ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 13 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Сэрца для Урала і Сібіры

З жыцця Касцёла

Ксяндзы палатыны з Гродзеншчыны спадзяюцца, што Евангелле, якое яны будуць прапаведаваць на расійскай зямлі, прынясе шчодры плёнДва месяцы таму кс. Ян Высоцкі SAC і кс. Сяргей Більдзіс SAC, якія належаць да Таварыства Каталіцкага Апостальства, распачалі сваё душпастырскае служэнне ў Чалябінску. Святары з воранаўскай парафіі сталі першымі ксяндзамі палатынамі, якія прыехалі на пастаянную працу ў азіяцкую частку Расіі. Місіянеры з невычэрпнай энергіяй, талентам валодання словам і шчырым жаданнем абвяшчаць Нябеснае Валадарства там, куды іх скіраваў Бог, укараняюць у жыццё мясцовых людзей хрысціянскія каштоўнасці, дапамагаюць пазнаваць Хрыста і любіць Яго ўсёй душой.
У чаканні місій
    Да паездкі ў Расію святары служылі ў Беларусі: кс. Ян – у Воранаве ў Гродзенскай дыяцэзіі, а кс. Сяргей – у Талочыне ў Віцебскай дыяцэзіі. Абодва паходзяць з воранаўскай парафіі свсв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Сябравалі з маленства, а пасля разам вучыліся ў семінарыі. Там шмат разважалі над місійным аспектам святарскага жыцця.
Паступова ў іх выспела жаданне стаць евангелізатарамі ў Расіі. На пытанне, чаму прывабіла менавіта гэтая краіна, кс. Ян адказвае: “Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая прасіла прысвяціць Расію свайму Беззаганнаму Сэрцу і прадказала, што, калі Папа здзейсніць гэты акт, краіна навернецца, а свет будзе цешыцца супакоем. Людзям тут давялося перажыць страшныя атэістычныя часы ганенняў і праследавання за веру ў Бога, але рэлігійнае жыццё ў Расіі паступова абудзілася. Нам вельмі хацелася сведчыць аб Хрысце на гэтых землях, спрычыняцца да распаўсюджвання каталіцкай веры. Не раз агучвалі сваё жаданне падчас сустрэч з айцом правінцыялам. Але нас не маглі туды накіраваць з-за адсутнасці місійнага дома ксяндзоў палатынаў у гэтай краіне”.
 Падчас развітальнай св. Імшы вернікі з Воранава пажадалі кс. Яну і кс. Сяргею цёплага прыёму ў новай парафіі   Праз некаторы час стала вядома, што ардынарый Навасібірскай дыяцэзіі скіраваў да ксяндзоў палатынаў запрашэнне на пастаянную працу. Парафію ў Чалябінску, куды меліся прыехаць місіянеры, спачатку павінен быў наведаць айцец правінцыял. “Пакуль кс. Адрыян Гальбас знаходзіўся ў Расіі, знаёміўся з умовамі пастырскай працы і мясцовай супольнасцю вернікаў, мы шмат маліліся, – распавядаюць місіянеры. – Памятаем, што акурат у гэты час паехалі ў Навагрудак, дзе праз заступніцтва сясцёр мучаніц прасілі Бога, каб накіраваў нас на служэнне ў суседнюю краіну. Калі вярталіся дадому, патэлефанаваў айцец правінцыял і паведаміў, што паедзем у Расію. Для нас гэта быў сапраўдны знак з неба”.
    У жніўні ў касцёле ў Воранаве адбылася св. Імша, падчас якой святары атрымалі рэліквіі свайго заснавальніка св. Вінцэнта Палоцці і бл. Альжбеты Санны, а таксама місіянерскія крыжы і бласлаўленне. У хуткім часе кс. Ян і кс. Сяргей накіраваліся на сваё новае месца служэння.
