ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Малітва Божым словам

З Богам праз штодзённасць

У разважаннях пра формы малітвы немагчыма абмінуць увагай малітоўнае чытанне Святога Пісання.
    Як сказана на пачатку Бібліі, Бог праз Слова стварае ўсё. Тое ж паўтарае евангеліст Ян, называючы Словам Божага Сына.
    Слова, змешчанае ў Старым і Новым Запавеце, становіцца дасягальным для нас. Папа Бенедыкт XVI у адгартацыі “Verbum Domini” адзначае: “Божае слова знаходзіцца ў аснове кожнай сапраўднай хрысціянскай духоўнасці”. Гэтае сцверджанне запрашае нас паглядзець на ўласнае стаўленне да малітвы Божым словам. Ці маё духоўнае жыццё стаіць на трывалым падмурку? А можа, біблійныя разважанні здаюцца неабавязковым упрыгожаннем, “раскошай”, даступнай толькі некаторым людзям?
    Як сцвярджаў св. Амброзій, “калі чалавек з вераю бярэ ў рукі Святое Пісанне і чытае яго, зноў ходзіць з Богам у раі”. Для гэтага дастаткова толькі адкрыць Біблію? Знешне – так, але за ўдакладненнем: “з вераю” стаіць шматвяковая традыцыя Касцёла. Сама падрыхтоўка і працэс малітоўнага чытання будзе адрознівацца ад звычайнага, калі чалавек мае намер даведацца аб падзеях і постацях Святога Пісання.
Сярод розных метадаў чытання Божага слова ў духу веры найбольш вядомы – lectio divina. Каб коратка нагадаць асноўныя этапы гэтай малітвы, скарыстаемся вышэйзгаданай адгартацыяй папы Бенедыкта XVI. “Распачынаецца яна [lectio divina] чытаннем (lectio) тэксту, якое абуджае жаданне праўдзівага пазнання яго зместу: што гаворыць біблійны тэкст сам па сабе? Без гэтага этапу існуе небяспека, што тэкст стане толькі прычынай, каб ніколі не выйсці па-за ўласныя думкі. Затым наступае разважанне (meditatio), у якім ставім сабе пытанне: што гаворыць нам біблійны тэкст? Тут кожны асабіста і таксама супольнасць павінна адкрыцца на яго і супаставіць сябе з ім, паколькі маецца на ўвазе разважанне над словамі, сказанымі не ў мінулым, але ў дадзеную хвіліну. Затым падыходзім да этапа малітвы (oratio), якая прадбачыць пытанне: што мы гаворым Пану ў адказ на Яго словы? Малітва ў якасці просьбы, заступніцтва, падзякі і праслаўлення – гэта першы спосаб, праз які Слова нас змяняе. Урэшце lectio divina заканчваецца кантэмпляцыяй (contemplatio), падчас якой прымаем як дар Бога Яго погляд пры ацэнцы рэчаіснасці і пытаемся: якой змены мыслення, сэрца і жыцця патрабуе ад нас Пан? […] Божае слова становіцца тут крытэрыем распазнання, яно «жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12). Варта таксама нагадаць, што lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).
    Тут варта нагадаць і аб адкрытасці сэрца на дзеянне Святога Духа. Гэтая малітва асаблівым чынам патрабуе загадзя вызначанага часу і ўнутранай шчодрасці, каб адпаведна падрыхтавацца. Супакоіць сэрца… Усвядоміць, што Бог мяне чакае… Абудзіць інтэнцыю, “жаданне сапраўднага пазнання”… Прачытаць Слова павольна і не адзін раз… Пабыць з ім у цішыні, паразважаць, задацца пытаннямі…
    Усе элементы lectio divina невыпадковыя і каштоўныя. Як піша папа Бенедыкт XVI, у разважанні мы “павінны адкрыцца” на тэкст і “супаставіць сябе з ім, паколькі маецца на ўвазе разважанне над словамі, сказанымі не ў мінулым, але ў дадзеную хвіліну”. Вось цяпер, калі я малюся, Божае слова і з’яўляецца “жывым і дзейсным”. Не 2-3 тысячы гадоў таму, а ў дадзеную хвіліну. Іншымі словамі, малітоўнае пазнанне Святога Пісання дазваляе актуалізаваць яго змест у сваім сёння, што ў сваю чаргу ўплывае на наша жыццё. Разважаючы над выбраным урыўкам, задаёмся пытаннем: а што са мной? Якія наступствы мае праўда, якую адкрывае Бог, канкрэтна для мяне? Як яна асвятляе мінулае і дапамагае лепш зразумець яго? Што гаворыць пра будучыню?
    Не заставацца назіральнікам за падзеямі, не праглядаць фільм, не ўспамінаць гістарычныя звесткі, не чытаць, як раман з захапляльным сюжэтам, бо гэтага мала – малітоўнае разважанне сягае невымерна далей. Мы запрошаны ўнесці ў біблійную сцэну сваё жыццё, пачуцці, сваю непаўторнасць, якой бы яна ні была. Можам дазволіць сабе стаць часткай евангельскай сцэны. “Біблійная гісторыя закранае таямніцу маёй асобы, а мая таямніца ўплывае на гісторыю” (а. Джон Вэлтры SJ). Можна сказаць, што тэкст “працягвае мне руку”. Так дасягае нас Майсей, абвяшчаючы запаведзі Дэкалога, часам звяртаючыся наўпрост на “ты”. Так прарок Ісая апавядае нам пра вінаграднік свайго Сябра, заклікаючы да навяртання. Так усцяж “новы” кароль Егіпта мудруе над планамі ўціску Божага народу, “Майго першынца”, як асцерагае яго Бог. І гэтым дзіцяткам, над якім чувае Пан, з’яўляецца кожны з нас. Тут і цяпер. Уваскрослы Хрыстос ідзе побач, хоць гарады і вёскі, у якія спяшаемся, ужо не называюцца Эмаус.
    Такое ўспрыманне і ўзаемадзеянне са Словам дае магчымасць перамяніць сваё жыццё, абуджае, прынамсі, жаданне стаць лепшым, дазваляе духоўна ўзрастаць і сустракацца з Богам у рэальным жыцці, а не ў сваіх ілюзіях.
    У рэчаіснасці падчас малітвы можа здарыцца і так, што нават нягледзячы на жаданне і высілак узнікае адчуванне, нібы нічога не адбываецца. Менавіта ў такія хвіліны можам выразна ўсвядоміць: малітва з’яўляецца Божым дарам. Нават у збянтэжанасці і смутку важна застацца ў дыялогу з Богам, прасіць Яго паказаць прычыну такога стану, з пакорай прымаючы ўсё, што Ён адкрывае, у тым ліку Яго маўчанне. Па сутнасці, Божы ўплыў на нашу душу адбываецца на недасяжнай для чалавечых пачуццяў глыбіні. Часам трэба толькі цярплівасць і дзіцячы давер да Яго няспыннай працы над намі і над светам. Божае слова, пачутае сёння, прадугледжвае дзейсны адказ – actio. Што значыць скрозь усё жыццё “станавіцца дарам для іншых у любові”? Паразважаем над гэтым пытаннем у наступны раз.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.