ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 26 верасня 2018 года
«Кроў мучанікаў
– заклік да еднасці хрысціян»
/ Папа Францішак /

Касцёл мучанікаў

Слова рэдактара

 З зараджэння хрысціянства вернікі аддавалі сваё жыццё за веру ў Хрыста. Падмуркі Касцёла выкуплены ахвярамі шматлікіх паслядоўнікаў Езуса, якія за прыналежнасць да свайго Збаўцы пакорна прымалі страшныя пакуты і жудасную смерць.
    Здаўна пануе перакананне, што кроў мучанікаў з’яўляецца пасевам новых хрысціян. Героі веры прайшлі шлях ачышчэння, добраахвотна прымаючы боль і пакуты, не губляючы пры гэтым чалавечай годнасці. “Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці” (Ап 7, 14).
Аддаючы жыццё па прыкладзе Настаўніка, вызнаўцы Хрыста становяцца сапраўднымі сведкамі хрысціянскай веры. Яны прыгадваюць нам, што мучаніцтва з’яўляецца найвышэйшым уцелаўленнем Евангелля, паколькі абвяшчаюць Добрую Навіну сваім жыццём. Не могуць жыць без Хрыста і жадаюць лепш памерці, чым здрадзіць Яму, бо перакананыя, што Езус – Пан і Збаўца, і таму толькі ў Ім чалавек можа знайсці сапраўдную паўнату жыцця... (параўн.: Ecclesia in Europa, №13).
    XX стагоддзе можна прызнаць адным з найбольш крывавых перыядаў у гісторыі, назваць эпохай масавых замахаў на чалавечае жыццё. Асаблівым чынам пакутавалі з-за гэтага краіны былога Савецкага Саюза. Тут ламалі Божы закон і асноўныя правілы хрысціянскай этыкі. Не абмінула такая доля і тэрыторыю нашай краіны.
    1941–1945 гады – гэта час гераічнай мужнасці народа Беларусі ў гатоўнасці зносіць мукі для Хрыста. Яны сталі самым жудасным у гісторыі выпрабаваннем, аплочаным мільёнамі ахвяр і каласальнымі стратамі як у матэрыяльнай сферы, так і ў маральна-духоўнай. Але гэты перыяд даў нашым землям многіх мучанікаў, што пазней былі ўзведзены да хвалы алтара.
    У бягучым годзе прыпадае 75-ая гадавіна смерці сясцёр мучаніц з Навагрудка і Мар’яны Бярнацкай, памяць якіх асаблівым чынам ушаноўваецца ў Гродзенскай дыяцэзіі. Жыццё гэтых асоб з’яўляецца для вернікаў прыкладам для пераймання. Праз акт беатыфікацыі, што папярэднічае этапу кананізацыі, Касцёл афіцыйна далучыў іх да ліку бласлаўлёных.
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце ўглядацца ў прыклад бласлаўлёных мучанікаў нашых зямель, у прыклад іх бязмежнай адданасці Хрысту і Евангеллю. Просім Бога, каб і нам заўсёды даваў сілы, каб былі Яго вернымі сведкамі, жылі хрысціянскай надзеяй, асабліва ва ўтоеным пакутніцтве – выконваючы штодзённыя абавязкі добра, сумленна і з любоўю.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  97

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.