ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 14 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Летні адпачынак: для аднаўлення душэўных і фізічных сіл

На шляху да святасці

Шмат хто збіраецца летам у водпуск. Звычайна яго плануюць загадзя, каб многае паспець і па максімуму скарыстасць з выдзеленага на адпачынак тэрміну. А як бавяць свой вольны час падчас канікул навучэнцы духоўных семінарый? Як адпачываюць летам духоўныя і кансэкраваныя асобы?
Падчас летняга адпачынку навучэнцы семінарыі некаторы час прабываюць у яе сценах. Яны выконваюць абавязкі тых, ахвярная праца каго не заўсёды заўважная на працягу акадэмічнага года, але, у той жа час, вельмі важная і неабходная. Такім чынам, алюмны даглядаюць за прылягаючай тэрыторыяй семінарыі, падтрымліваюць чысціню і парадак у будынку, рыхтуючы яго для рэкалекцый, у якіх хутка будуць прымаць удзел міністранты і святары. Гэты бясцэнны вопыт вучыць клерыкаў клапаціцца аб сваёй альма-матэр, шанаваць працу і высілак іншых людзей.
У залежнасці ад таго, на якім этапе фармацыі знаходзіцца будучы святар, семінарыйныя ўлады вызначаюць навучэнцу душпастырскую практыку. Напрыклад, 1-шы і 2-гі курсы выязджаюць у дзіцячы лагер адпачынку ў Няцечы пры “Карытас” Гродзенскай дыяцэзii. 3-ці, 4-ты і 5-ты курсы на працягу аднаго летняга месяца дапамагаюць святарам у парафіях у выкананні іх штодзённых абавязкаў (у арганізацыі і правядзенні “Канікул з Богам”, пілігрымак, літургічнай паслузе падчас св. Імшы, асабістых сустрэчах з міністрантамі і вернікамі парафіі і інш.).
    Цяжка таксама ўявіць летнія канікулы семінарыста без сустрэчы з тымі, хто з’яўляецца крыніцай іх жыцця і нястомна суправаджае на дарозе да святарства, а менавіта з бацькамі і з пробашчам роднай парафіі. Час, праведзены ў асяроддзі родных і блізкіх, з’яўляецца штуршком для таго, каб з новымі духоўнымі сіламі і запалам увайсці ў новы навучальны год.
   
    Кл. Яўген Амасёнак
    Найбольш мне запомніліся летнiя канiкулы пасля заканчэння 1-га года вучобы. Нават дакладна не разумею, чаму менавiта яны так моцна аселi ў памяцi... Магчыма, па той прычыне, што распачаўся мой адпачынак ад удзелу ў iгнацыянскiх рэкалекцыях, якiя пакiнулi пасля сябе неразбуральны адбiтак на маёй духоўнасцi i цяпер з’яўляюцца неад’емнай часткай маёй семiнарыйнай фармацыi. Пасля гэтага меў унiкальную магчымасць праходзiць практыку ў дзіцячым лагеры адпачынку ў Няцечы. Эмоцыi i ўражаннi, якiя я атрымаў падчас сумеснага прабывання з дзецьмi, не забуду нiколi. Яшчэ мне давялося далучыцца да пiлiгрымкi Гродна-Навагрудак, якую штогод арганiзоўваюць сёстры назарэтанкi. Там я сустрэў цудоўных людзей, якiя паўплывалi на маё духоўнае станаўленне i зараз нястомна суправаджаюць мяне на шляху да святарства. Час, праведзены ў семiнарыi ў асяроддзi аднадумцаў, таксама навучыў мяне шматлiкiм рэчам, сярод якiх – клопат аб адзiнстве, неабходнасць узаемападтрымкi ў выкананнi штодзённых абавязкаў i ўменне захоўваць дабразычлiвасць нягледзячы на розныя жыццёвыя абставiны. Думаю, што менавiта гэтыя падзеi і паспрыялi таму, каб мой першы летнi адпачынак запомніўся на ўсё жыццё.
   
