ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Любіць і быць побач

Інтэрв'ю

31 студзеня – літургічны ўспамін св. Яна Боско
Дзякуючы пастырскаму вопыту заснавальніка таварыства салезіян кс. Яна Боско (1815–1888) Касцёл па-новаму зірнуў на выхаванне маладога пакалення. Пра ўнікальную сістэму практычнага душпастырства моладзі распавядае біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
– Эксцэленцыя, якая сёння, на Вашу думку, моладзь?
    – Сучасная моладзь жыве ў складанай рэчаіснасці, дзе неабходна адрозніваць дабро ад зла. Усё можа быць размытым, таму маладыя людзі часам не ведаюць, дзе праўда, а дзе фальш. Змяняюцца прынцыпы, традыцыі, погляды… І не заўсёды да лепшага і карыснага. Нават пытанні веры сёння рэлятывізаваны, і ўсё часцей гаворыцца пра тое, што кожны “бог”, якога выдумляе сабе чалавек, роўны Адзінаму Богу. Індывідуальным выдумкам надаецца такое ж значэнне, як і рэлігіям паўсюдна прызнаным і выпрабаваным пакаленнямі.
Яшчэ адна праблема – сямейны крызіс, асабліва страта бацькоўскага аўтарытэту і маніпуляцыі з вызначэннем інстытута сужэнства. Нярэдка, каб не страціць прыхільнасць групы, малады чалавек ідзе за голасам равеснікаў альбо сродкаў масавай інфармацыі, якія не заўжды адлюстроўваюць праўдзівыя погляды. Самаўпэўнены, ён не задумваецца, што падтрымку і неверагодную сілу можа атрымаць з адносін з бліжнімі, сябрамі і роднымі.
    У маладых сёння няма праблем з бацькамі, гэта ў бацькоў ёсць праблемы з імі. Яны ў парадку, ОК. Маладыя людзі хочуць быць здаровымі, дажыць да старасці, але патрабуюць легалізацыі ўжывання марыхуаны. Шкадуюць больш жабу, якую раздавіла машына, чым, часам, забітае ненароджаннае дзіця, ахвяру аборту. Засяроджаныя на сваіх адчуваннях, не заўважаюць іншых, становяцца нявернымі ў сяброўстве, не ўмеюць трымаць сакрэтаў. Часцяком паддаюцца хвілінным настроям і задавальненням. Хутка саступаюць цяжкасцям, не могуць даць сабе рады і таму лёгка змяняюць меркаванні, ідэі.
    Свабода – перад абавязкам. Як толькі на гарызонце з’яўляюцца выклікі, гавораць, што з гэтага моманту ідуць іншай дарогай. Навошта пералазіць праз сцяну, калі яе можна абысці або пайсці туды, дзе сцяны няма?
    Ці вераць у Бога? Бог ім, як правіла, не перашкаджае. Кажуць: хай Ён будзе! І далей жывуць па-свойму. Не цікавяцца мінулым, дасягненнямі бацькоў і продкаў. А тое, што прапануецца, прымаюць з абыякавасцю. Яны заўсёды маюць рацыю, для іх іншы не аўтарытэт.
   
    – Але ж не ўся моладзь такая?
    – Вядома, не кожнага маладога чалавека можна ахарактарызаваць падобным чынам. Аднак гэтыя тэндэнцыі выразна праяўляюцца сярод моладзі. І той, хто сёння займаецца выхаваннем, павінен іх улічваць. Галоўная задача – паказаць моладзі правільную і бяспечную дарогу ў жыцці.
    Сучасны свет шмат прапануе для развіцця маладога чалавека: найноўшыя тэхналогіі, матэрыяльныя стымулы… Асобнае месца займаюць спецыяльныя правы: правы дзіцяці, правы вучня, правы студэнта. І ўсё гэта вядзе да бясстрэсавага навучання і антыпедагогікі: адукацыйныя ўстановы не прызначаны для выхавання, а толькі для атрымання ведаў. З такім падыходам маем шэраг праблем! Выхоўваем ліберальна настроеных індывідуалістаў. А за імі ідуць наступныя. “Я маю рацыю! Ну, дакажыце мне, што ўсё паіншаму! Чаму не? Я так гэта адчуваю”. Выхоўваць – значыць прынізіць самога сябе, апусціцца да патрэб маладых людзей: так, як заахвочвае на старонках Евангелля Хрыстос. І гэта сапраўды цяжка.
    Праца з моладдзю была і застаецца самым прыгожым досведам у маім жыцці. Кожны, хто прабывае з маладзёнамі і прысвячае ім сваё жыццё, можа быць настроены толькі аптымістычна. Таму я веру ў моладзь, давяраю ёй і спадзяюся на яе.
   
