ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Першапраходцы любові, або як зарадзіць культ мясцовых герояў

З жыцця Касцёла

“Нараджэнне” новага члена парафіяльнай супольнасці“Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Гэтыя словы і палохаюць, і захапляюць адначасова. Палохаюць тым, што, зірнуўшы ў глыбіню нашых сэрцаў, разумеем: магчыма, ніколі не зможам наблізіцца да ідэальнай любові. Аднак захапляюць праўдай, што сярод нас знайшліся здольныя на ахвяру.
    Няма патрэбы сягаць далёка – ні ў заморскія краіны, ні ў часы сярэднявечча, каб знайсці тых, хто да самага канца паследаваў запавету Хрыстовай любові. Адна з такіх гераічных постацей жыла побач з намі ў мінулым стагоддзі. Бл. Мар’яна Бярнацкая была сярод жыхароў Гродна і Ліпска, расстраляных падчас ІІ Сусветнай вайны. Аддала жыццё за цяжарную нявестку, выпрасіўшы нямецкага салдата забраць сябе замест яе.
Калыска замілавання
    Год таму біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч блаславіў новую супольнасць вернікаў, якую даверыў заступніцтву зямлячкі, заслужанай перад Панам. Тэрыторыя парафіі ахоплівае 2 гарадскія мікрараёны Гродна – Ласосна і Баранавічы, а таксама вёску Тарусічы. Гэта дастаткова вялікія мікрараёны, якія ўвесь час разрастаюцца.
Парафія пакуль невялікая,  але актыўнаяКалі ўжо было вядома, што па волі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча я стану пробашчам новай парафіяльнай супольнасці, адразу прыйшла думка абраць заступніцай парафіі бл. Мар’яну Бярнацкую, – адзначае кс. Юрый Марціновіч. – Выбар абгрунтаваны тым, што наша парафія знаходзіцца блізка да таго месца, дзе ў ліпені 1943 года бласлаўлёная была расстраляна гітлераўцамі. Звычайная жанчына, якая нічым не вылучалася сярод іншых. Як і многія, непакоілася пра сваю сям’ю, была аддана Богу і Касцёлу… Таму я лічу, што тым больш павінна быць нам блізкая і дарагая.
    Прагнем углядацца ў яе постаць, праслаўляючы Пана Бога за святасць, аб’яўленую ў звычайных, простых людзях”.
    Усё больш жанчын, асабліва ўдоў, свекрывей і нявестак, звяртаюцца да бл. Мар’яны як да сваёй заступніцы і абаронцы. У бласлаўлёнай таксама просяць дапамогі перад Богам сужэнствы, якія прагнуць патомства. “Я заўважыў, што ўжо некалькі жанчын замовілі св. Імшу ў інтэнцыі сваіх нявестак, – распавядае кс. Юрый. – Таму вельмі хачу, каб новая святыня, якая, веру, нягледзячы ні на што, некалі паўстане ў горадзе над Нёманам, стала сапраўднай школай бл. Мар’яны, каб кожны мог зачарпнуць у ей духу пакоры і сціпласці. Гэта асабліва патрэбна сучаснаму чалавеку, які вельмі часта ўпадае ў гонар і гоніцца за тым, што толькі прывабна і модна”.
    ПРазам у малітве на першай адпустовай урачыстасціарафіянка Алена Амяльянчык дадае, што мае моцнае жаданне даследаваць жыццё бл. Мар’яны, каб бліжэй пазнаць яе асобу і раскрыць таямніцу любові. “У біяграфіі бласлаўлёнай мяне найбольш уражвае тое, што яна ахвяравала жыццё не за сына, таксама прыгаворанага да расстрэлу, а за нявестку. Зважаючы на звыклыя людскія адносіны, разумееш: сын для маці – заўсёды найвялікшы скарб. Аднак гэтая жанчына знайшла ў сабе сілы для складанага, але апраўданага выбару: аддала жыццё за цяжарную дзяўчыну, па сутнасці – чужую для яе”, – дзеліцца думкамі спадарыня Алена.
    Пробашч парафіі спадзяецца, што постаць бл. Мар’яны Бярнацкай дазволіць вернікам па-іншаму паглядзець на свекрывей, а для іх саміх стане стымулам да пабудовы міру і згоды ў сям’і. Ён мае моцнае жаданне, каб святыня на ўзор бласлаўлёнай, якая сваёй малітвай выпрошвала ласкі для мужа, дзяцей, зяця, нявесткі і ўнукаў, стала асаблівым месцам малітвы за сем’і, асабліва за тыя, што перажываюць цяжкасці і чалавечыя драмы.
    Новаўтвораная парафія – першая ў гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі, а нават і свету, якая паўстала пад імем бл. Мар’яны Бярнацкай. Адгэтуль яе місія заключаецца ў тым, каб раскрываць прыгажосць асобы бласлаўлёнай і накіроўваць сілы на тое, каб наша краіна атрымала яшчэ адну святую.
   
