ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Пампейская навэнна як цяжкая артылерыя

На шляху да святасці

Маці Божая ПампейскаяУ кастрычніку заўважаем, як на сцежках з’яўляюцца вялікія бусіны – каштаны, знамянуючы прыйсце новага халоднага сезона. У сваю чаргу ў цёплых кішэнях нашых паліто намацваем маленькія бусіны – ружанец, што азначае распачацце адмысловага малітоўнага перыяду.
Надзея на цуд
    Адной з найбольш прыгожых і ў той жа час складаных форм Ружанцовай малітвы з’яўляецца Пампейская навэнна, якая доўжыцца 54 дні. Гэта патроеная навэнна просьбаў, якая трывае 27 дзён, злучаная з 27-дзённай патроенай навэннай падзякі. Усю навэнну прысвячаем адной інтэнцыі і штодня агучваем яе, молячыся 3 часткі Ружанца – радасную, балесную і хвалебную. Пасля з надзеяй чакаем плёну.
Якім чынам узнікла Пампейская навэнна? Усё пачалося ў 1884 годзе ад невылечна хворай дзяўчыны з Пампей. Вядомы факт, што 21-гадовай Фартунаціне Агрэлі аб’явілася Маці Божая, якая звярнулася да яе са словамі: “Кожны раз, калі захочаш атрымаць ад Мяне якую-небудзь ласку, адпраў дзеля Маёй хвалы 3 навэнны просьбаў, адгаворваючы 15 таямніц Майго Ружанца, а потым 3 навэнны падзякі”. Пасля таго, як дзяўчына скончыла навэнну, яна была цудам аздароўлена. Так быў пакладзены пачатак Пампейскай навэнне, або, як яе часта называюць, Непераможнай. Дарэчы, абраз Маці Божай у Пампейскай даліне славіўся цудамі і ласкамі з 1876 года. А пасля здарэння з Фартунацінай Папа Рымскі Леон XIII афіцыйна прызнаў цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай Пампейскай.
   
    “Інструкцыя абслугоўвання”
    - Раскласці малітву на ўвесь дзень. Знайсці ўласны рытм і спосаб штодзённага адгаворвання 3-ох частак Ружанца. Напрыклад, раніцай, едучы на працу ці на заняткі, выйсці на 1 прыпынак раней, каб мець час памаліцца 1 частку – астатняе пакінуць на вечар.
    - Спампаваць з інтэрнэту мабільны дадатак да Пампейскай навэнны. Праграма пакрокава распавядзе, як маліцца, дапаможа сачыць за колькасцю дзён адгаворвання навэнны, прапануе маліцца з лектарам і пачытаць сведчанні асоб, якія спазналі цуды пасля заканчэння навэнны.
    - Знайсці “кампанію” для малітвы. Зразумела, што складана маліцца “Пампейкай” разам з асобай з атачэння, бо кожны мае адрозныя абавязкі і іншы план дня. Аднак можна знайсці падмогу ў тым жа інтэрнэце: напрыклад, уключыць запіс адгаворвання Ружанца св. Янам Паўлам ІІ і, такім чынам, маліцца разам са Святым Айцом.
    - Калі ёсць жаданне, маліцца і 4 часткі Ружанца. Далучыць да Пампейскай навэнны Таямніцы святла.
    - Разважаць любы ўрывак з Евангелля. Таямніцы Ружанца не абавязкова павінны быць тымі, якія традыцыйна прызнаныя за малітоўную формулу. Кожную таямніцу з жыцця Езуса Хрыста, пра якую чытаем у Евангеллі, можам укласці ў наш Ружанец і разважаць. Напрыклад, задумацца над аздараўленнем паралітыка або размнажэннем хлеба.
    - Быць напагатове ў выпадку атакі злога. Часта здараецца, што асобе, якая распачынае Пампейскую навэнну, не шчасціць у надзённых справах. Не трэба знеахвочвацца, але наадварот: станавіцца больш трывалым у малітве. Гэта толькі рэакцыя д’ябла на тое, што чалавек становіцца бліжэй да Бога.
    - Памятаць, што навэнна – гэта, у першую чаргу, час, праведзены побач з Госпадам. Ёсць спакуса ўспрыняць “Пампейку” як гандаль з Богам – я Табе безліч адгавораных Ружанцаў, а Ты мне выкананне майго капрыза. Так малітва не працуе. Пампейская навэнна – гэта, найперш, магчымасць нанова адкрыць сябе і Божае дзеянне ўнутры сябе.
    А пасля – спадзявацца на атрыманне ласкі, калі ўсё яшчэ палічым яе патрэбнай.
   
У Лідзе каля падножжа фарнага касцёла вернікі збіраюцца на штодзённую малітоўную акцыю супраць гвалту пасля масавага збіцця дэманстрантаў пратэстных акцый у перыяд 9–12 жніўня. Формай малітвы абрана Пампейская навэнна, каб праз заступніцтва Маці Божай выпрасіць мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне і хутчэйшага вяртання на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускаюць у Беларусь.

    А што, калі просьба не будзе выслуханая?
    Па-першае, варта памятаць, што не ўсё адбываецца адразу і малітва не дзейнічае, як магія. Часам жаданага здзяйснення неабходна пачакаць, бо толькі Бог ведае найбольш адпаведны момант, калі чалавеку трэба (і ці трэба ўвогуле) даць тое, чаго ён хоча.
    Калі ўсё ж жаданы цуд не адбываецца, варта ўглядзецца ў глыбіню свайго сэрца і там, магчыма, заўважыць змены, якіх нават не чакаў. Час навэнны – гэта час шматлікіх ласкаў, якія выплываюць з сэрца Марыі. І, безумоўна, падчас такой працяглай малітвы на чалавека сыходзіць шмат дароў: пакора, супакой, радасць, удзячнасць… Паляпшаюцца адносіны з акружэннем, бо адкрываючы новыя добрыя рысы ў сабе, заўважаем іх і ў іншых.
    Акрамя таго, дзякуючы навэнне можна атрымаць ласку больш правільнай і плённай арганізацыі ўласнага часу – не марнаваць хвіліны і нават гадзіны на непатрэбныя рэчы. Жыццё часта набывае новае, лепшае вымярэнне. Калі камусьці здаралася адчуваць нуду падчас адгаворвання Ружанца, Пампейская навэнна можа надаць новы сэнс і адкрыць прыгажосць гэтай малітвы. Бо прайсці разам з Марыяй і Езусам праз усю гісторыю Збаўлення цягам аднаго дня – неверагодна. Штодня звяртаючыся да тых самых разважанняў, інакш іх успрымаеш, знаходзіш штосьці новае і спалучаеш жыццё Хрыста і Багародзіцы з уласным.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.