ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Навучыцца ратаваць жыццё

З жыцця Касцёла

Няшчасныя выпадкі, траўмы і хваробы могуць здарыцца з намі раптоўна. Што рабіць у першыя секунды пасля тэрмічнага апёку? Што калі ўзніклі сутаргі альбо калі дзіця падавілася ці праглынула нешта небяспечнае? Мінімальнымі навыкамі рэанімацыі павінен валодаць кожны – гэта ў ідэале. Але на практыцы аказваць першую дапамогу сабе і іншым умеюць нямногія.
    Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Максім Таранцей упэўнены, што калі даць бацькам неабходныя веды і адпрацаваць іх на практыцы, можна знізіць працэнт дзіцячых захворванняў, інваліднасці і смяротнасці.
Дзейнічаць рашуча і без панікі
    Максім Таранцей – анестэзіёлаг-рэаніматолаг у 3-ім пакаленні. Працуе ў Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.
– У сям’і, з якой я паходжу, і мама, і тата, і бабуля, і дзядуля – медыкі, таму над выбарам прафесіі не прыйшлося доўга думаць. Яшчэ са школьнай лаўкі мне падабаліся дакладныя навукі. Я быў прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд па біялогіі і, у выніку, абраў у якасці прафесійнага шляху медыцыну, – распавядае Максім. – Чаму менавіта кірунак анестэзіялогія-рэаніматалогія? Гэта адказна, важна. Да таго ж, хацелася працягваць пачатае дзедам і бацькам. Праца ў Максіма мае зменны характар: дзяжурыць калі ўдзень, калі ноччу. Часам даводзіцца ў складзе выязной педыятрычнай брыгады ездзіць па вобласці і перавозіць у гродзенскі шпіталь дзетак ў цяжкім стане. За 8 гадоў практыкі ён бачыў многае: маленькіх пацыентаў, якія паступалі ў рэанімацыю з сур’ёзнымі апёкамі, з іншароднымі целамі ў дыхальных шляхах i многае iншае.
    – Амаль кожны дзень сутыкаюся з траўмамі, якіх, у прынцыпе, можна было б пазбегнуць. Няшчасныя выпадкі адбываюцца часта з-за таго, што бацькі не задумваюцца аб тым, што можа быць небяспечна, – тлумачыць Максім. – Напрыклад, гэта могуць быць батарэйкі, якія выпалі з цацкі, таму што бацькі не заляпiлi адсек скотчам; манеты, якія паклалі на камод, бо дзіця раней туды не дацягвалася, а потым падрасло, узяло іх у ручку і праглынула. Нельга таксама забываць пра разеткі, у якія неабходна ўстаўляць заглушкі. З кожным годам пачашчаюцца выпадкі выпадзення дзяцей з вокнаў, таму неабходна выкарыстоўваць сістэмы, якія ад гэтага засцерагаюць. Як адзначае ўрач, бацькі павінны разумець, што ад іх дзеянняў у першыя хвіліны ў нейкай сітуацыі можа залежаць не толькі жыццё дзіцяці і сям’і ў цэлым, але і якасць гэтага жыцця. Напрыклад, што трэба рабіць, калі дзіця падавілася і не дыхае? Большасць у такой сітуацыі губляецца, пачынае трасцi за ногi ўнiз галавой, кліча на дапамогу ці тэлефануе 103. Але ёсць т. зв. “залатая хвіліна”, на працягу якой пацярпелы яшчэ знаходзіцца ў свядомасці. Трэба неадкладна яго ратаваць: спачатку неабходна выканаць удары паміж лапатак (у залежнасці ад узросту, яны робяцца па-рознаму), а затым – прыём Геймліха.
    – Я вельмі часта паўтараю, што галоўнае – гэта кантроль за дзіцём і ацэнка прасторы, дзе яно знаходзіцца: дома, на вуліцы, на дзіцячай пляцоўцы, у гасцях. Найбольш небяспечны перыяд, калі дзіця пачынае поўзаць і ўсё цягне ў рот. Яно не адчувае небяспекі ў навакольных прадметах. Менавіта таму лічу, што вялікую ўвагу трэба ўдзяляць прафілактыцы няшчасных выпадкаў, – падкрэслівае суразмоўца. – Аб шматлікіх рэчах мы нават не задумваемся, а яны могуць стаць прычынай трагедыі. Банальны прыклад: бабуля развяла хлорку ў бутэльцы з-пад квасу ці соку і пакінула ў прыбіральні.
    Дзіця праходзіць міма, бярэ і робіць глыток. У яго нават і думкі не ўзнікне, што там можа быць нейкая небяспечная вадкасць. Апошнім часам сутыкаемся таксама з тым, што пагрозу могуць несці развіваючыя цацкі, асабліва магнітныя канструктары. Калі дзіця праглынула некалькі такіх дэталяў з пэўным інтэрвалам часу, злучыўшыся ў арганізме паміж сценкамі ўнутраных органаў, за суткі яны могуць утварыць дзірку.
    За гады сваёй практыкі ўрач шмат аналізаваў, раскладваў па паліцах экстраныя сітуацыі, у якіх апынуліся яго маленькія пацыенты, і кожны раз прыходзіў да высновы: калі б бацькі ведалі, як правільна і своечасова дапамагчы дзіцяці, многіх ускладненняў можна было б пазбегнуць.
   
