ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 16 кастрычніка 2018 года
«Сустрэча з вамі ўмацоўвае
нашу веру і наш дух»
/ Папа Францішак /

Св. Ян XXIII: заступнік апостальскіх нунцыяў

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Ян XXIII прадстаўлены ў папскім уборы.Яго называюць “добрым папам Янам”, “Янам усміхнутым” і “Янам пакорным”. У памяці вернікаў застаўся як асоба з вялікай душой, поўнай жывой веры і любові да бліжняга. У яго сардэчным і зычлівым выразе твару бачылі адлюстраванне самога Бога. З’яўляецца, між іншым, заступнікам экуменічнага руху.
Прыстасаваў Касцёл да сучаснасці
    Анджэла Джузэпэ Ранкалі нарадзіўся 25 лістапада 1881 года ў Італіі ў беднай сялянскай сям’і. Яго маці была вельмі веруючай асобай. Нарадзіла 11 дзяцей, з якіх Анджэла быў 4-ым.
Маючы 12 гадоў, хлопец паступіў у ніжэйшую духоўную семінарыю ў Бергама, якая была ў той час адным з самых прэстыжных месцаў адукацыі будучых святароў. Пасля атрымання стыпендыі за добрыя вынікі ў вучобе быў пераведзены ў Рымскую папскую семінарыю. У 1902 годзе перапыніў навучанне на год, каб адбыць ваенную службу. Пасля яе заканчэння абараніў дактарат па тэалогіі і прыняў святарскія пасвячэнні.
    Як маладому святару Анджэла Ранкалі даручылі функцыю сакратара біскупа Бергама Джакама Радзіні Тэдэскі. У той жа час ён выкладаў у семінарыі, быў рэдактарам бюлетэня “Дыяцэзіяльнае жыццё”, супрацоўнічаў таксама з іншым мясцовым каталіцкім часопісам, быў душпастырам “Каталіцкай акцыі”. Запісваў свае духоўныя нататкі, якія пазней былі выдадзены пад назвай “Дзённік душы”. Натхняўся паставай святых: Караля Барамея, Францішка Сальскага і Рыгора Барбарыгі.
    У 1925 годзе атрымаў біскупскія пасвячэнні. Сваім дэвізам абраў словы “Obedientia et Pax” (“Паслухмянасць і супакой”).
    У наступныя гады выконваў функцыі апостальскага дэлегата ў Балгарыі, у Турцыі і Грэцыі (па чарзе), а таксама Апостальскага нунцыя ў Парыжы.
    У 1953 годзе Анджэла Ранкалі атрымаў тытул кардынала і стаў патрыярхам Венецыі. У 1958 годзе, пасля смерці Пія XII, падчас 3-дзённага канклава быў выбраны Папам і ўзяў імя Ян ХХІІІ. На працягу чарговых 4-ох гадоў рыхтаваўся да ІІ Ватыканскага сабора. Гэты сабор ініцыяваў новы спосаб прысутнасці Касцёла ў свеце, заклікаў да адновы жыцця. У наступстве ён даў таксама імпульс да паяднання з хрысціянскімі Касцёламі і дыялогу з іншымі рэлігіямі.
    Ян XXIII памёр пасля цяжкай хваробы 3 чэрвеня 1963 года. Беатыфікаваны 3 верасня 2000 года Святым Айцом Янам Паўлам II, кананізаваны 27 красавіка 2014 года папам Францішкам.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. айца Піо з П’етрэльчыны?
   Святы пакінуў людзям пасланне, каб заўсёды шукалі тое, што павінна іх аб’ядноўваць, а не раздзяляць. Шукалі тое, што супольнае, каб маглі ісці далей, справіцца з магчымымі адрозненнямі, шукалі дарогі да больш дасканалай еднасці, якая дазваляе вырашаць вялікія праблемы сучаснага чалавека і супрацьстаяць ім.
   
    Цікава!
   Упершыню ў гісторыі Касцёла Ян XXIII як Папа прыняў на аўдыенцыі англіканскага арцыбіскупа кентэрберыйскага Джэфры Фішэра. Ён быў таксама першым Пантыфікам, які наведаў прэзідэнта Італіі ў Квірынале. Дзякуючы намаганням Святога Айца Каталіцкі Касцёл удзельнічаў у ролі назіральніка ў асамблеі Сусветнай рады Цэркваў, якая праходзіла ў Дэлі ў 1961 годзе.
   
    З вуснаў святога 
    “1 добрая маці вартая столькі, колькі 100 настаўнікаў”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Яна XXIII 11 кастрычніка, у гадавіну склікання II Ватыканскага сабора.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  77

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.