ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Панядзелак, 20 жніўня 2018 года

Наступны нумар газеты чытайце з 9 верасня

«Каб атрымаць доступ да сэрца Езуса, трэба давяраць Яму»
/ Папа Францішак /

Сказаць, чым жыве сэрца

Слова рэдактара

 Кожнаму верніку неабходна месца, дзе ён можа асабіста сустрэцца з Нябесным Айцом, з бліжнімі і з самім сабой. Такім месцам з’яўляецца святыня. Гэта і знак прысутнасці Стварыцеля сярод свайго стварэння (там супольнасць сустракаецца з Богам у Езусе Хрысце – адзіным Пасрэдніку паміж Усемагутным і людзьмі), і пляцоўка для супрацоўніцтва з братамі па веры (там хрысціяне збіраюцца, каб разам служыць Богу і іншаму чалавеку), і абшар, дзе можна сустрэцца з самім сабой (там вернікі, змучаныя штодзённай гонкай, хаця б на хвіліну затрымліваюцца, каб адсунуць на далейшы план мірскія справы і стаць у праўдзе перад Богам, нібы зірнуць на сябе Яго вачамі).
Аднак ёсць асаблівыя святыні, у якія штогод накіроўваюцца шматлікія пілігрымкі. У Гродзенскай дыяцэзіі ўжо зусім хутка сотні паломнікаў вырушаць у санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях, каб у чарговы раз даручыць свае планы і надзеі Багародзіцы.
    Выключнай будзе пілігрымка ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі, таму што сёлета прыпадае 400-ая гадавіна з моманту першага занатаванага ў парафіяльных кнігах цуду. Калісьці адна пажылая жанчына, сляпая ад нараджэння, прыбыла ў касцёл з жаданнем прыступіць да споведзі. Яна праціскалася праз натоўп вернікаў, сабраных на св. Імшы, просячы дапамагчы ёй дабрацца да святара. Тады хтосьці вырашыў пажартаваць і накіраваў жанчыну да фігуры Езуса Журботнага, якая ў той час стаяла ў прытворы касцёла. Жанчына ўпала перад скульптурай на калені і пачала спавядацца. Калі скончыла пакаянне, рука ў фігуры Хрыста паднялася ў жэсце адпушчэння грахоў, а жанчына стала відушчай.
    Па прыкладзе гэтай жанчыны многія вернікі адпраўляюцца ў дарогу, каб стаць перад Богам у духу пакоры і з раскаяннем у сэрцы. Стаць у праўдзе з усім тым, што ляжыць на душы. Часта з цяжарам, што прыгнятае да зямлі. Стаць, каб расказаць пра свае страхі і турботы, каб пачуць ад Марыі: “Зрабіце ўсё, што Сын мой скажа вам”.
    Шлях пілігрымавання заўсёды спалучаны з вялікай ахвярай, а няраз і з цярпеннем. Аднак, нягледзячы ні на што, мноства людзей штогод дабравольна бярэ на сябе гэтае ўтаймаванне. Яго патрабуюць як самі асобы, якія вырушаюць у дарогу, так і іх сем’і і блізкія. Яго патрабуе і Касцёл на Гродзеншчыне, у Беларусі, каб мы ўсе як адна супольнасць адчувалі прысутнасць і падтрымку адзін аднаго, каб разам пазнавалі, чым для нас з’яўляецца Касцёл і з надзеяй глядзелі ў будучыню.
    Бачачы на дарогах столькі маладых і старэйшых вернікаў, нараджаецца надзея, што на нашых землях вера, якую паломнікі нясуць у сваіх сэрцах, будзе развівацца, што яна стане паўсюднай у нас саміх, нашых сем’ях і грамадстве.
   
   Дарагія Чытачы!
   Падтрымайма малітвамі ўсіх пілігрымаў, якія сёлета возьмуць на сябе цяжкасці падарожжа ў святыя месцы. Па меры сваіх магчымасцей і схільнасцей давайце таксама прымем удзел у тых цудоўных сустрэчах, што адраджаюць веру ў сэрцах і напаўняюць іх Божым духам!

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  134

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.