ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Нядзеля, 19 жніўня 2018 года

Наступны нумар газеты чытайце з 9 верасня

«Каб атрымаць доступ да сэрца Езуса, трэба давяраць Яму»
/ Папа Францішак /

Рось як аазіс у пустыні жыцця

З жыцця Касцёла

Бягучы год з’яўляецца юбілейным для парафіі Рось (дэканат Ваўкавыск). Роўна 400 гадоў спаўняецца з моманту першага цуду, які здарыўся ў касцёле перад фігурай Езуса Журботнага. На працягу соцень гадоў у мястэчка тлумамі ідуць і едуць вернікі, каб выпрасіць у Хрыста патрэбныя ласкі. І Ён адказвае на людскія патрэбы…
З гісторыі касцёла і парафіі
    Першыя згадкі аб утварэнні каталіцкай парафіі ў Росі адносяцца да 1611 года. З таго часу на тэрыторыі мястэчка адзін аднаго змянілі 3 касцёлы. Першы, драўляны, быў пабудаваны ў канцы XVI стагоддзя, асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Новы драўляны касцёл на тым самым месцы пабудаваны ў 1682 годзе і асвечаны пад новым тытулам – Найсвяцейшай Тройцы.
Будаўніцтва мураванага касцёла пачалося ў 1770 годзе, але па невядомых прычынах зацягнулася. Доўгі час святыня заставалася ўзнесенай толькі да вокнаў. Новы этап будаўніцтва распачаўся ў 1802 годзе, а ў 1807 быў скончаны. Гэта той касцёл, які існуе і зараз. Яго завяршылі не па тым праекце, што планаваўся спачатку. Падчас грунтоўнага рамонту ў касцёле ў 1901–1903 гадах быў выкананы новы галоўны алтар, 2 бакавыя алтары, хрысцільня, стацыі Крыжовага шляху, а таксама адрэстаўрыраваны амбон. У такім выглядзе святыня існуе і сёння.
    У 2012 годзе дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча парафіяльнаму касцёлу ў Росі нададзены тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя.
   
    Фігура Езуса Журботнага
    У касцёле ў Росі знаходзіцца знакамітая фігура Езуса Журботнага. Па легендзе, яе вылавілі ў рацэ мясцовыя рыбакі. Згодна з іншымі звесткамі, фігура дзіўным чынам прыбыла з Ліванскіх гор.
    Спачатку яна знаходзілася ў бабінцы касцёла. Затым была ўсталявана ў левым бакавым алтары, а пасля перанесена ў галоўны алтар. Урачыстая падзея з гэтай нагоды адбылася 14 чэрвеня 1772 года. Як паведамляецца ў архіўных даных парафіі, “у дзень перанясення фігуры а 3-яй гадзіне дня з гармат стрэлілі, пасля чаго капэла іграла на вежы, у той час як сабраліся годныя як духоўныя, так і свецкія асобы…”.
    Сёння фігура засланяецца абразом, што прадстаўляе эпізод з жыцця Пана Езуса, які піша на касцёльнай падлозе яўрэям, якія прывялі распусніцу: “Quis sine peccato est vestrum, primus in illam lapidem mittat” (“Хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень”). Штодня фігура адкрываецца на распачацце св. Імшы (раней адсланялася толькі па святах).
    У залежнасці ад літургічнага перыяду, на фігуру Езуса Журботнага ускладаюць шаты адпаведных 4-ох колераў. Часта ў звычайны перыяд фігура апранута ў шаты чырвонага колеру, таму што больш прадстаўляе Хрыста Церпячага, убічаванага, укаранаванага цернямі, пакрытага пунсовым плашчом.
  
Тып выявы “Езус Журботны” з’явіўся ў ХІІ стагоддзі ў Візантыі. Да пачатку XIV стагоддзя перабраўся ў Еўропу. Хрыстос прадстаўлены ў цярновым вянку, з крывавымі слядамі ад бічавання і з прыладамі мукі. Вобраз Збаўцы ў задуменнай паставе, з падпіраючай шчаку рукой ілюструе смутак і боль за чалавецтва. Імем Рыма гэты вобраз на шмат гадоў забяспечваў адпушчэнне грахоў вернікам, якія будуць сузіраць на яго з адпаведнай лагоднасцю.
 
