ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Папа пілігрым

Слова рэдактара

 II Ватыканскі сабор унёс неацэнны ўклад ва ўнутранае аднаўленне Касцёла. Між іншым, пасля яго змяніўся статус Святога Айца, які раней лічыўся “вязнем Ватыкана”. З таго часу біскупы Рыма вырушылі ў свет, адбываючы свае апостальскія падарожжы ў розныя краіны.
   Аднойчы раніцай у пэўнай рымскай парафіі 11-гадовы хлопчык спытаўся ў Яна Паўла ІІ: “Святы Айцец, навошта Вы ўвесь час ездзіце па свеце?”. Гэтае дзіцячае пытанне, здаецца, вынікае з меркавання, што біскуп Рыма не павінен часта пакідаць Вечны Горад. А паколькі сфера паслугі Папы з’яўляецца паўсюднай, лічыцца, што Рым – гэта тое месца, дзе належыць вырашаць праблемы Паўсюднага Касцёла.
Адказ Пантыфіка быў вельмі простым: “Я так шмат ежджу, таму што не ўвесь свет знаходзіцца тут…”.
    Апостальскія падарожжы вельмі неабходныя для лакальных Касцёлаў. Гэта цудоўная нагода, каб прыглядзецца да таго, чым жыве канкрэтная супольнасць і з якімі праблемамі яна сутыкаецца. Такія візіты з’яўляюцца таксама добрай падставай, каб звярнуцца да праблемы пакрыўджаных, каб заклікаць да будавання міжасобасных адносін на падмурку годнасці і праў чалавека.
    Па прыкладзе сваіх папярэднікаў у свет вырушыў папа Францішак. У канцы верасня ён здзейсніў сваё 25-ае замежнае апостальскае падарожжа. На гэты раз яго прымалі ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Падчас візіту ў гэтыя Балтыйскія краіны Святы Айцец шматразова заахвочваў тлумы вернікаў выйсці па-за ўласныя межы і адправіцца “на перыферыю, дзе заўсёды можна знайсці Езуса, прысутнага ў жыцці брата – пакутуючага, нікому не патрэбнага”.
    Пасланне, якое Францішак пакінуў у Літве, вельмі важнае і красамоўнае, бо скіравана кожнаму. Мы павінны мець адвагу стаць тварам да твару з іншымі, павінны таксама памятаць, што трэба заўсёды прымаць Езуса: у Яго Слове, у Эўхарыстыі, у бедных. “Прыняць Яго, каб з’яднаў нашу памяць і спадарожнічаў на шляхах жыцця, якое маем прысвячаць служэнню іншым з радасцю, і праз гэта ўказваць, што Езус Хрыстус – наша адзіная надзея”, – сказаў Святы Айцец.
   
   Дарагія Чытачы!
   Няхай сустрэча з папам Францішкам, якую некаторыя з нас перажылі рэальна, выехаўшы з Гродзенскай дыяцэзіі ў якасці пілігрымаў, а іншыя – пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі, будзе чарговай нагодай, каб запрасіць Езуса Хрыста ў сваё жыццё. Няхай яна стане – асабліва для маладых людзей – фундаментам будучыні, на якім варта будаваць далейшае жыццё. Давайце надалей спадарожнічаць Святому Айцу сваёй адданай малітвай і любячым сэрцам у яго пілігрымаванні па дарогах свету!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.