ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Сакрэт выслуханай малітвы

На шляху да святасці

Малітва Даніэля, Эдвард Пойнтэр, 1865 г. “І ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукаць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую з неба, і дарую грахі іхнія, і ацалю зямлю іхнюю” (2 Кр 7, 14).
У прыведзеных словах cам Бог дае канкрэтныя ўказанні і ставіць умовы, якія неабходна выканаць, каб малітва магла быць пачутая: упакорыцца, маліцца, шукаць Яго аблічча і адвярнуцца ад благіх шляхоў.
Не раз у гісторыі Бібліі мы бачым, што Нябесны Айцец вельмі шануе цноту пакоры і дае адказ на малітву разам з асаблівымі ласкамі тым, хто можа пакаяцца перад Панам. Напрыклад, прарок Даніэль маліў Бога і прасіў прабачэння за грахі свайго народа, прымаючы на сябе рэзультаты і наступствы правін, якіх нават не здзяйсняў. Прарок выдатна разумеў, што не зграшыў, як браты, не таму, што быў лепшы ці больш дасканалы, а таму, што Пан сваёй ласкай абараняў яго ад падзення. Молячыся, святы Даніэль не абвінавачваў нікога ў здзейсненых грахах і не ўзвышаўся з-за сваёй бязгрэшнасці. Наадварот, ён браў на сябе поўную адказнасць, каяўся і прыніжаў сябе перад Богам праз пост. Адмаўляў сабе ў смачных стравах і мясе, не піў віна (параўн. Дан 10, 3).
    У такім стане заставаўся больш за 3 тыдні, пакуль на 24-ты дзень не атрымаў адказ на свае малітвы: убачыў анёла Габрыэля – пасланніка Усявышняга. “Не бойся, Даніэль; з першага дня, як ты прыхіліў сваё сэрца, каб дасягнуць разумення і ўпакорыцца перад Богам тваім, словы твае пачуты, і я прыйшоў дзеля слоў тваіх!” (Дан 10, 12).
    З гэтай гісторыі мы робім выснову, што свабоднае і добраахвотнае прыніжэнне перад Валадаром Нябёс падабаецца Яму, кранае Яго сэрца і схіляе Яго вуха да выслухоўвання нашых просьбаў. Бог пасылае таму, хто просіць, свайго анёла, які прыносіць адказ на заклік і абараняе ад нападаў д’ябла.
   
Малітва “Ойча наш” з’яўляецца ўзорам правільнай формы адносін з Богам.

    Напэўна, у розных жыццёвых сітуацыях мы асабіста дасведчылі, наколькі агідным можа быць самаўпэўнены чалавек, які ўзвышае сябе над іншымі, падкрэслівае ўласную значнасць і прыпісвае сабе вялікія заслугі. Невыпадкова народная мудрасць сфарміравала выслоўе “пыха ў пекла спіхвае”, бо пры такіх ганарыстых паводзінах можна заўважыць нават дэманічнае ўздзеянне.
    Калі мы, людзі, адчувальныя да праяўленняў самаўпэўненасці і маніі велічы бліжніх, то можна ўявіць, наколькі больш чалавечая фанабэрыя раніць чуйнае сэрца Бога.
    Св. Якуб пацвярджае гэта ў Святым Пісанні: “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку. Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас. Наблізьцеся да Бога – і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, крывадушнікі. Смуткуйце, плачце і галасіце.
    Няхай смех ваш абернецца ў плач, а радасць – у сум. Прынізьцеся перад Панам – і Ён узвысіць вас” (Як 4, 6–10).
    Такім чынам, становячыся на малітву, трэба браць прыклад з прарока Даніэля. Апрануцца ў адзенне пакоры і пакаяння, якое змякчае сэрца і рыхтуе яго да прыняцця Божай волі. Прызнаць сваю мізэрнасць, бездапаможнасць і абмежаванасць перад бясконцай веліччу і моцай Бога.
   
Суд належыць не людзям, а Богу.

    Як слабыя істоты мы не годныя набліжацца да Творцы і прасіць чаго-небудзь, абапіраючыся на ўласныя заслугі. Усё, што маем – прыгажосць, таленты, здольнасці, дасягненні і поспехі – паходзіць ад Нябеснага Айца і з’яўляецца асаблівай ласкай, дадзенай нам для Яго хвалы. Аднак яна можа быць забрана з-за нашага гонару альбо непаслушэнства. Па гэтай прычыне нельга ўзвышацца, абвінавачваць іншых ці не прабачаць бліжняму, што таксама з’яўляецца праяўленнем пыхі.
    Калі мы просім аб нечым у Бога, а ў сваім сэрцы абвінавачваем кагосьці, то непазбежна сцягваем на сябе суд Найвышэйшага і рызыкуем апынуцца ў падобнай сітуацыі. Нават калі бліжні вінаваты перад намі, варта аддаць гэта Богу і пакорна дараваць, разумеючы, што чалавек не меў ласкі пазнання Езуса. У малітве “Ойча наш” мы просім Бога: “Прабач нам грахі нашыя”, – абавязваючыся ўмовай: “як і мы прабачаем вінаватым нашым”. Толькі выконваючы гэтае патрабаванне, можам быць упэўнены, што наша малітва будзе выслухана.
   
    Працяг будзе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.