ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Указвае на Езуса

Слова рэдактара

 Марыйны месяц май мае непаўторны клімат. Зямля нібы апранае мантыю для Маці Божай: дрэвы абсыпаны кветкамі, птушкі закладваюць гнёзды, свежасць і адценне зеляніны паказваюць хараство жыцця, свету, створанага Усемагутным. У той жа час ва ўсіх нашых касцёлах і капліцах, а таксама ля прыдарожных крыжоў і ў прыватных дамах гучаць узнёслыя звароты Ларэтанскай літаніі. Гэта адна з найпрыгажэйшых марыйных малітваў, скіраваная да Бога, адзінага ў Святой Тройцы.  
Першыя і апошнія заклікі літаніі адносяцца непасрэдна да Стварыцеля, астатнія – да Маці Божай, указваючы на розныя аспекты Яе жыцця. Малітва выражае духоўную прыгажосць Марыі, што з’яўляецца плёнам збаўчага дзеяння Пана ў Яе жыцці. Таму Ларэтанская літанія – найперш малітва праслаўлення Усемагутнага, які дзейнічае з моцай і перамяняе стварэнне. У гэтай малітве мы пералічваем разнастайныя характарыстыкі, каб найбольш поўна выразіць таямніцу Марыі і хвалу Бога, які вялікія рэчы Ёй учыніў, а таксама хочам прасіць аб Яе заступніцтве.
    Найсвяцейшая Панна Марыя займае выключнае месца ў жыцці вернікаў. Як Маці ўсіх людзей Яна клапоціцца пра дзяцей Касцёла ў кожную эпоху і ніколі іх не пакідае. Бачыць людскія патрэбы і ведае, як з імі справіцца. Як заўважыў св. Ян Павел ІІ, “Марыя атрымала права заступацца за нас перад сваім Сынам”.
    Выпадак у Кане Галілейскай выразна паказаў на ролю Маці Божай у жыцці чалавецтва.
    Багародзіца заўважае ўсе духоўныя недахопы чалавека, якія сімвалізуе нястача вясельнага віна, аднак сама не вырашае звязаныя з гэтым праблемы. Усведамляючы, што дапамагчы можа толькі Пан, звяртаецца да Хрыста. Заўсёды ўказвае на Сына, паколькі ведае, што Езус мае выключную моц, каб перамяняць: смутак у радасць, страх у давер, а няўпэўненасць у непахісную надзею. Менавіта ў гэтым заключаецца Яе дапамога: весці чалавека да Бога.
    Задача вернікаў – не толькі ў час “майскіх лугоў”, але і на працягу ўсяго жыцця “прыносіць ваду”, выконваць свае штодзённыя заданні ў гонар Усемагутнага. Мы напаўняем збаны вадой, калі распачынаем і заканчваем дзень малітвай, рэгулярна ўдзельнічаем у Эўхарыстыі, сумленна працуем ці вучымся, адважна вызнаём сваю веру, дапамагаем бліжнім, не дапускаем амаральнасці, аказваем любоў, імкнёмся да пакоры і прастаты. Езус жа мае моц усё гэта перамяніць, каб звычайная штодзённасць стала для нас “вяселлем”.
   
   Дарагія Чытачы!
   Па прыкладзе Марыі будзьма адкрытымі на Божае слова. Будзьма людзьмі малітвы, перш за ўсё, малітвы праслаўлення Пана. Прысвячайма Стварыцелю наша жыццё, асабліва тое, што баліць, што непакоіць, што многага нам каштуе. Стараймася выконваць волю Пана так, як гэта рабіла Яна.
    У гэты асаблівы месяц схопім Марыю за руку і папросім, каб дапамагла нам вытрываць усе жыццёвыя буры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.