ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Бог мяне любіць!

З жыцця Касцёла

Мы стаім на парозе свят Божага Нараджэння. Гэтая ўзнёслая ўрачыстасць прыгадвае пра бязмежную любоў Стварыцеля да людзей. Для нашага збаўлення Ён паслаў на зямлю свайго Адзінароднага Сына, дазволіў Яму нарадзіцца ва ўбогай стайні, а пасля прыняць смерць на крыжы. Ці ўсведамляем гэтую Ісціну? Ці ўсведамляем, што Бог любіць нас, нягледзячы на недасканаласць і падзенні? Чым для нас з’яўляецца Яго любоў? Ці здольны заўважыць яе ў штодзённым жыцці?
Кл. Віталій:
    У маім разуменні любоў Бога з’яўляецца абсалютнай любоўю. Яна не падобная на любоў чалавека, на любоў гэтага свету. Любоў Пана вечная і дасканалая, як агонь, які ніколі не пагасне. Крыніца бязмежнай любові знаходзіцца ў самім Богу, з’яўляецца Яго сутнасцю. Ніхто не здольны спыніць яе ці перамагчы. Гэта яна перамагае ўсё: пыху, падман, здраду, грэх... Адчуваю Божую любоў штодзённа. Прачынаюся раніцай і разумею, што Пан дае мне гэты дзень для таго, каб вучыўся любіць Яго яшчэ мацней. Любоў Пана дапамагае пераадольваць усякія нягоды, духоўныя праблемы, фізічныя цярпенні. Дзякуючы ёй гляджу на любое выпрабаванне трохі інакш: Езус паміраў на крыжы з любоўю, таму я таксама стараюся ўсё прымаць з любоўю.

    Марыя, 25 гадоў:
    Атаясамліваю любоў Пана Бога з усім сваім жыццём. Гэта дзякуючы ёй я існую на гэтым свеце. Ніхто не здольны любіць мяне (нават я сама) такой прыгожай любоўю, як Пан. Дзякуючы бязмежнай любові Бога, штодзённа прачынаюся, маю сям’ю, сяброў, працу, вучобу – усё… Нядаўна пачала ўспрымаць як знак Божай любові таксама жыццёвыя выпрабаванні і “нявыслуханыя” просьбы. Бо часам бацькі павінны адмаўляць свайму дзіцяці ў нечым дзеля яго ж дабра, а ўрачэбныя маніпуляцыі неаднойчы прычыняюць пацыенту боль, каб пазней прынесці палёгку…
   
    Пшэмыслаў, 24 гады:
    Для мяне любоў Бога асабліва выразная падчас св. Імшы. Калі знаходжуся ў касцёле, адчуваю супакой, унутраную цішыню. Бог дае такі вымушаны перапынак – часам вельмі мне неабходны. Нават пасля момантаў рассеянасці падчас Эўхарыстыі я часта заўважаў, што менавіта там усё ў маім жыцці неяк упарадкоўваецца і становіцца на свае месцы.
   
    Марыя, 23 гады:
    Божая любоў з’яўляецца выключным дарам у жыцці кожнага хрысціяніна. Аднак чалавек часам можа адчуць яе толькі ў цяжкія хвіліны. І я не выключэнне. Калі маё жыццё напоўнілі боль і роспач, перабольшаныя з-за ўзросту, таму што выпалі на перыяд сталення, Пан дазволіў, каб спазнала, як моцна мяне любіць. Сёння, перажыўшы той складаны досвед, заўважаю любоў Стварыцеля штодзённа: у клапатлівым поглядзе каханага чалавека, ва ўданай страве, якую прыгатавала, у спазняючымся аўтобусе, на які б інакш не паспела і не дабралася б на працу своечасова… Любоў Бога паўсюды. Важна толькі, ці хочам яе заўважыць…
   
    Андрэй, 15 гадоў:
    Любоў Бога з’яўляецца для мяне чымсьці асаблівым. Яна не мае межаў. Нябесны Айцец аддаў у ахвяру свайго Адзінароднага Сына з любові да чалавека. Я асабіста неаднаразова адчуваў яе на сабе. Часам сутыкаўся з праблемамі, з якімі самастойна, хутчэй за ўсё, не справіўся б. Пан накіроўваў мяне ў пошуках правільнага рашэння, ставіў на шляху людзей, якія дапамагалі, – і ўсё атрымлівалася! Я ўспрымаю Бога не як нейкага далёкага сваяка. Ён мой Айцец і Сябар, таму давяраю Яму ўсё. Веру, што, нягледзячы на розныя жыццёвыя цяжкасці, Пан ніколі мяне не пакіне.
   
