ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Хрыстос “прызямліўся”, або пра чалавечыя рысы ў Боскіх вобразах

Інтэрв'ю

Праца Н. КлімовічНі партрэт, ні пейзаж, ні нацюрморт немагчыма напісаць без асаблівага пачуцця таямніцы.
З нагоды “Казюкаў”, ці дня ўспаміну св. Казіміра, калі цэнтральныя вуліцы Гродна поўняцца працамі мастакоў і рамеснікаў, разам з гродзенскай мастачкай Наталляй Клімовіч разважаем над хрысціянскімі матывамі ў творчасці.
   
    – Наталля, з чаго пачалося Ваша захапленне мастацтвам?
    – Гэта даволі тыповая гісторыя для мастакоў. У дзяцінстве пачынаеш маляваць, і хтосьці заўважае, накіроўвае далей. У маім выпадку гэта была выхавацелька ў дзіцячым садку, якая заўважыла маю любоў да малявання і параіла бацькам аддаць мяне вучыцца ў мастацкі клас. Дзякуючы ёй, я трапіла на гэтую сцежку. А пасля, калі трэба было свядома выбіраць, дзе далей вучыцца, ваганняў ужо не было.
Абрала мастацтва, бо для мяне гэта было не захапленне, а спосаб мыслення, спосаб пражывання сябе.
   
    – Чаму Вас інспіруе хрысціянская тэматыка?
    – Творчасць выражае пачуцці, якія не даюць быць раўнадушным, абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Гэта праяўляецца не толькі ў рэлігійнай тэматыцы. Нават партрэт, пейзаж ці нацюрморт немагчыма напісаць без асаблівага пачуцця таямніцы... Адныя працы на хрысціянскую тэматыку нараджаліся ад сузірання, пільнага ўглядання ў вочы, у рухі і паставы людзей або абразы старых майстроў. Іншыя – ад разважанняў, і часам заставаліся толькі ідэямі. Напрыклад, натхніўшыся творам Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, я ўяўляла, як Хрыстос ходзіць па гродзенскіх вулачках, заходзіць у дамы і храмы. Тут мяне цікавіў не столькі вобраз Хрыста, колькі характары людзей, якім была патрэбна вера і надзея, без якой немагчыма было перамагчы цемру. Бо хрысціянства – гэта не толькі пра Бога, гэта пра людзей. І калі я гляджу, напрыклад, на абраз Багародзіцы, то ўзіраюся ў Яе вочы і спрабую зразумець гэтае “Вітай, поўная ласкі...”. Спрабую ўсвядоміць, як па-чалавечы можна спалучыць радасць з болем і смуткам. І бачу, што ў гэтым ёсць нейкая неверагодная глыбіня.
   
    – Вобразы Хрыста, Марыі і анёлаў прысутнічаюць у мастацтве з даўніх часоў, і іх пасыл нібыта заўсёды зразумелы. Аднак творчыя людзі нястомна намагаюцца надаць пэўную сваю ідэю традыцыйным сюжэтам. Які сэнс укладваеце ў абразы Вы?
    – Калі пішу на хрысціянскую тэматыку, то перапаўняюся любоўю і ўдзячнасцю, але насамрэч імкнуся быць проста інструментам, праз які прамаўляюць Нябёсы.
    Для мяне гэта нешта своеасаблівае, таму маё мастацтва – не творчасць на кожны дзень і не праца на замову.
   
Каталіцкі Касцёл узгадвае св. каралевіча Казіміра 4 сакавіка.

    – Ці маеце любімы твор на хрысціянскую тэматыку?
  “Анёл”, праца Наталлі Клімовіч  – Цяжка вылучыць. Бывае проста, што некаторыя сюжэты найбольш блізкія. Аднолькава ўразіць можа і мясцовая творчасць і сусветна вядомыя шэдэўры.
    Аднойчы я ўбачыла на адным падворку садовую кампазіцыю: на камяні стаяла невялічкая драўляная скульптура Журботнага Хрыста – пасівелае старое дрэва з расколінамі. Было бачна, што праца зроблена нейкім народным майстрам: яна была простая і лаканічная. Але галоўнае – сам вобраз Збаўцы, які сядзіць у адзіноце, паклаўшы галаву на далонь. Усё, што мне хацелася зрабіць у той момант – прытуліць Яго да сябе і суцешыць. Сказаць Езусу, што “ўсё будзе добра”. Звычайна ж хочацца наадварот, каб Бог суцешыў нас.
    Таксама мне падабаецца глядзець і разважаць над сюжэтам фрэскі Мазачча (італьянскі жывапісец XV ст. – заўв. аўт.) “Выгнанне з Раю”. Калі ўглядзецца ў твары Адама і Евы, то можна ўбачыць роспач, жах і боль. Гэта не проста перажыванне выгнання, але вынік новага досведу, бо яны захацелі ведаць, чым ёсць дабро і зло. Убачыўшы зло ў саміх сабе, спарадзіўшы яго, першыя людзі жахнуліся. Ці быў злом сам “яблык”? Не. Галоўнае зло здарылася, калі на пытанне Бога “Дзе ты, Адам?” ён адказаў: “Я схаваўся”.
   
    – На творчасць мастакоў і рамеснікаў звычайна ўплывае тое, што адбываецца навокал. Апошнім часам нашу краіну скалыхнуў грамадска-палітычны крызіс, які закрануў кожную сферу жыцця, у тым ліку і Касцёл. Ці меў ён нейкае ўздзеянне на Вашу творчасць?
    – Гэтыя нездаровыя працэсы адбываюцца вельмі даўно, і цяпер яны проста сталі відавочнымі для ўсіх. Як агромністую рану, якая пачала гнаіцца, яе нельга проста заклеіць пластырам і зрабіць выгляд, што ўсё добра. Патрэбна балючае і доўгае лячэнне. І перш за ўсё, трэба знайсці прычыны ўзнікнення крызісу ў нас саміх. Лічу, гэта шанс для нашага грамадства.
    Цяпер я шмат думаю над тэмай пакут Хрыста.
    Менавіта так мне бачыцца тое, што адбываецца. Найбольш яскравы вобраз – гэта збіццё рымскімі жаўнерамі Збаўцы. Момант, калі над Праўдай чыняць гвалт. Але, што найбольш уражвае, жаўнеры не проста выконваюць загад, збіваюць, як прыпісана законам таго часу, але стараюцца як мага больш зняважыць годнасць чалавека.
    Самі праяўляюць ініцыятыву – аплёўваюць, насміхаюцца, як быццам няма ў іх чалавечнасці, і робяць гэта з задавальненнем. Можна спасылацца, што гэта норавы таго часу, але мы сустракаем падобнае і зараз. І зноў гучыць пытанне: “Дзе ты, Адам?”. Дзе ты, чалавек?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.