ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Пакаленне смартфонаў: ці існуе спосаб, каб абараніць дзяцей ад небяспекі інтэрнэту?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда, псіхолагСёння немагчыма пазбегнуць кантакту з гаджэтамі. З апошніх даследаванняў вынікае, што самастойна карыстацца смартфонам здольны 45% дзяцей ва ўзросце 2–4 гадоў і ажно 92% ва ўзросце 7–10 гадоў. Некаторыя бацькі лічаць, што гаджэты могуць служыць як “выхаваўчая” прылада. Калі малое капрызіць, яму ў рукі даюць тэлефон, каб супакоілася, калі не хоча есці, уключаюць відэаролік ці гульню як стымул. Часта так робяць, калі проста хочуць адпачыць – і дзіця адчэпіцца. На жаль, не ўсе разумеюць, што гэта пачатак сур’ёзнай праблемы.
Віртуальны свет аддаляе дзіця ад рэчаіснасці, якая становіцца для яго няважнай. Могуць узнікнуць цяжкасці з маўленнем, наладжваннем адносін з равеснікамі, сацыяльнай адаптацыяй... Гэта вельмі важная тэма, асабліва для бацькоў. Трэба адразу звярнуць увагу на тое, што пад уладу гаджэтаў дзіця трапляе ў тую ж хвіліну, калі бярэ ў рукі планшэт ці смартфон. Паважаныя бацькі, каб не дапусціць залежнасці свайго дзіцяці ад інтэрнэту, Вам неабходна ўсвядоміць асноўныя правілы:
1. Размаўляйце з дзіцём, у тым ліку аб тым, што робіць у інтэрнэце. Вельмі важна пераканаць яго, каб расказвала пра кожнае непакоячае здарэнне ці асобу, сустрэтую ў сеціве.
    2. Арганізуйце дзіцяці час. Калі план дня добра складзены і напоўнены разнастайнымі заняткамі, у яго застаецца менш часу на інтэрнэт. Важна, каб з гэтых заняткаў дзіця атрымлівала шмат задавальнення і радасці (напрыклад, калі любіць футбол, варта ўзяць яго на матч ці разам паганяць мяч у двары).
    3. Паклапаціцеся аб бяспецы інтэрнэту. Варта ўстанавіць дзённы ліміт часу карыстання гаджэтамі, бацькоўскія фільтры і кантроль доступу (напрыклад, мультфільм для двухгодка не можа трываць даўжэй за 10 хвілін, для трохгодка – даўжэй за 15-20 хвілін, а старэйшыя дзеці не павінны праводзіць перад тэлевізарам ці камп’ютарам больш, чым гадзіну ў дзень).
    4. Будзьце прыкладам. Не трэба спадзявацца, што дзеці зоймуцца іншымі справамі, калі Вы самі пастаянна анлайн. Тэлефон – гэта першае, што мы трымаем у руках пасля абуджэння, і апошняе – перад сном?
    5. Як мага пазней забяспечце дзіця смартфонам. Тое, што ўсе сябры ўжо маюць іх, не з’яўляецца годным аргументам.
    Нельга адмаўляць, што гаджэты часта вельмі карысныя і могуць аблегчыць жыццё. Аднак важна памятаць: бескантрольны, неабмежаваны доступ да інтэрнэту вельмі дрэнна ўплывае на псіхалагічнае здароўе і эмацыянальнае развіццё маладога чалавека.
   
    Няхай духоўнай абаронай ад небяспекі, якую тоіць у сабе інтэрнэт, паслужыць наступная малітва:
    Усемагутны і вечны Божа, які стварыў нас па сваім падабенстве і наказаў шукаць найперш тое, што добрае, сапраўднае і прыгожае, асабліва ў Боскай асобе Твайго Адзінароднага Сына, нашага Пана Езуса Хрыста, дапамажы нам, молім Цябе, праз заступніцтва св. Ізідара, біскупа і доктара, каб падчас сваіх вандровак у інтэрнэце скіроўвалі свае рукі і вочы на тое, што падабаецца Табе, і з любоўю ды цярплівасцю ўспрымалі ўсіх, каго сустрэнем, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
   
    Св. Ізідар, маліся за нас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.