    Ангеліна, 13 гадоў:
    Перш чым я прыступіла да Першай св. Камуніі, часта лічыла за лепшае ў нядзелю пагуляць на вуліцы з сябрамі, паглядзець фільм, утаропіцца ў тэлефон, чым паўдзельнічаць у Эўхарыстыі… Аднак пасля таго, як прыняла Езуса ў сваё сэрца, штосьці змянілася. Цяпер стараюся быць на св. Імшы штодзённа. Люблю атмасферу святыні, там лягчэй маліцца. Думаю, што гэтая перамена, якая адбылася ўва мне, тое, што нарадзілася жаданне быць з Хрыстом, з’яўляецца менавіта праяўленнем любові Бога да мяне. Пан прыцягвае да сябе, бо прагне майго збаўлення.
   
    Яраслаў, 5 гадоў:
    Бог нас любіць, бо даў прыбіць сябе да крыжа. А д’ябал – не. Д’ябал нас не любіць.
   
    Барбара, 79 гадоў:
    Божая любоў цудоўным чынам спадарожнічае мне з самага пачатку. Мама зацяжарыла ў часы вайны, таму вырашыла зрабіць аборт. Была ўжо ва ўрача, калі тата ўбег у кабінет. Схапіў яе за руку і сцягнуў з крэсла. Калі б бацька не паспеў, мяне магло б не быць. Дзякуючы Божай ласцы я з’явілася на свет. Нарадзіла і выхавала сыноў сумленнымі людзьмі, добрымі бацькамі і мужамі. Двойчы пераадолела рак, спазнала некалькі іншых аздараўленняў… Гледзячы на свет, не перастаю захапляцца яго прыгажосцю і Божай мудрасцю. Як цудоўна Ён усё стварыў! Кожны вечар дзякую Пану не толькі за пражыты дзень, але за ўсе дні, якія атрымала ад Яго.
   
    Марыя, 17 гадоў:
    Бог заўсёды з намі, нягледзячы на не раз дрэнныя ўчынкі і недасканалыя выбары. Ён любіць нас такімі, якія мы ёсць. Ці заўважаем гэтую любоў? Ці цэнім яе? Кожны чалавек адчувае любоў Госпада па-іншаму. Асабіста для мяне яна праяўляецца найперш у маіх любячых бацьках, верных і цярпімых сябрах, добрых настаўніках. Бог заўсёды побач, нават калі адчуваю сябе самотнай. Яго любоў сагравае душу ў самыя складаныя хвіліны жыцця. Аднак і мы павінны выходзіць Яму насустрач. Любоў прагне ўзаемнасці!
   
    С. Антаніна SSND:
    Божая любоў – гэта штосьці таямнічае, штосьці па-за межамі майго разумення і адначасова вельмі блізкае і знаёмае. Раней здавалася, што калі я люблю Бога, то і Ён мяне любіць. Цяпер разумею, што Пан любіў і любіць мяне заўсёды, абсалютна, нават калі забываюся пра Яго. Яго любоў не падобная на нашу, чалавечую, і не вымяраецца колькасцю добрых учынкаў. Адчуваю яе кожную хвіліну, калі разумею, што кожны дзень, атрыманы ад Пана, непаўторны. Калі ёсць радасць – гэта Бог, калі слёзы – гэта таксама Бог, але нашмат бліжэй. Усвядоміла адно: Яго планы найлепшыя, хоць не заўсёды мне падабаюцца. Мой Бог ніколі не спяшаецца, але заўсёды прыходзіць своечасова. Сёння, калі штосьці здараецца ў маім жыцці, не пытаюся: “Чаму?”, – а кажу сабе толькі: “Значыць, для нечага гэта патрэбна”. Давяраючы Езусу ўсё, атрымліваю Яго самога ў Эўхарыстыі, спазнаю Яго любоў, якою шчодра мяне адорвае.
   
    Аніта, 18 гадоў:
    Чым для мяне з’яўляецца Божая любоў? Хіба, кіслародам… Сэнсам жыцця, крыніцай радасці, прычынай, каб прачынацца раніцай. Аднак не ўдасца перадаць усё яе значэнне словамі. Божая любоў як паветра: калі яго не стае, пачынаеш задыхацца і можаш нават памерці. Паветра, хоць нябачнае вачам, ёсць паўсюль. Так і з Божай любоўю – сустракаю яе на кожным кроку: у прыгожым усходзе сонца, асвяжальным ветрыку, лагодным цяпле сонечных прамянёў, квітнеючым язміне, водары пасля цёплага дожджыку, усмешцы дзіцяці, падтрымцы сябра. У непахісным спакоі ўнутры, нягледзячы на тое, што мелася “выбухнуць”. У працягнутай руцэ камусьці, хто гэтага патрабуе. У шчодрай прысутнасці. Ведаю, што ёсць асобы, праз якіх Бог мяне любіць. А калі пачынаю дзяліцца гэтай любоўю, атрымліваю яе ў сто разоў больш. Бог ёсць Любоў, і, хочам мы гэтага ці не, без яе ўсё губляе сэнс.
   