    Цуды
      “Кніга ласкаў і цудаў”, 1745 год Фігура Езуса Журботнага ў Росі славіцца шматлікімі ацаленнямі і аздараўленнямі, якія былі выпрашаны перад ёю ў Збаўцы. Першы цуд здарыўся яшчэ ў 1618 годзе. Невідушчая жанчына падчас Раратаў захацела паспавядацца і была адпраўлена да статуі Хрыста, які знаходзіўся ў бабінцы касцёла. Ёй было патлумачана, што знаходзіцца перад спаведнікам. “Калі прасіла ўдзяліць ёй Камунію, ксёндз спытаўся, у каго была ў споведзі (бо спавядаў ён адзін). Жанчына адказала: «Той спаведнік, што сядзіць у бабінцы, выслухаў маю споведзь, а калі адпусціў мне грахі, пачала бачыць». Калі ксёндз пытаўся людзей, якія прысутнічалі на набажэнстве ў бабінцы, ці была гэта праўда, пад прысягай прызнаваліся, што ведалі спавядаючуюся і чулі, як яна прымала адпушчэнне, і што ўжо пасля вяртання зроку без правадыра пайшла да Камуніі”, – гаворыцца ў “Кнізе ласкаў і цудаў Пана Збаўцы нашага ў рымска-каталіцкім касцёле ў мястэчку Рось Ваўкавыскага павета з 1745 года”. Яна была састаўлена кс. Сімяонам Мачарскім, роскім плябанам.
    З 1736 года ў кнізе задакументаваны наступны выпадак: “Сын спадара Андрэя Брадоўскага, які меў імя Дыянісій, 2-гадовае дзіця без надзеі на выжыванне, хварэла на працягу 5-ці нядзель. Калі хлопчык ужо паміраў, яго прынеслі ў касцёл і паклалі перад алтаром Пана Езуса. Ляжаў там, а пасля адпраўленай св. Імшы адразу вярнуўся да здароўя і пачаў у касцёле як дзіця клікаць тату”.
    “Яго дачка Анастасія Брадоўская ў вігілію Божага Цела патанула ў сажалцы… Знойдзеная пад трубой і дастаная з вады, яна была мёртвай ужо каля 2-юх гадзін. Ахвяраваная Тваёй Маці Пану Езусу Роскаму, пасля складання ахвяры на 3 св. Імшы, ажыла”, – гаворыцца ў кнізе за 1740 год.
   
    Воты
    Па абодвух баках фігуры Езуса Журботнага знаходзяцца шматлікія воты. Толькі ў 1700 годзе іх налічвалася 32, у 1775 годзе – 210. Цяпер іх каля некалькі соцень.
    На некаторых вотах ёсць надпісы, альбо яны ўжо сваёй формай (напр.: сэрца, нага, рука, постаць чалавека і да т. п.) інфармуюць аб ласках, атрыманых ад Бога. У “Кнізе ласкаў і цудаў” апісаны некаторыя воты і прозвішчы ахвярадаўцаў, калі яны былі складзены і ў якіх інтэнцыях.
    Гледзячы на вялікую колькасцю вотаў, запісаных у кнізе і павешаных вакол фігуры Хрыста Журботнага, можна зрабіць вывад, што ўчыненых цудаў было нашмат больш. Як апавядаюць вернікі, апісаныя і пацверджаныя цуды – толькі некаторыя з іх. Не ўсе аздараўленні і навяртанні былі задакументаваныя. Цуды здараюцца і сёння.
Вестка аб тым, што “роскі” Хрыстос уласнай рукой бласлаўляе і ўразлівы да людскіх цярпенняў, хутка разышлася па ваколіцы. Ужо сотні гадоў на ўрачыста- сці Спаслання Святога Духа і Найсвяцейшай Тройцы з’язджаюцца шматлікія вернікі. Каб ушанаваць Езуса ў цудоўнай фігуры, сюды крочыць незлічоная колькасць пілігрымаў. Тлумы прыязджаюць у Рось, каб прыняць удзел у рэкалекцыях і знайсці выхад са складаных жыццёвых сітуацый.
    Кожны, хто адкрыта, з даверам прыходзіць да Езуса, атрымлівае. Атрымлівае тое, у чым мае патрэбу, і нават больш. А ўсё чаму? Бог вельмі шчодры на ласкі!