    – Ці ёсць у салезіян свой сакрэт, як “дастукацца” да моладзі?
    – Канешне, і яго нам пакінуў у спадчыну св. Ян Боско – айцец і настаўнік моладзі. “Няхай маладыя не толькі будуць любімымі, – гаварыў ён, – але няхай ведаюць, няхай адчуваюць, што іх любяць! Хто ведае, што любімы, той любіць сам; а той, каго моцна любяць, дасягне ўсяго”. Сапраўды прыгожыя і мудрыя словы чалавека, які зразумеў таямніцу выхавання. Кс. Боско падказвае, што выхаванне – гэтую святую справу – трэба будаваць на розуме, рэлігіі і любові. Будаваць на розуме – значыць прыкласці ўсе намаганні, каб як мага лепш пазнаць моладзь, іх рэальнасць, здольнасці і абмежаванні, іх інтарэсы. Гэта таксама момант правіл і прынцыпаў, на якім ствараецца фундамент для адносін. Трэба іх уводзіць і тлумачыць, дапамагаць у іх рэалізацыі. Рэлігія дапамагае шчыра любіць, прабачаць, шукаць новыя дарогі да сэрца маладзёна, ахвяраваць на карысць яго дабра ўсе свае намаганні і здароўе. Рэлігія – гарант сапраўднасці любові да маладых.
    Дасягненне высокіх ідэалаў, вядома, – задача нялёгкая. Менавіта таму неабходна агарнуць моладзь сваёй любоўю. Праз уздзеянне розуму яна становіцца патрабавальнай і выхаваўчай, праз рэлігію – міласэрнай і бескарыслівай. А што ўчыніць, каб малады чалавек ведаў, што яго любяць, і адказаў на любоў любоўю? Адказ кс. Боско – “трэба з ім быць!”.
   
    – Чаму прынцыпы працы з моладдзю кс. Боско не губляюць сваёй актуальнасці ў ХХІ стагоддзі? Сучаснікі надалей імі карыстаюцца і, можна сказаць, адкрываюць нанова.
    – Узгадаю выказванне кс. Боско, што выхаванне – гэта справа сэрца, і таму яно патрабуе ахвярнасці. Працэс выхавання не можа праводзіцца добра, калі няма сувязі з выхаванцамі. Вельмі важная пастаянная прысутнасць, удзел апекуна ва ўсіх справах выхаванцаў, пачынаючы ад навукі праз працу да гульняў і адпачынку. Але гэта не азначае надзор. Не! Заданне выхавацеля – арганізаваць час такім чынам, каб моладзь не нудзілася і не была пакінута сама сабе. Дзякуючы прабыванню сярод выхаванцаў можна заўважыць пэўную патрэбу і даць адпаведную параду ў канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Гэта пабуджае да наследавання выхавацеля, які ва ўсім стараецца даць добры прыклад.
    Прэвентыўная сістэма выхавання кс. Боско не падуладна часу, застаецца заўсёды актуальнай, таму што засноўваецца на Святым Пісанні, а таксама на спецыфічным падыходзе святога як выхавацеля да выхаванца. Папераджальны характар выхавання, няспынны дыялог і асабісты падыход да кожнага – аснова сучаснага выхавання.
   
