ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 13 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Катэхеза – гэта больш, чым навука

На шляху да святасці

Мiнуў радасны час канiкул i распачаўся новы навучальны год, а разам з iм – новы год катэхетычны. Гэта выключны час фармiравання розуму і сэрца. На першай лiнiiіі фронту барацьбы за душы маладога пакалення стаяць катэхеты. Яны не толькiі перадаюць канкрэтныя рэлiгiйныя веды, але i становяцца для сваiх вучняуў сведкамі Божай прысутнасцi у свеце.
Эфектыўнасць заняткаў рэлігіі ў многім залежыць ад катэхета, ад яго паставы, стылю працы. Калі катэхеза праходзіць у жывой форме, то дзеці ахвотна ўключаюцца ў навучальны працэс, з задавальненнем слухаюць, з энтузіязмам выконваюць заданні. Важна зацікавіць дзяцей, а ў сённяшнім свеце зрабіць гэта не так проста.
(злева направа) С. Вiкторыя Галуза CSSH, С. Францiшка Фядотава CSSH,  с. Фаустына Пшанко CSSHНавукоўцы сцвярджаюць, што менталітэт маладых змяняецца кожныя 5 гадоў. Таму калі катэхет не будзе паспяваць за гэтымі зменамі, яго намаганні не прынясуць чаканага выніку. Нельга спыняцца на здабытых раней ведах і карміць вучняў “учарашнім разагрэтым абедам”. Трэба развівацца, самаўдасканальвацца, разумець патрэбы маладога пакалення, умець наладжваць з ім кантакт, і ў першую чаргу любіць дзяцей. Таму ўвесь час стараемся выходзіць на іх узровень: распрацоўваем заняткі ў інтэрактыўнай форме з выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў, пазбаўляючыся сухога тэксту. Мы ўпэўнены, што няма сэнсу пераконваць дзяцей і па 100 разоў ім паўтараць, што катэхеза – гэта добра. Трэба актыўна працаваць над тым, каб яны самі гэта зразумелі, дайшлі да гэтага. Тады абудзіцца ўласнае жаданне прыходзіць на заняткі, а не перакананне, што гэта неабходна рабіць пад прымусам.
    Праз катэхізацыю мы перадаём жывую веру, вядзём да асабістай сустрэчы з Хрыстом, асабліва праз сакраманты і св. Імшу. Таксама вучым дзяцей адрозніваць добрае ад дрэннага, рабіць правільны выбар, разумець прычыны і наступствы сваіх учынкаў, думак і слоў. У нашай парафіі катэхеза праводзіцца для рознаўзроставых груп: гэта маленькія дзеткі ва ўзросце 3-6 гадоў, тыя, хто рыхтуюцца да Першай св. Камуніі і сакраманту канфірмацыі, старэйшая школьная моладзь. Бацькі вельмі цешацца, што ёсць магчымасць катэхізацыі пры парафіі. Аднак мы пастаянна ім нагадваем, што не трэба забывацца пра фундаментальную ролю сям’і. Нельга перакладваць на Касцёл свае асноўныя абавязкі, неабходна памятаць пра сямейную катэхезу, найперш, праз уласны прыклад: штодзённую малітву, сумеснае перажыванне свят, рэгулярны ўдзел у нядзельнай св. Імшы, свае паводзіны і адносіны да іншых.
   