Багуслава Панкова    Вельмі шмат людзей збіралася ў парафіі Рось некалькі дзясяткаў гадоў таму на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Святкаванне адбывалася аж 3 дні. Людзі звычайна прыходзілі раней, каб знайсці ў мясцовых вернікаў прытулак. Кожны дом быў поўны пілігрымаў! У нас у хаце было толькі 2 пакоі, але і там не было дзе ступіць: усюды на падлозе спалі людзі. Некаторыя прасіліся ў хлеў на сена. Там жа мая мама закрывала пад ключ веласіпеды людзей, якія прыязджалі з бліжэйшых мясцовасцей: Ваўкавыска, Мастоў, Рагозніцы, Струбніцы, Рэплі… На веласіпедах звычайна ехалі маладзейшыя, старэйшыя ж прыязджалі на конях. Вуліцы настолькі былі застаўлены павозкамі, што да касцёла ледзьве можна было дабрацца. Шмат хто ішоў пешшу. Людзі босымі прыходзілі ў Рось, прасілі абмыць ногі, абувалі чаравікі і ішлі ў касцёл. Святыня ніколі не змяшчала ўсіх – людзі стаялі каля яе.
    Цяпер касцёл напаўняюць меншыя тлумы. Але мы не менш шчаслівыя, што пра нашу парафію ведаюць і цягнуцца сюды сэрцам.
   
    Станіслаў ЛеутаУсе свае 69 гадоў належу да парафіі Рось. Памятаю, як даўней людзі натоўпамі прыходзілі ў наш касцёл, прыязджалі з Польшчы, Літвы да цудоўнага нашага Езуса… Мы, вернікі, вельмі ганарымся сваёй святыняй, Езусам Хрыстом, хочам Яго праслаўляць, каб пра Яго ўсе ведалі. У гэтым прагненні ўсё наша жыццё! Езус Хрыстус аб’явіўся ў нашай мясцовасці, І пайшлі вернікі да касцёла ў Рось.
    Ён быў у кайданах, страшна бічаваны…
    Езус Хрыстус, цернем укаранаваны, змілуйся над намі!
    Фігуру Збаўцы ў галоўны алтар ўстанавілі І адпушчэння грахоў прасілі.
    Ласкі былі выпрашаны, цуды на свет аб’яўлены.
    Езус Хрыстус, цернем укаранаваны, змілуйся над намі!
    Мы разам молімся да Збаўцы, выпрошваем у Яго неабходныя ласкі, а таксама адпушчэнне грахоў для сябе і ўсяго свету. Ужо не можам без Бога! Ранкам, у абед ці ўвечары абавязкова памятаем пра тое, каб накласці на сябе крыж, цалкам давяраючы сваё жыццё Найвышэйшаму.
   
    Ірына ХільмановічРось – асаблівае месца для мяне, шмат звязана з ім. Упершыню пабывала тут з мамай на рэкалекцыях, якія праводзіў а. Джэймс Манджакал. Пасля 2-ух дзён я пачала заўважаць, як штосьці ўва мне змяняецца. Не да канца гэта разумела, але мне падабалася. А потым неяк пачула пра пілігрымку ў Рось. З задавальненнем вырушыла ў шлях, і ўжо хаджу штогод. Там служу сваім спевам.
    Памятаю, як перад паступленнем ва ўніверсітэт я не ведала, куды мне падацца, не магла вырашыцца. І прыехала ў Рось на рэкалекцыі з кс. Янам Рэчэкам. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту с. Станіслава сказала мне словы, якія памятаю да гэтага часу. Яны дапамаглі мне вызначыцца і абраць жыццёвую дарогу.
    Рось – гэта месца, дзе я аддаю Хрысту свае слабасці, стомленасць, грахі, з якімі прыходжу. Тут я напаўняюся Святым Духам, сіламі, Божым бласлаўленнем. Адчуваю сябе ў Росі як дома ў Таты, які з любоўю прымае мяне такой, якая я ёсць!
   
