ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 13 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Ружанец – ратунак для свету

На шляху да святасці

Восень – незвычайная пара года. Нягледзячы на тое, што ў гэты час больш востра адчуваем холад, апранаем цяплейшае адзенне, часцей заходзім у аптэку па лякарствы ад прастуды, а ў сацыяльных сетках чытаем ці нават самі пішам, што хацелася б вярнуцца ў цёплыя і радасныя летнія хвіліны – восень з’яўляецца выключнай.
    У Касцёле незвычайнасць гэтага перыяду праяўляецца ў тым, што ў кастрычніку асаблівай пашанай ахінаем Маці Божую праз ружанцовую малітву. Можа, часам у галаву прыходзіць думка, што ўжо столькі разоў нам казалі пра яе значэнне, столькі разоў заахвочвалі да яе, аднак варта памятаць, што малітвы ніколі не бывае зашмат. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца вернікі, якія ў святынях, капліцах і дома ў розных кутках свету збіраюцца, каб супольна адгаворваць Ружанец, паколькі гэтая малітва мае асаблівую моц і можа многае змяніць у жыцці.
Каб узяць у рукi ружанец, патрэбна вера
    Не хачу вяртацца да гісторыі ўзнікнення ружанцовай малітвы, паколькі яна, напэўна, ужо ўсім вядомая. Нашмат важней, на маю думку, паразважаць над значэннем Ружанца ў нашым штодзённым жыцці. Так! Штодзённым! Не толькі ў кастрычніку ці ў першую суботу, з пэўнай нагоды ці пасля таго, як на споведзі атрымалі наказ памаліцца Ружанец за пакуту, але кожны дзень, незалежна ад пары года і месца. Чаму і навошта? Таму што гэта вельмі плённая малітва. Але каб адчуць яе плён ва ўласным жыцці, трэба спачатку ў гэта паверыць. На папрок аб тым, што гэта малітва, у якой бяссэнсна паўтараюцца тыя самыя словы, айцец дамініканец Жан-Баціст Лакардэр, прапаведнік і пісьменнік, заўважыў: “Каханне знае толькі адно слова. Але нават прамаўляючы яго бясконца, мы ніколі не паўтараемся”. Франсуа Марыак, член Французскай акадэміі, аднойчы сказаў: “Сцісканне ружанца падобнае чымсьці на трыманне за руку маці, якая пераводзіць нас праз дарогу”. Таму, адгаворваючы ружанцовую малітву, мы выпрошваем заступніцтва і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам аднаўляем таксама любоў да Багародзіцы, якая ўжо здзейсніла столькі цудаў для ўсяго чалавецтва і асобных людзей ва ўсім свеце.
   