   Сям’я – аснова бяспекі дзіцяці
    У мінулым годзе медык распрацаваў адмысловы адукацыйны курс і праводзіць заняткі-трэнінгі для бацькоў па першай неадкладнай дапамозе. Мэта праекта “SpasiKIDS” – не толькі навучыць правільна аказваць даўрачэбную дапамогу дзецям у экстранай сітуацыі, але таксама навучыць прадухіляць такія сітуацыі.
    – Гэта першы такога роду праект не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі. Да яго стварэння, напэўна, спрычыніўся няшчасны выпадак, які адбыўся з маёй чатырохгадовай дачкой. Мы адпачывалі на дачы. Малая каталася на самакаце, спатыкнулася каля вогнішча, упала і ручкай дагадзіла ў вуголле. Балазе я быў побач і хутка зрэагаваў. Адкрыў кран з халоднай вадой і падставіў пад струмень пашкоджаную руку. Дзякуючы хуткім дзеянням атрымалася пазбегнуць глыбокіх апёкаў. Усё загаілася без хірургічнага ўмяшання, без перасадак скуры і рубцоў. Ужо потым я зразумеў, што гэта быў адзін з момантаў, які навёў на думку падзяліцца асновамі бяспекі з іншымі бацькамі.
    Школа “SpasiKIDS” мае 2 напрамкі дзейнасці. Першы – сацыяльны, гэта бясплатныя трэнінгі для бацькоў з арганізацыі “Рана” (Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне бацькоў неданошаных дзяцей) і цэнтра “ПАРА” (сацыяльна-дабрачынная ўстанова для бацькоў дзяцей, якія сутыкнуліся з анкалогіяй), а таксама заняткі ў паліклініцы №7 г. Гродна, дзе арганізавана “Школа будучай мамы”, у перспектыве – супрацоўніцтва з дзіцячым хоспісам. Другі напрамак – камерцыйны, які дапамагае існаваць праекту і папаўняць яго матэрыяльна-тэхнічную базу.
    – За мяжой навучальныя праграмы такога кшталту вельмі папулярныя, – гаворыць Максім. – Правілам першай дапамогі навучаюць ужо пачынаючы са школы. Там нават могуць узнікнуць праблемы з уладкаваннем на працу, калі не будзеш мець сертыфіката аб праходжанні навучальнага курсу па аказанні першай дапамогі. У аўташколах таксама робяць упор не на кароткі курс, а на паўнавартаснае навучанне з практычнай адпрацоўкай атрыманых ведаў. У гэтым плане мы вельмі моцна адстаём. А між тым, якасць даўрачэбнай дапамогі шмат у чым залежыць ад людзей, якія аказаліся побач, і, як правіла, ад членаў сям’і. Кожны з нас павінен усведамляць, што можа здарыцца такая сітуацыя, калі ад нашых ведаў і навыкаў будзе залежаць жыццё і здароўе іншага чалавека.
    У школу “SpasiKIDS” прыходзяць людзі розных узростаў. Аўтар праекта сустракаецца з групай тройчы. Гэта стандартныя заняткі, якія доўжацца па паўтары гадзіны: спачатку ідзе тэарэтычная частка, потым урач дэманструе прысутным, як аказваць неадкладную дапамогу, а затым адпрацоўваюцца практычныя навыкі на ляльках і спецыяльных манекенах.
    – Ад моманту заснавання школы зацікаўленасць ёю расла. Мы нават перамаглі ў медыцынскай намінацыі ў рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў SocialWeekend 2019, – адзначае суразмоўца. – Цяпер, на жаль, з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, давялося адмяніць сустрэчы, але мы перайшлі на новы фармат – анлайн-навучанне.
    Аўтар праекта падкрэслівае, што спраўляцца з вялікім аб’ёмам працы яму дапамагаюць жонка Кацярына, якая займаецца адміністраваннем, камунікацыяй з людзьмі і вядзе сацыяльныя сеткі, а таксама калега анестэзіёлаг-рэаніматолаг Ірына Бублевіч.
    – “SpasiKIDS” дае мне энергію, сілы. Калі бачу ўдзячных бацькоў, якія распавядаюць, што ім удалося пазбегнуць нейкай непрыемнай сітуацыі альбо яны змаглі правільна аказаць першую дапамогу, адчуваю эмацыянальны ўздым. Разумею ў такія моманты, што ўсё робіцца не дарма, – падсумоўвае Максім Таранцей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.