    У святароў, манаскіх братоў і сясцёр таксама ёсць некалькі тыдняў адпачынку. Яны могуць выкарыстаць яго ў любы час, у тым ліку і летам (пры магчымасці і ўзгадніўшы з настаяцелямі). Духоўныя і кансэкраваныя асобы плануюць водпуск па ўласным меркаванні. Спярша некаторы час пажадана прысвяціць бацькам, а пасля можна сустрэцца са знаёмымі, роднымі, сябрамі. Таксама можна пайсці ў пілігрымку ці арганізаваць падарожжа, правесці час на ўлонні прыроды ці наведацца ў дом да братоў ці сясцёр са сваёй кангрэгацыі, прыняць удзел у рэкалекцыях. Галоўнае, каб час адпачынку быў выкарыстаны з карысцю, у першую чаргу, для душы.
   
    С. Віргінія Хацян CSFN
    У мінулым годзе я тыдзень правяла ў сваякоў у Польшчы. Было незвычайна і цікава, бо гасціла ў родных, якіх раней ніколі не бачыла. Апошні раз мая мама кантактавала з імі, калі была яшчэ маленькай дзяўчынкай. Потым сувязь абарвалася. Ніхто дакладна не ведаў ні адрасу, ні прозвішчаў гэтых сваякоў. Ведалі толькі, што яны ёсць, і зрэдку ўспаміналі з жаданнем знайсці. Праз нейкі час праз інтэрнэт мне ўдалося адшукаць мамінага брата, святара, які выкладае ва ўніверсітэце ў горадзе Зелёна-Гура. Ён вельмі ўзрадаваўся і здзівіўся, што мае пляменніцу манахіню. Усім сваім знаёмым распавёў! Год я з ім перапісвалася, а пасля паехала ў госці. Там пазнаёмілася з яго мамай. Было неяк трохі дзіўна разглядваць такія ж фотаздымкі, якія захоўваюцца і ў нас дома, ці слухаць гісторыі пра прадзядулю ці прабабулю, якія жылі ў нас... Дзякую Богу, што даў мне магчымасць пазнаць сваякоў, з якімі ў маю так шмат агульнага! А яшчэ гэтая гісторыя натхніла мяне больш маліцца за святароў, якія нясуць на сабе няпросты і адказны дар душпастырскай паслугі. Цяпер ужо проста не магу не скіроўваць свае малітвы ў іх інтэнцыях.
   
   Кс. Уладзіслаў Сурвіла
    Мінулым летам мы невялікай кампаніяй – я, дыякан, клерык і 2 свецкія хлопцы – адправіліся ў аўтамабільную пілігрымку. Вырашылі аб’ездзіць усе абласныя цэнтры Беларусі, каб пабачыць старажытныя касцёлы і цэрквы нашай краіны. Пакланіліся таксама ля ног Маці Божай Каралевы Азёр у Браславе. Былі вельмі ўражаны Сафійскім саборам у Полацку... За 5 дзён праехалі больш за 2 тысячы кіламетраў! Чым адметная менавіта аўтамабільная пілігрымка... Можаш зрабіць прыпынак у любым месцы, калі табе захочацца. Як святару мне было няцяжка дамовіцца з пробашчамі парафій наконт начлегаў, таму з гэтым праблем не мелі. Канешне, такая пілігрымка-турнэ не магла не пакінуць у маёй душы пэўны след. Па-першае, у падарожжах чалавек узбагачаецца: пазнае новыя месцы, людзей. Па-другое, у пілігрымках маеш магчымасць “зарадзіцца” ў асаблівай атмасферы ў намоленых месцах. І па-трэцяе, ёсць нагода зірнуць на сябе збоку, навучыцца прымаць уласную асобу і іншых людзей. Безумоўна, гэта быў вельмі карысны і цікавы досвед. Пры магчымасці, напэўна, паўтарыў бы.
   
    Летні адпачынак – добрая нагода для таго, каб навучыцца правільна вызначаць прыярытэты і плённа выкарыстоўваць вольны час. Іншымі словамі, гэта бясцэнны дар, каштоўнасць якога цалкам залежыць ад таго, наколькі разважліва і свядома чалавек выкарыстае дадзеную Богам магчымасць узрастаць у любові да Хрыста і бліжняга.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  48

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.