ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 17 ліпеня 2018 года
«Касцёл без мучанікаў
– гэта Касцёл без Хрыста»
/ Папа Францішак /

Св. Брыгіта Шведская: заступніца пілігрымаў

Нашы заступнікі перад Богам

brygidaУ старэйшым узросце шмат пілігрымавала ў святыя месцы: Рым, Святую Зямлю. З’яўляецца заступніцай паломнікаў, а таксама апякункай добрай смерці. Разам са св. Кацярынай Сіенскай і св. Тэрэзай Бенедыктай ад Крыжа апекуецца Еўропай, з’яўляецца заступніцай Швецыі.
Клапацілася аб
   еднасці Касцёла

    Брыгіта нарадзілася ў 1303 годзе ў Фінстад каля Упсала (Швецыя). Паходзіла са шляхетнага роду. У маладым узросце засталася без бацькі. Маці хутка выдала дачку замуж, хоць тая хацела стаць манахіняй. На шчасце, абраннік, Ульф Гудмарсан, аказаўся чалавекам высакародным і такім жа набожным, як сама Брыгіта. Былі шчаслівым сужэнствам, у якім нарадзілі 8 дзяцей.
Калі дзеці выраслі, сужэнцы разам накіраваліся на Каміна дэ Санцьяга (Іспанія). Каб дабрацца да санктуарыя св. Якуба, яны патрацілі 2 гады. На жаль, падчас зваротнага шляху Ульф захварэў і ў хуткім часе пасля вяртання ў Швецыю адышоў у вечнасць. Сужэнцы пражылі разам 28 гадоў.
    У той час Брыгіта ўжо была шырока вядомая не толькі ў сваёй краіне. Яна падтрымлівала кантакты з самымі інтэлектуальна і духоўна моцнымі тэолагамі тых часоў. Была адной з найлепш адукаваных жанчын XIV стагоддзя. У “Кнізе аб’яўленняў” Брыгіта запісвала прадказанні, якія датычылі Касцёла, Папаў, што жылі ў яе часы, лёсаў дзяржаў і іх тагачасных кіраўнікоў. Была пераканана, што піша тое, што ёй дыктуе Хрыстос. Заклікала да выпраўлення маралі, пагражала Божым пакараннем. Перапісаны змест яе бачанняў у копіях кружыў па Еўропе.
    Галоўным клопатам Брыгіты было вяртанне Папы з Францыі, з т. зв. авіньёнскага палону, у Рым (Італія). Непакоілася таксама з-за ўзрастаючай колькасці сект, бо прагнула еднасці Касцёла. Карысталася сваімі кантактамі і аўтарытэтам, каб прадухіляць міжнародныя канфлікты, указваць на памылкі і рэфармаваць адносіны ў Касцёле. З мэтай малітвы ў гэтых інтэнцыях стварыла Ордэн Найсвяцейшага Збавіцеля (брыгіткі).
    Памерла, як сама прадказала, 23 ліпеня 1373 года ў Рыме.
    У яе пахаванні ўдзельнічалі тлумы вернікаў. Хронікі падаюць, што з нагоды пахавання Брыгіты мноства хворых былі аздароўлены. Цела жанчыны праз Корсіку, Штырыю, Маравію і Польшчу было перапраўлена ў Швецыю, дзе спачыла ў кляштары ў Вадстэне, які яна заснавала.
    Дзякуючы намаганням дачкі Кацярыны, у будучым таксама святой, Брыгіта была кананізавана ўжо ў 1391 годзе. У 1489 годзе рэліквіі маці і дачкі змясцілі ў адной урне. Пасля пераходу Швецыі ў 1595 годзе ў пратэстантызм, гэтыя рэліквіі зніклі.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Брыгіты?
    Святая заклікае, каб мы вярнуліся да вытокаў. Указвае, што адзінай дарогай вечнага шчасця з’яўляецца трыванне поруч з Богам. Гэта асабліва актуальна сёння, калі хрысціянскія вартасці ссоўваюцца на абочыну жыцця.
   
    Цікава!
    Св. Брыгіта заснавала т. зв. “двайны” кляштар (у сярэднявеччы дастаткова частая з’ява). У адным крыле жылі манахіні, у другім – манахі. Сустракаліся яны толькі ў капліцы на літургіі, а камунікацыя паміж супольнасцямі адбывалася пры дапамозе паваротнай паліцы, называнай бубнам. У жаночую частку будынка меў доступ толькі святар, які выконваў абавязкі спаведніка сясцёр.
   
    З вуснаў святой
    “Сапраўды мудры той, хто ведае адно слова: любоў”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Брыгіту Шведскую 23 ліпеня.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  168

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.