  А. Павел Раманчук OFM Conv  Перад сучасным катэхетам стаіць выклік: ён павінен перакласці той змест, які перадае, на зразумелую для слухачоў мову. Ментальнасць сённяшніх людзей адрозніваецца ад тых, каму было адрасавана Евангелле. Маральныя патрабаванні, якія ставяцца перад сучасным чалавекам, таксама могуць здавацца архаічнымі. Задача катэхета – паказаць, што гэтыя ісціны надалей актуальныя, даказаць, што жыццё мае вялікую вартасць, што яно поўнае адказнасці, а ў першую чаргу, што трэба яго будаваць згодна з Божымі правіламі.
    Ісціна адна. Белае з’яўляецца белым, а чорнае – чорным. Безумоўна, можна спрабаваць гэта падавіць, але калі чалавек уважліва прыглядзіцца, ён убачыць, дзе падман, а дзе адзіная праўда, якую неабходна здабыць.
    Сучасныя людзі вельмі шмат думаюць і шукаюць. Ім недастаткова сказаць, што ўсё так і так, трэба гэта аргументаваць, даказаць.
    Цяжэй за ўсё знайсці спосаб, пры дапамозе якога атрымалася б перадаць змест і багацце праўды, каб сучасны чалавек зацікавіўся. Калі ён пачне аналізаваць, знаёміцца, то, напэўна, выбера гэтую праўду. Усвядоміць, што менавіта яна патрэбна для жыцця, таму што ўнутры сябе кожны з нас адчувае жаданне душы і разумее, што свет быў бы нашмат лепшы, калі б у ім панавалі хрысціянскія вартасці.
    Падчас сваіх заняткаў я рэдка гавару прама, аб чым будзе сённяшняя сустрэча, і рэдка чытаю лекцыю. У асноўным, задаю спрэчнае пытанне, якім набліжаю тэму, разам з катэхізаванымі пачынаем развіваць нейкі тэзіс. Тады наступае сапраўдны мазгавы штурм: удзельнікі выказваюць свае “за” і “супраць”, прыводзяць аргументы, разважаюць аб перадумовах. Заахвочваю іх таксама адкінуць тэорыі і правілы, якія некалі чулі, і прыводзіць прыклады з жыцця. Тады аказваецца, што веды, якія яны маюць, гэта часта штосьці абсалютна арознае ад жыццёвай сітуацыі. Таму мы ўвесь час спрабуем спалучыць веру і ўчынкі, без якіх яна мёртвая. Мне падабаецца, што моладзь удзельнічае, самастойна прыходзіць да высноў, робіць пэўныя вывады са сваіх разважанняў.
    Лічу таксама, што сучасны катэхет не павінен баяцца складаных тэм, якія цяпер часта з’яўляюцца ў інтэрнэце, цыркулююць на тэлебачанні і радыё. Яны датычаць Касцёла, грахоў ці людской немачы. З аднаго боку, яны ў вялікай ступені цікавяць сучаснага чалавека, а з другога – іх нельга назваць цалкам надзейнымі: часта дэманструюцца аднабакова і маюць правакацыйны характар. Маладым католікам іх равеснікі не аднойчы задаюць падобныя пытанні. Таму трэба падрыхтаваць іх, каб маглі даваць добрыя адказы. Трэба навучыць дзяліцца сваёй вераю і абараняць яе, калі ўзнікне такая неабходнасць.
   
А. Аляксандр Махнач SP    На падставе свайго святарскага і катэхетычнага досведу магу сказаць, што катэхет – гэта не толькі настаўнік рэлігіі, але перадусім той, хто спадарожнічае катэхізаванаму. Катэхізаванне – гэта не праца, а служэнне Слову і быццё Ягоным сведкам. У гэтым служэнні вельмі важнай якасцю катэхета з’яўляецца слуханне. Інакш кажучы, ён павінен умець слухаць і пачуць катэхізаваных, асабліва тых, хто сумняваецца і шукае. З гэтага слухання нараджаецца вельмі важная якасць катэхета – добрыя, даверлівыя адносіны з катэхізаванымі, сэрцы якіх распальваюцца, каб быць у касцёле – Касцёлам!
    Спецыфіка заняткаў з моладдзю заключаецца найперш у тым, каб зацікавіць, паказаць неабходнасць удзелу ў катэхезе. Канешне, усё вельмі індывідуальна і залежыць ад таго, якія вартасці акцэнтуюцца ў сям’і маладзёна. Для каталіцкіх сем’яў, якія жывуць Богам і актыўна ўдзельнічаюць у парафіяльным жыцці, натуральна, што іх дзеці абавязкова ходзяць на катэхезу. Мяркую, што тыя маладыя людзі прагнуць развівацца ў веры. Яны актыўныя, задаюць цікавыя, часам нават правакацыйныя пытанні, якія іх хвалююць. Адразу бачна: яны гэтым жывуць, што не можа не напаўняць аптымізмам! Праблематычна, канешне, калі пасля Першай св. Камуніі дзіця губляецца і больш не ўдзельнічае ў катэхезе. Чаму так адбываецца? У многіх сем’ях ёсць вялікая праблема ў разуменні інтэгральнага выхавання дзяцей і моладзі ў супольнасці Касцёла, а сам Касцёл часам бачыцца як “каталіцкі камбінат рэлігійнага абслугоўвання насельніцтва”. Як можна пераадолець такія цяжкасці? Гэта складанае пытанне, яно мае шмат нюансаў. Аднак Касцёл ідзе наперад: праводзіць катэхезу, заахвочвае да ўдзелу ў ёй на розных узроўнях, дае сведчанне і моліцца.
    Відавочна, што мы – супольнасць Касцёла – павінны быць сведкамі Хрыста, бо “па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35).
    Метады ў катэхезе ўжо залежаць ад крэатыву катэхета і моладзі. Я думаю, што кожны катэхет, які адказна ставіцца да свайго служэння ў Касцёле, мае нейкія ўласныя катэхетычныя “фішкі”, каб зрабіць навучанне больш цікавым, а не толькі інфарматыўным. Гэтым і павінна адрознівацца катэхеза ад “урокаў рэлігіі”, якія, у асноўным, інфарматыўныя. Катэхеза – гэта комплекснае, інтэграцыйнае выхаванне ў веры, праз якое катэхет навучае і дае ўласны прыклад катэхізаванаму, як трэба жыць у гармоніі з Богам і адчуваць сябе адказным за вялікую Божую Сям’ю – Касцёл.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  49

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.