    – Чым асабіста Вам блізкая салезіянская духоўнасць? Пры якіх абставінах яе пазналі і чаму вырашылі прысвяціць сваё служэнне менавіта ёй?
    – Маё пакліканне нарадзілася раней, чым я ўступіў у Кангрэгацыю св. Францішка Сальскага. Наш смаргонскі касцёл адкрыўся ў 1989 годзе, недзе вясною. Але ніякай папярэдняй інфармацыі аб гэтым не было, і як хлапчук я не ведаў, што такая падзея наогул адбылася. Аб тым, што наша святыня дзейнічае, даведаўся ў канцы лета, калі вярнуўся з вёскі ад бабулі. Матуля кажа: “Адкрыўся касцёл, пайшлі на вячэрнюю св. Імшу!”. І мы пайшлі.
   Падчас святкавання Дня еднасці ў салезіянскай сям’і, 2019 г. Цэлебрацыя вялася на польскай мове, якую я не ведаў. Адзінае, што тады зразумеў, – запрашэнне пробашча прыйсці да споведзі на пачатак новага навучальнага года. Памятаю, была серада – дзень, які ў нашай парафіі ахвяравалі Маці Божай Вастрабрамскай. Паспавядаўшыся, я падышоў пацалаваць стулу. Раптам пробашч пытае ў мяне: “Ці не хацеў бы ты быць міністрантам?”. І, не дачакаўшыся адказу, гаворыць: “Ідзі ў закрыстыю. Там адзін хлопец ёсць – разам будзеце несці абраз Маці Божай Вастрабрамскай”. Адчыняю дзверы і бачу свайго сябра, аднакласніка – сёння кс. Уладзіміра Кабака, таксама салезіяніна. Так мы з ім сталі першымі міністрантамі.
    Памятаю свята Божага Нараджэння, калі спяваў на Пастэрцы псалом. Як убачыў вялікае мноства народу, што ўдзельнічаў у Эўхарыстыі, доўга не мог распачаць спеў. І менавіта ў той момант у мяне з’явілася пачуццё, ды такое моцнае: “Я заўсёды хачу тут стаяць!”. З той хвіліны – было мне тады 15 гадоў – пачаў сур’ёзна задумвацца, каб стаць святаром. Уважліва назіраў за працай свайго пробашча і захапляўся: колькі сіл ён аддаваў моладзі! Менавіта гледзячы на яго адчуў перакананне: гэта тая сям’я, у якой я павінен служыць.
    Праз год паехаў у Польшчу, каб авалодаць мовай. Пасля быў прыняты ў навіцыят да ксяндзоў салезіян. Пакліканне яшчэ больш узмацнілася! Да таго ж, наш пробашч кожны дзень маліўся ў гэтай інтэнцыі. І нават калі мы сталі ўжо навіцыямі, пазней клерыкамі, таксама успамінаў нашы імёны, молячыся аб умацаванні на абраным шляху. Таму, акрамя Пана Бога, які адорвае чалавека пакліканнем, акрамя Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціян, галоўнай заступніцы салезіянскай кангрэгацыі, св. Яна Боско, заснавальніка, майму жыццёваму выбару моцна спрыяў пробашч кс. Генрых Куляшэвіч. Гэта той чалавек, дзякуючы якому я адчуў і распазнаў сваё пакліканне ў сям’і кс. Боско.
   
    – Як члены салезіянскай супольнасці ўшаноўваюць памяць свайго заснавальніка кс. Яна Боско?
    – Да ўрачыстасці заснавальніка рыхтуемся праз навэнну, якая на працягу 9-ці дзён праводзіцца ў нашых супольнасцях, парафіях і араторыях. Адметнай часткай урачыстасці з’яўляецца Эўхарыстыя, на завяршэнне якой ушаноўваюцца рэліквіі кс. Боско, а затым у араторыі ладзіцца сямейнае свята, г. зв. Акадэмія для ўсіх. Гэта спевы, танцы, гульні, тэатральныя пастаноўкі і, канешне, салодкі пачастунак. Бо, як гаварыў кс. Боско, “рабіце ўсё, толькі не грашыце”.
    Няхай жа св. Ян Боско падтрымлівае і бласлаўляе ўсіх нас у выхаваўчадушпастырскай працы! Няхай Ён выпрошвае патрэбныя Божыя ласкі і мудрасць, каб лепш зразумець і ўкараніць прэвентыўную сістэму выхавання ў нашай краіне. Няхай кожны малады чалавек у каталіцкім асяроддзі будзе адчуваць сябе як дома, як у сваёй сям’і, што накіроўваецца да Неба. Просім Маці Божую, каб дапамагла нам у гэтым.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.