    Багацце Ружанца
    Чаму Ружанцу надаецца такая вялікая роля? Каб адказаць на гэтае пытанне, хацелася б больш дакладна прыглядзецца да асобных малітваў, з якіх ён складаецца, звярнуць увагу на іх змест і значэнне.
    Робячы на сабе Знак Крыжа, заклікаем Трыадзінага Бога: Айца, Сына і Святога Духа. Так мы злучаемся з крыжом Езуса Хрыста, на якім Збаўца памёр за нас і які павінен працінаць усё наша жыццё.
    “Веру ў Бога Айца Усемагутнага”, называемае таксама Апостальскім сімвалам веры, з’яўляецца найважнейшым прызнаннем веры Каталіцкага Касцёла. Уключае ў сябе найважнейшыя праўды, у якія мы як хрысціяне верым, якія прымаем і на якіх павінны будаваць сваё жыццё. У гэтай малітве вызнаём веру ў Адзінага Бога, які з’яўляецца Айцом і Панам усяго стварэння, у Езуса Хрыста, Бога і Чалавека, які з любові да людзей памёр і ўваскрос, каб указаць нам мэту пілігрымавання, у Святога Духа, святы Касцёл, заснаваны Збаўцам, еднасць з Касцёлам і з тымі, хто апярэдзіў нас на дарозе ў Нябесную Айчыну; затым – у аздараўленчую моц святых сакрамантаў, у абяцанае Месіем уваскрашэнне ў канцы часоў і, урэшце, у вечнае жыццё, поўнае шчасця і свабоднае ад усякага зла.
    Малітву “Ойча наш” Езус перадаў сваім вучням, калі папрасілі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11, 1). У ёй мы праслаўляем нябеснага Айца і ўзносім свае просьбы. Просім Бога, каб Ён быў асвечаны ў нас, каб нашыя сэрцы былі Яго святыняй. Заклікаем Божае Валадарства, бо менавіта яно нясе зразуменне, супакой, дабрыню і радасць. Прыгадваем сабе, што ўвойдуць туды толькі тыя, хто з пакорай прымае і выконвае волю Бога. Молім быць міласэрнымі да нас, абараніць ад спакус і прагнасці, збавіць ад моцы д’ябла. Кожнае “Вітай, Марыя” з’яўляецца напамінам аб моманце Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі – радаснай навіны аб тым, што Яна стане Маці Збаўцы ўсяго чалавецтва. У 2-ой частцы малітвы, што пачынаецца словамі “Святая Марыя”, заключана просьба апекавацца намі грэшнымі і быць заступніцай цяпер, падчас зямной вандроўкі, і ў хвіліну, калі будзем пакідаць гэты свет.
    Малітва “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому” – гэта хрысціянскі гімн, падчас якога чалавек праслаўляе Бога ў 3-ох Асобах праз пакланенне і выражэнне сваёй удзячнасці. Наступная, досыць кароткая малітва “О, Марыя, без граху першароднага зачатая...” звязана з аб’яўленнем Багародзіцы 27 лістапада 1830 года ў парыжскім кляштары супольнасці сясцёр міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля. Тады перад сціплай навіцыяткай Катрын Лабурэ з’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя, якая даручыла ёй зрабіць і распаўсюдзіць аб’яўлены Ёю цудоўны медалік, на якім была адлюстравана постаць Маці Божай са змешчаным вакол Яе надпісам: “О, Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!”. Такім чынам, гэтымі словамі мы просім Найсвяцейшую Панну аб асаблівай апецы.
    Заканчвае дзясятак Ружанца заклік “О, мой Езу...”, які таксама прыгадвае аб аб’яўленнях Маці Божай. У Фаціме ў 1917 годзе Марыя сказала 3-ом пастушкам, што да Ружанца трэба дадаць гэтую малітву. Яна ўключае просьбу аб Божай міласэрнасці для нас – слабых і грэшных людзей. У ёй просім, каб Збаўца захаваў кожнага ад вечнага асуджэння і дазволіў сустрэцца з Ім там, куды мы ўсе імкнёмся – у Небе.
   
    Ружанец як адкрыццё на вялiкiя рэчы
    Спадзяюся, што цяпер, пасля ўсведамлення глыбокага сэнсу малітваў, з якіх складаецца Ружанец, мы ўжо ніколі не скажам, што ён з’яўляецца звычайным паўтарэннем вывучаных формул. Іх прамаўленне – гэта выражэнне веры, разважанне яе таямніц, запрашэнне Бога ў нашу штодзённасць. Ружанец – малітва, якой можам вельмі многае змяніць і выпрасіць! Не выпадкова ж падчас аб’яўленняў у Фаціме Найсвяцейшая Панна Марыя пастаянна прыгадвала пра ружанцовую малітву, якая з’яўляецца “ратункам для свету”.
    Чарговы кастрычнік – цудоўная нагода, каб нанова адкрыць каштоўнасць Ружанца ў сваім жыцці. Няхай ён стане для нас важным пунктам кожнага дня, каб маглі адкрыцца на вялікія рэчы, якія адбываліся ў жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Давайце маліцца Ружанец! Маліцца, каб Маці Божая адорвала бласлаўленнем нас, нашыя сем’і і ўвесь свет, каб Яе пяшчотны позірк напаўняў душы супакоем і любоўю, а вечна палымнеючае Беззаганнае Сэрца ўзмацняла веру і абуджала надзею.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.