    Спачатку – жывы Касцёл,
   пасля – святыня з цэглы

    Вернікі з парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай пакуль не маюць уласнага месца для сустрэч на св. Імшы. Яны збіраюцца раз у тыдзень на нядзельнай Эўхарыстыі ў касцёле ў Адамавічах (дэканат Сапоцкін). Там жа праходзяць і вялікія ўрачыстасці.
    Усе працэдуры, якія датычаць выдзялення зямельнага ўчастка, былі распачаты яшчэ ў студзені бягучага года. Аднак маюцца некаторыя перашкоды, якія пакуль не дазваляюць яго атрымаць. Разам з тым, парафіяне ўпэўнены, што існуючыя праблемы толькі даказваюць: дзе павінна быць Божая хвала, там і цяжкасці большыя. Яны спадзяюцца, што з дапамогай Пана і пры падтрымцы мясцовых улад здолеюць станоўча вырашыць гэтае пытанне.
    “Пакуль не маем уласнага зямельнага ўчастка, наша дзейнасць абмежавана. Хочацца як мага хутчэй мець хаця б часовую капліцу, дзе будзе канцэнтравацца жыццё парафіі. Людзі павінны мець пастаянны доступ да свайго душпастыра. Мне асабіста вельмі хочацца больш часу прысвячаць сваім парафіянам, распачаць працу з дзецьмі і моладдзю, стварыць малітоўныя групы”, – дзеліцца кс. Юрый.
    Тым часам маленькімі крокамі будуецца супольнасць вернікаў, дзе людзі могуць падсілкоўваць адзін аднаго ў веры. “Нават сустрэчы раз у тыдзень сярод знаёмых аднадумцаў адцягаваюць ад «бытавухі» і накіроўваюць да «высокага», – адзначае спадарыня Алена. – Мне таксама падабаецца, што ксёндз пробашч заўсёды імкнецца камунікаваць з намі. Стварыў суполку ў Viber, і там цяпер часта звіняць паведамленні: то віншаванні, то аб’явы. Прыемна адчуваць сувязь з душпастырам і яго зацікаўленасць… Мой сын міністрант. Часта яму даводзіцца прыслужваць аднаму. І пробашч заўсёды знойдзе словы падтрымкі. На Пасхальны Трыдуум пры алтары былі толькі кс. Юрый і мой Паўлік. Дык ксёндз яму сказаў пазней: «Ты першы раз быў адзін, і я першы раз быў адзін у такі важны час. Аднак удвох мы выдатна справіліся!». Гэта ўсё дробязі, але яны насамрэч будуюць адносіны”.
    Пробашч парафіі дадае: “Мне хацелася б, каб гэта была жывая супольнасць, дзе кожны будзе заўважаны і задзейнічаны. І гледзячы на сённяшніх сваіх парафіян, якія кожную нядзелю збіраюцца на Эўхарыстыю (а іх амаль 100 чалавек), бачу, што яны таксама гэтага прагнуць. Жадаюць мець душпастыра і ўласную святыню, дзе разам будзем расці ў веры і ўзаемнай любові, будаваць сапраўдную супольнасць і станавіцца сведкамі Хрыста ў свеце”.
   
    Гісторыя пачынаецца з малога
    За нядоўгі час існавання парафіі там ужо ахрышчана 5 дзяцей. Неўзабаве адбудзецца яшчэ адна важная падзея – першы шлюб. Жыццё вернікаў паступова насычаецца і большымі па значэнні падзеямі.
    “Я лічу, што самай вялікай падзеяй для нашай маладой супольнасці стаў візіт дапаможнага біскупа дыяцэзіі Юзафа Станеўскага. У ІІ Нядзелю Вялікага посту іерарх прысутнічаў на нашай нядзельнай Эўхарыстыі і ўзначаліў яе. У гэты дзень кс. бп Юзаф маліўся за маладую парафію, каб з Божай дапамогай мы дасягнулі пастаўленай мэты – пабудовы храма. Візіт генеральнага вікарыя дыяцэзіі дадаў нам неабходнай мужнасці і ўпэўненасці, што абралі правільны накірунак”, – узгадвае кс. Юрый.
    Яшчэ адной вельмі важнай і сімвалічнай для парафіі падзеяй стала першая адпустовая ўрачыстасць у дзень літургічага ўспаміну бл. Мар’яны, які прыпадае на 12 чэрвеня.
    У гэты дзень адбылася св. Імша на месцы, дзе бласлаўлёная была расстраляна разам з жыхарамі Гродна і Ліпска. “Падчас гэтага свята адчулі сябе як адзіная сям’я. Магчыма, таму, што разам стараліся арганізаваць урачыстасць – кожны імкнуўся далучыцца, хаця б прынесці кветкі для аздаблення. Магчыма, таму, што асаблівым чынам адчувалі блізкасць бл. Мар’яны і яе няўяўны выраз клопату”, – дадае спадарыня Алена. У навумавіцкім лесе на фартах, якія сталі маўклівым сведкам драматычных падзей 1943 года, парафіяне дзякавалі Богу за мужнасць і гераізм папярэдніх пакаленняў, якія ў абароне крыжа, веры і ўсяго Божага ды святога аддалі сваё жыццё. Прасілі таксама бл. Мар’яну аб дапамозе ва ўрэгуляванні ўсіх арганізацыйных момантаў з атрыманнем пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. “Гэта была цудоўная малітва, што сабрала членаў нашай парафіі, для якіх важна будучыня Касцёла, – зазначае кс. Юрый. – Я перакананы, што бл. Мар’яна з самага пачатку падтрымлівае нашу парафіяльную супольнасць. Кожны раз, калі ўзнікаюць праблемы, каб рабіць далейшыя крокі, я езджу на фарты, дзе была расстраляна наша заступніца. І тады кажу ў сэрцы: Мар’яна, калі хочаш, каб новая святыня была прысвечана табе, пастарайся атрымаць неабходны дазвол альбо нейкі чаканы дакумент. І сапраўды бласлаўлёная дапамагае! Тады, калі мы чакалі дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі, я некалькі разоў ездзіў у Навумавічы. Прасіў Мар’яну аб падтрымцы. І яна не падвяла! Дзяржаўная рэгістрацыя парафіі была падпісана 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых! Я разумею гэта як доказ таго, што святыя і бласлаўлёныя сапраўды дапамагаюць нам, што яны побач”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.