ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вечнасць

Слова рэдактара

 Кожны дзень шмат людзей прачынаюцца, не здагадваючыся, што настала апошняя раніца ў іх жыцці. Смерць не аднойчы прыходзіць раптоўна, у самы нечаканы момант, магчыма, пры самых неадпаведных умовах, здавалася б, занадта рана...
   Хтосьці вядзе аўтамабіль, каб вырашыць тэрміновыя справы, і трапляе ў аварыю... Хтосьці захутка едзе на матацыкле і не спраўляецца з кіраваннем на павароце... Хтосьці стаіць на пероне занадта блізка да рэльсаў і аказваецца ўцягнуты пад цягнік... Хтосьці ідзе паплаваць і трапляе ў вадаварот... Хтосьці выходзіць прагуляцца... Хтосьці пераходзіць вуліцу... Хтосьці...
Можна бясконца так пералічваць. Кожную хвіліну нехта пераступае парог смерці. Мы не ў стане нават уявіць усяго мноства памерлых. Чытаем пра людзей, якія адышлі, у прэсе ці інтэрнэце, чуем пра іх у навінах ці ад знаёмых у школе, у навучальнай установе, на працы.
    Часам нават цяжка паверыць, што так выглядае пераход на другі бок жыцця, што гэта адбываецца не ў старасці, не ў бальніцы, не дома, а менавіта такім чынам: без падрыхтоўкі, нібы на хаду, у дарозе...
    Невядома, ці паспелі гэтыя людзі хаця б думку ўзнесці да Бога, ці хапіла ім часу на раскаянне і жаль за грахі... Менавіта па гэтай прычыне іх душы патрабуюць асаблівага малітоўнага клопату ад нас, жывых. Напэўна, не прыйдуць самі прасіць дапамогі. Гэта мы павінны прыслухацца да іх нямой просьбы аб міласэрнасці. Такой жа нямой, як самі акалічнасці іх адыходу.
    Не трэба сумнявацца, што памерлым неабходна наша нястомная малітва! Варта знайсці час, каб сагнуць калені і ў пакоры падчас вячэрняй малітвы прасіць Бога Айца: “Акажы ім, Пане, сваю міласэрнасць і дай ім сваё збаўленне. Не зважай на грахі іхнія, Пане, але на муку, смерць і ўваскрасенне Твайго адзінага Сына. Глянь на веру ўсяго Касцёла, на заслугі Тваіх святых у Небе. Дай ім вечны адпачынак. Няхай святло вечнае ім заяснее, і няхай у яго бляску ўбачаць Тваё найсвяцейшае Аблічча”.
    Лістапад – добры час, каб у сваёй малітоўнай памяці ўзгадаць усіх спачыўшых блізкіх: тых, каго мы любілі бязмежна, і тых, каго, магчыма, усё ж замала. Гэта асаблівая нагода, каб зноў паразважаць над сваім жыццём, падумаць аб сваім адыходзе, паколькі не ведаем ні дня, ні гадзіны (параўн.: Мц 25, 13). Ён можа быць зусім нечаканым і абсалютна незапланаваным. Трэба таксама ўсвядоміць, што праз вароты смерці мы пяройдзем з усёй гісторыяй пражытых на зямлі хвілін, з багажом вопыту, з наступствамі адносін з Богам і людзьмі. На тым баку ў нас ужо не будзе магчымасці ўзрастаць у любові да Усемагутнага і бліжніх. Вечнасць – гэта жніво, збіранне плёну зямнога жыцця. Таму варта задумацца, з чым бы мы сталі перад Панам, калі б Ён сёння, цяпер паклікаў нас да сябе.
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце з даверлівай любоўю наблізімся да Найсвяцейшага Божага Сэрца праз сакрамант паяднання і злучэнне з Ім у св. Камуніі. Папросім, каб міласэрны Айцец прыняў нашу любоў; каб памятаў пра Кроў Сына, пралітую за кожнага чалавека без выключэння; каб у ёй абмыў сэрцы церпячых у чыстцы і правёў іх праз брамы Неба.
    Не забываем: час уцякае, вечнасць чакае!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.