. Аднак калі вядзецца малітоўнае хрысціянскае жыццё, сапраўды жывецца Богам на кожны дзень…
    – Рэкалекцыі, у тым ліку ігнацыянскія, – гэта не адзіны шлях для паглыблення свайго духоўнага жыцця. Дзякуй Богу, у парафіях існуюць розныя малітоўныя групы, ёсць магчымасці паглыбляць духоўнасць. Таму я не лічу, што рэкалекцыі – неабходны досвед.
    Тым не менш, можна шмат што чэрпаць з духоўнасці св. Ігнацыя. Напрыклад, ёсць такі важны прынцып ігнацыянскай духоўнасці – шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім. Ён асабліва падыходзіць для людзей, якія вельмі занятыя.
    Лічу, што такія выязныя рэкалекцыі – гэта своеасаблівы больш інтэнсіўны час камунікацыі з Богам. А ігнацыянская духоўнасць накіравана на тое, каб дапамагаць людзям у іх актыўным штодзённым жыцці знаходзіць Божую волю.
   
    – У духоўных асоб – асабліва манахаў і манахінь – рэкалекцыі з’яўляюцца абавязкам. Аднак свецкіх у Касцёле гэта літаральна не тычыцца. Як правільна падысці да гэтай праблемы, і ці праблема гэта ўвогуле?
    – Для законнікаў такі абавязак вынікае з самога характару кансэкраванага жыцця. Падобныя інтэнсіўныя перыяды з Богам проста неабходныя, каб падтрымліваць сваю духоўную форму.
    Я лічу, што, канешне, варта заахвочваць людзей удзельнічаць у такога роду ініцыятывах. Прапанаваць больш даступныя формы, напрыклад, магчымасць прыехаць на рэкалекцыі на выхадныя. Карацей кажучы, шукаць, як зрабіць пагружэнне ў духоўнасць больш даступным. Мне здаецца, цяпер нямала такіх прапаноў у Беларусі. Безумоўна, лепш не змушаць да іх, а заахвочваць.
   
    – Прызнаюся, мяне крыху бянтэжыць сучасная форма парафіяльных рэкалекцый. Прыехаў ксёндз, людзі пасіўна паслухалі, пару дзён пахадзілі ў касцёл – і на гэтым усё. А ёсць нейкія спробы пераносу досведу ігнацыянскіх рэкалекцый на ўзровень “стандартных” парафіяльных? Можа, памаўчаць гадзінку пасля Імшы ўсёй парафіяй?
    – Згодзен, ёсць патрэба змены гэтага традыцыйнага фармату. Ведаю, што мае сабраты спрабуюць ладзіць парафіяльныя рэкалекцыі інакш. Яны пакідаюць тую частку, якая датычыць усёй парафіі – гамілію, магчымасць споведзі – і, разам з тым, уводзяць нешта новае. Адзін езуіт у Сібіры ў сваёй маленькай парафіі прапанаваў заставацца пасля св. Імшы і спрабаваць малітву ў цішыні, малітву пры дапамозе Божага слова – малітву асабістую, не пасіўную.
    Таму варта эксперыментаваць. Гэта, канешне, азначае дадатковы высілак для арганізатараў і рэкалекцыяніста, аднак справа вартая.
   
    – Як Вам здаецца, куды будзе рухацца рэкалекцыйны рух ў бліжэйшыя пару гадоў у Беларусі?
    – Думаю, розных прапаноў будзе ўсё больш: ігнацыянскія, сямейныя, харызматычныя рэкалекцыі. Насамрэч гэта добра, што ёсць выбар і нават здаровая канкурэнцыя. Разам з гэтым будзе расці неабходнасць паляпшэння якасці духоўных практыкаванняў, каб адпавядаць патрэбам людзей: не проста “звальвацца з неба”, а грунтавацца на тым, чым жыве сучасны чалавек, якія ён мае пытанні і з якімі сітуацыямі сутыкаецца кожны дзень.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.