    Дк. Яўген:
    Божая любоў – гэта самая неспасціжная Таямніца, і разам з тым няма нічога больш відавочнага за яе, бо праяўляецца няспынна. Аднак заўважыць Божую любоў можа толькі той, хто мае чыстае сэрца, той, хто нястомна шукае Праўду. Божая любоў – гэта Праўда. Праўда, якая нас вызваляе. Праўда, без якой немагчыма ўявіць адносіны паміж тымі, хто любіць адзін аднаго. Праўда, якую чалавек не ў стане стварыць альбо прыдумаць, а толькі адкрыць і прыняць – без каментарыяў, у маўчанні. Божая любоў – гэта Маўчанне. Той, хто любіць, не патрабуе слоў. Яму дастаткова прысутнасці любячай асобы. Божая любоў – гэта Прысутнасць. Асабліва ў тыя хвіліны, калі здаецца, што ўсе цябе пакінулі, што нават блізкія сталі далёкімі. Божая любоў – гэта Блізкасць. Не толькі ў цяжкія моманты, але і тады, калі бязмерна шчаслівы, таму што далёка не кожны здольны зразумець і раздзяліць тваё шчасце. Любоў не канцэнтруецца на пачуццях, хоць і не выключае іх. Любоў не абстрактная, яна выражаецца ў канкрэтных дзеяннях. Бясспрэчным доказам таго з’яўляецца прыход Езуса Хрыста ў гэты свет, каб, ахвяраваўшы сябе, збавіць кожнага чалавека. Божая любоў – гэта Нараджэнне, якое наступае заўжды, калі дазваляем Богу дзейнічаць у нашым жыцці…
   
    А. Казімір OMI:
    Вобраз Бога фарміруецца яшчэ ў дзяцінстве, на падставе адносін да свайго таты… Калі быў малы, цяжкія драбіны зваліліся на мяне і прыціснулі. Тата, які стаяў побач, рэзкім рухам адкінуў іх, каб выратаваць мяне. Дзякуючы яго пільнасці і прадбачлівасці драбіны мяне не прыдушылі. Са мной нічога не сталася, і менавіта тады я ўбачыў, што бацька здольны зрабіць для свайго дзіцяці. Наколькі ж моцна любіць мяне і вечна збаўляе Айцец у Небе! Захапляюся Яго любоўю і ў той жа час не магу да канца ўсвядоміць яе веліч.
   
    Алена, 41 год:
    Бог паказвае нам, што ўсё мае сэнс: не адбываецца проста так, без прычыны. Праз складаныя сітуацыі Ён хоча нас чамусьці навучыць. Дзякуючы ласцы Найвышэйшага, я магу жыць такім жыццём, якога заслугоўваю, хоць часам недаацэньваю тое, што маю. Лічу, што каб адчуць Божую любоў, трэба спярша адкрыцца на яе. Важна таксама давяраць Хрысту. Таму кожны свой дзень я распачынаю словамі “Езу, давяраю Табе!”.
   
    Тэрэза, 55 гадоў:
    Чым бліжэй твой апошні дзень, тым больш яскрава разумееш, як мала любіў Бога, бо мала маліўся ў маладосці, бо на першым месцы ставіў хатнія, сямейныя справы, праблемы, на якія трацілася ўся энергія, сілы, час… А на малітву заставалася зусім мала... Аднак Бог усё даруе. У самыя цяжкія хвіліны жыцця Ён не пакінуў мяне адну, выслухаў малітвы, бо менавіта тады яны былі найбольш шчырыя. Таму сёння я штодзённа дзякую Богу за ласкі і цярплівасць, прашу аб прабачэнні і аб тым, каб ніколі не пакінуў мяне, грэшную.
   
    Святлана, 31 год:
    Упэўнена, што Божая любоў спадарожнічае мне на працягу ўсяго жыцця. Пан як любячы Айцец прапануе быць сапраўды шчаслівай. Штодзённа бачу, як Ён абсыпае мяне самымі разнастайнымі дарамі, бласлаўляе, аберагае, прыходзіць на асабістую сустрэчу падчас малітвы і Эўхарыстыі, а часам нават здзяйсняе цуды… Праз сваё Слова вучыць, натхняе, умацоўвае надзею і перасцерагае. Безумоўна, з любові ўзмацняе мяне ў час цяжкасцей і выпрабаванняў. Парою нялёгка зразумець, а яшчэ складаней з пакорай прыняць такую любоў, аднак гэта абавязкова, каб убачыць плён даверу Нябеснаму Айцу ўсюды. Усё мае сэнс! Аднак найбольш выразна адчуваю Божую любоў – сваім сэрцам і душой – калі падчас споведзі чую прамоўленыя святаром словы аб тым, што Пан прабачае мне грахі… У гэтыя хвіліны з’яднання з Хрыстом Бог проста бярэ мяне ў абдымкі сваёй міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.