    “Перад выездам у Расію мы паехалі ў Польшчу, каб падпісаць усе неабходныя дакументы, – узгадваюць святары. – Там звязаліся з сакратаром санктуарыя Маці Божай Фацімскай, распавялі пра свае місіі. У верасні кардынал Роберт Сарах, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны, знаходзіўся з візітам у польскім санктуарыі і асвяціў фігуру Маці Божай Фацімскай на палатынскія місіі ў Расіі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе яна прыбудзе да нас у Чалябінск”.
   
    Быць адданымі людзям і Богу
    Кс. Ян і кс. Сяргей распавядаюць, што сям’я і блізкія моцна перажывалі, калі выпраўлялі іх за тысячы кіламетраў, але абяцалі, што будуць духоўна падтрымліваць праз малітву. Ды і самі місіянеры крыху хваляваліся. Гэта нядзіўна, калі ўлічыць, што іх чакалі зусім новыя рэаліі – горад, які налічвае больш за 1 млн жыхароў, людзі з іншым менталітэтам...
    Але хутка ўсе страхі змяніліся радасцю: мясцовыя жыхары з цеплынёй і гасціннасцю сустрэлі святароў, якіх так доўга чакалі. “Мы нясём служэнне ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, – распавядае кс. Ян. – На нядзельнай св. Імшы ў святыні збіраецца каля сотні вернікаў, у буднія дні прыходзіць у разы менш: 10-15 чалавек, таму адпраўляем св. Імшу ў капліцы. Там ёсць алтар Езуса Міласэрнага, стаіць крыж, каля якога можна запаліць свечку. Сюды са сваімі просьбамі прыходзяць не толькі католікі, але і вернікі іншых канфесій, моляцца за жывых і памерлых. Не так даўно сустрэў у нашай капліцы казаха, які доўга стаяў перад абразом. Калі ён убачыў мяне, то распавёў, што часта сюды прыходзіць. А пасля ўзняў уверх далоні і сказаў, што старэйшыя людзі заўсёды імкнуцца быць бліжэй да Пана Бога”.
    Ксяндзы палатыны падкрэсліваюць, што ў Чалябінску шмат патомкаў католікаў, якія некалі былі сасланы ў Сібір.
    У горадзе калісьці была святыня, але ў савецкі час яе зруйнавалі, таму людзі захоўвалі веру выключна ў сваіх сем’ях.
    Праз доўгія гады ў Чалябінск прыехалі святары з Германіі і пабудавалі касцёл. “Нам ужо не трэба мясіць цэмент ды класці сцены, – гавораць ксяндзы. – Але маем не менш адказнае заданне: клапаціцца аб духоўнасці мясцовых людзей, запаўняць пустэчу ў іх сэрцах. Яшчэ патрэбна шмат малітваў і намаганняў, каб пабудаваць тут сапраўды моцную каталіцкую супольнасць. Бачым, што нават тыя вернікі, якія прыходзяць у храм, патрабуць асаблівай апекі, любові і цярплівасці. Трэба ўмацоўваць іх у веры, паказваць Божую міласэрнасць, вучыць адказнасці за парафію і касцёл. Не можам забыцца і пра тых, хто ўвогуле далёкі ад Бога”.
    Кс. Ян і кс. Сяргей таксама падкрэсліваюць, што ў мясцовых вернікаў дарога да Бога не заўсёды пачынаецца з маленства. Тут вельмі шмат людзей, якія далучыліся да Касцёла ў дарослым узросце і з’яўляюцца маладымі хрысціянамі, хоць маюць багата гадоў. Кс. Ян узгадвае, што аднойчы пасля св. Імшы да яго падышоў малады чалавек і папрасіў удзяліць яму некалькі хвілін. Хлопец распавёў, што быў ахрышчаны ў царкве, але паколькі бацькі непрактыкуючыя хрысціяне, ніколі не наведваў храм. А зараз адчуў у сваім сэрцы патрэбу прыйсці ў святыню, каб пабыць у цішыні, падумаць. “Гэты юнак падзяліўся са мной сваімі перажываннямі, сказаў, што нярэдка задае сабе філасофскія пытанні: «Для чаго мы жывём?», «Куды пасля смерці адыходзіць душа?». І такіх выпадкаў нямала, – падкрэслівае святар. – Людзі дзесьці ўнутры чуюць голас Бога, пераступаюць праз унутраны бар’ер і ідуць у храм, каб знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Наш касцёл адкрыты для ўсіх без выключэння. І я лічу, што гэта вельмі важна”.
    Адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасці ксяндзоў палатынаў у чалябінскай парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ з’яўляецца евангелізацыя і катэхізацыя маладога пакалення. Айцы запрашаюць на сустрэчы дзяцей, моладзь.
    Іх даводзіцца вучыць самым простым рэчам: знаку Крыжа, малітвам. Для кагосьці такая праца можа падацца нуднай, але місіянеры ўпэўнены: ад правільна закладзенага фундамента залежыць увесь далейшы хрысціянскі шлях. Таму важна запаліць у гэтых маладых іскру любові да Хрыста, да Касцёла, каб з цягам часу яна не згасла, а разгаралася ярчэй і ярчэй.
    Варта адзначыць, што ксяндзы палатыны адказныя не толькі за касцёл у Чалябінску. Пад іх душпастырскай апекай знаходзіцца ўся вобласць: “Чалябінцы называюць свой горад «варотамі ў Сібір», бо адна палова знаходзіцца на Урале, а другая – ужо ў Сібіры. Таму мы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе «рулім» на вялізнай тэрыторыі, паколькі наведваем яшчэ 5 парафій. Адна з іх – у Магнітагорску, на адлегласці 350 км.
Місія святароў – абвяшчаць Божае слова людзям, асвячаць іх, цэлебруючы сакраманты і служачы ім, будаваць касцёльную супольнасць     Нягледзячы на тое, што гэта вялікі горад, каталіцкая супольнасць там нешматлікая. На сустрэчы прыходзіць не больш за 15-20 чалавек. Паколькі ў аддаленыя парафіі прыязджаем толькі раз у месяц, вернікі нас заўсёды сустракаюць з вялікай удзячнасцю і радасцю. У Магнітагорску св. Імшу адпраўляем у Доме культуры, у іншых мясцовасцях збіраемся ў прыватных кватэрах. Вельмі важна ахінаць сваёй апекай гэтых людзей, хоць не заўсёды лёгка даецца доўгая дарога. Усе яны чакаюць споведзі, сустрэчы з Хрыстом, а таксама магчымасці паразмаўляць са святаром. Свае выезды ў парафіі заўсёды спалучаем з катэхезай, на якой збіраюцца і дзеці, і моладзь. Часцяком з імі разам прыходзяць бацькі. Падчас сустрэч мы спяваем, молімся, гаворым пра Бога, разважаем над пытанямі веры. Нас вельмі цешыць, што на гэтай зямлі ёсць людзі, якія хочуць паглыбляць сваё знаёмства з Богам, прагнуць быць адданымі хрысціянамі”.
    Ксяндзы палатыны звяртаюць увагу, што ні ў якім разе не робяць з сябе герояў, бо вельмі хутка можна ўвайсці ў спакусу, пачаць пераацэньваць сваю дзейнасць, пры гэтым адкінуўшы Бога на задні план. “Мы толькі прылада ў руках Хрыста, які чыніць цуды і змяняе людзей. Наша місія – ад Бога. Няма нейкага канкрэтна акрэсленага тэрміна, колькі мы павінны прабыць на расійскай зямлі. Будзем тут служыць, пакуль маем фізічныя і духоўныя сілы, столькі часу, колькі адвядзе Усявышні. Цешымся, што адкрылі ў сабе пакліканне да місійнай дзейнасці, а ўсіх людзей добрай волі заахвочваем памятаць пра нас у сваіх малітвах, асабліва просім малітоўнай падтрымкі ў вернікаў, якія жывуць у нашай роднай Гродзенскай дыяцэзіі”, – падсумоўваюць місінеры.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.