    Я паехала на рэкалекцыі ў Рось, таму што не мела душэўнага спакою. Была раздражнёнай, злоснай. Часта зрывалася на мужы, дзецях. Не разумела ўжо, што такое зло, а што такое дабро. Чытала гараскопы, хадзіла да варажбітак, захапілася фэн-шуем. Мае дзеці казалі, што гэта грэх, а я не верыла. Памятаю, калі а. Руфус Перэйра маліўся нада мной, я адчула, як штосьці літаральна выйшла з мяне, зразумела, колькі нядобрага ўчыніла ў жыцці. Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што Ён прабачыў мяне, выратаваў і паказаў на шлях да ачышчэння.
    Марына, Мінойты
   
    Пасля рэкалекцый у Росі непакоіў моцны кашаль з рвотай. Але я атрымаў дар навяртання! Пачаў штодня маліцца на ружанцы, вызваліўся ад алкагольнай і нікацінавай залежнасцей. А курыў да гэтага 40 гадоў…
    Юзаф, Малэйкаўшчына
   
    Я ўвесь час жыла з пастаянным пачуццём віны. З-за гэтага часта была плаксівай, перажывала нервовыя зрывы. Я ацалілася падчас рэкалекцый, якія праводзіў кс. Ян Рэчэк! Мне стала лягчэй на душы, я ўбачыла прыгажосць жыцця. Калі вярнулася дамоў, падышла і дакранулася да свайго мужа, які няверуючы, а ён заплакаў…
    Яніна, Ваўкавыск
   
    Меў шмат праблем, пачуццё страху, хоць я не з баязлівых. Часам не бачыў выхаду з некаторых жыццёвых сітуацый. На рэкалекцыях у Росі адкрыў Езусу сваё сэрца, перажыў глыбокае пакаянне, прабачыў крыўдзіцелям і… адчуў сябе нанова! Мяне ўразіла малітва аб перапыненні грахоўнай сувязі з продкамі. Ніколі пра гэта не чуў раней…
    Рэкалекцыі даюць надзею, унутраны спакой, палёгку, дапамагаюць абнавіць веру. Усё раптам становіцца зразумелым. Ты ўзмацняешся, становішся больш сталым духоўна. Хочацца жыць і тварыць.
    Аляксандр, Гродна
   
    У Росі я зразумела Божую волю адносна таго, чаму ў нас з мужам на працягу 11-ці гадоў няма дзяцей: аборты продкаў. Цяпер мы бацькі. Удачарылі дзяўчынку і верым, што ў нас яшчэ будуць свае дзеці.
    Алена, Ліда
   
    У Росі асаблівая малітоўная атмасфера. Пасля рэкалекцый адчуваеш, як у цябе вырастаюць крылы! Канешне, усе жыццёвыя праблемы не знікаюць, але папросту інакш на іх цяпер глядзіш. Падчас рэкалекцый заўсёды пішу канспекты. І калі пасля зачытваю іх знаёмым, заўважаю, як яны знаходзяць у іх адказы на свае жыццёвыя пытанні.
    Ірына, Ліда
   
Шмат людзей з даўніх часоў прыязджалі і зараз прыязджаюць у Рось у пошуку вырашэння жыццёвых праблем. Для гэтага яны прымаюць удзел у рэкалекцыях, якія арганізоўваюцца ў парафіі. З 2004 года іх праводзілі такія вядомыя ў свеце рэкалекцыяністы, як а. Руфус Перэйра, а. Джэймс Манджакал, а. Джон Башабора, кс. Ян Рэчэк.
    З часам ўзнікла неабходнасць стварэння ў парафіі “духоўнага санаторыя”, дзе людзі змогуць спыніцца і на некаторы час “закрыцца” ад свету, каб Бог прамовіў да іх у цішыні. Такім чынам паўстаў рэкалекцыйны дом, які ў 2017 годзе асвяціў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
   
    Бліжэйшыя рэкалекцыі ў Росі адбудуцца: 27–29 ліпеня“Да ацалення праз прабачэнне”, кс. кан. Юзаф Ганьчыц;
    10–12 жніўня“Не бойся, толькі вер…” (Мк 5, 36), кс. Юрый Кузьміч;
    24–26 жніўня“Сем смяротных грахоў” (згодна вучэнню Айцоў Касцёла), кс. Аляксей Раманчук.
   
    Для ўдзелу ў духоўных практыкаваннях неабходна абавязковая рэгістрацыя па тэлефоне: (8 029) 886-31-28.
    Па пытанні запісу просьба тэлефанаваць з панядзелка па пятніцу а гадзінах: 11.00–12.00, 20.00–21.00.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  135

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.