ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 13 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Бл. Цэліна Бажэнцкая: заступніца сясцёр змёртвыхпаўстанак

Нашы заступнікі перад Богам

celinaСпалучыла ў сваёй біяграфіі сямейнае жыццё з манаскім, становячыся своеасаблівым феноменам у гісторыі Касцёла. Была жонкай, мамай, бабуляй і манахіняй. Заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана Нашага Езуса Хрыста.
Пакорная Божай волі
    Цэліна Разалія Леанарда нарадзілася 29 кастрычніка 1833 года ў заможнай сям’і Хлюдзінскіх у Антовілі каля Оршы ў Беларусі. Дзякуючы клопату бацькоў атрымала добрую адукацыю. Ужо будучы маладой дзяўчынай хацела ўступіць у кляштар сясцёр візітак у Вільнюсе (Літва), але, паслухмяная волі бацькоў і парадзе спаведніка, у 1853 годзе выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, уласніка маёнтка Абрэмшчына каля Гродна.
Гэта было шчаслівае сужэнства. Цэліна была адданай жонкай і маці. Нарадзіла 4-ых дзяцей, 2-ое з якіх – Марыя і Казімір – памерлі ў маленстве. Жывымі засталіся 2 дачкі – Цэліна і Ядзвіга. Перажывала моцны боль пасля страты маці і сястры. Усё гэта здарылася ў першыя гады замужжа.
    Часам выпрабавання для Цэліны стала цяжкая хвароба мужа. У 1869 годзе Юзаф Бажэнцкі, закрануты паралічом, страціў сілу ў нагах. Уся сям’я вырушыла ў Вену (Аўстрыя) у пошуках эфектыўных метадаў лячэння. Верная жонка клапатліва апекавалася мужам на працягу 5-ці гадоў хваробы. Юзаф памёр у 1874 годзе.
    Пасля смерці мужа Цэліна вярнулася да дзявочых мар пра манаства. У хуткім часе разам з дачкой Ядзвігай склала манаскія абяцанні. Пад уплывам ксяндзоў змёртвыхпаўстанцаў заснавала жаночую Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана Нашага Езуса Хрыста, якая была зацверджана Касцёлам у студзені 1891 года. Інстытут заняўся вядзеннем школ, дзіцячых садкоў, інтэрнатаў. Сёстры з Кангрэгацыі распачалі служэнне як настаўніцы, выхавацельніцы, катэхеткі, закрыстыянкі, арганісткі, аніматары аазісаў, медсёстры.
    1906 год стаў для маці Цэліны чарговым выпрабаваннем. Нечакана памерла яе дачка Ядзвіга, сузаснавальніца Кангрэгацыі і найбліжэйшая супрацоўніца, якая павінна была далей весці распачатую справу. Аднак жанчына пакорна падпарадкавалася Божай волі, працягваючы аддана выконваць абавязкі генеральнай настаяцельніцы.
    Памерла ў Кракаве (Польшча) 26 кастрычніка 1913 года. Была пахавана ў Кэнтах, побач з дачкой. У 1937 годзе тленныя парэшткі Цэліны і Ядзвігі былі перанесены ў склеп пад капліцай манастыра сясцёр змёртвыхпаўстанак, а ў 2001 годзе – у саркафаг у касцёле св. Маргарыты і св. Кацярыны.
    27 кастрычніка 2007 года ў рымскай базіліцы св. Яна на Латэране маці Цэліна Бажэнцкая была абвешчана бласлаўлёнай.
   
    Чаму можам навучыцца ў бл. Цэліны?
   Бласлаўлёная з’яўляецца прыкладам святасці і вернасці ў выкананні Божай волі з усёй пакорай і гатоўнасцю, у стане глыбокай малітвы. Яе асоба – узор годнага перажывання цярпення ці страты кагосьці блізкага.
   
    Цікава!
   Пасля малітвы праз заступніцтва бл. Цэліны невытлумачальным чынам паправіўся цяжка паранены ў аварыі Анджэй Мехежыньскі-Віктар, праўнук бласлаўлёнай у 5-ым пакаленні. У 2002 годзе ватыканская Кангрэгацыя па справах кананізацыі афіцыйна прызнала гэты цуд.
   
    З вуснаў бласлаўлёнай 
   “Няма рэчы, якой бы душа з любові да Пана Езуса не вытрымала”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае бл. Цэліну Бажэнцкую 26 кастрычніка.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.