ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Пятніца, 20 красавіка 2018 года
«Кожнае пакліканне патрабуе выхаду па-за свае межы, каб засяродзіцца на Хрысце»
/ Папа Францішак /

Святарскае пакліканне: дар і таямніца

Інтэрв'ю

sarelaУ IV Велікодную нядзелю, якую называюць Нядзеляй Добрага Пастыра, будзем адзначаць 55-ты Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях.
    У гэты дзень молімся ў інтэнцыі пакліканняў да святарскага, кансэкраванага і місійнага жыцця.
Святарства – гэта не адно з грамадзянскіх правоў, якія па сваёй прыродзе служаць чалавеку, але незвычайны дар Божай любові. Пакліканне ніколі не з’яўляецца такім відавочным, як многія рэчы, што акружаюць нас у будзённым жыцці. Дык як яго распазнаць? На гэтыя і іншыя пытанні, якія датычаць сур’ёзнай падрыхтоўкі да святарскай паслугі, адказвае кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Гродзенскай ВДС.
   
    – Пакліканне да святарства, як нам прыгадвае Святы Айцец, з’яўляецца адначасова дарам і таямніцай. Якія асноўныя знакі паклікання?
    – Асноўным знакам паклікання да святарства і адначасова абавязковай умовай рэалізацыі распазнанага паклікання з’яўляецца асабістая прыязнасць з Хрыстом. Ніхто акрамя Збаўцы не можа аб’явіць яго. А голас Езуса можна пачуць толькі ў хвіліны непасрэднай сустрэчы з Ім.
    Чарговым знакам прызначэння да Божай службы, да святарскага стану з’яўляецца тое, што чалавек мае чыстыя інтэнцыі, хоча бескарысліва служыць Пану, захапляецца Хрыстом і прагне Яго пераймаць. Менавіта гэтыя, а не іншыя прычыны, сярод якіх можа аказацца жаданне рэалізаваць уласныя – часта хворыя – амбіцыі, павінны кіраваць маладым чалавекам.
Калі ён прагне служыць Хрысту з любові да Яго і да тых, каго Езус паставіць на яго шляху, ніхто не адбярэ ў яго радасць ад усведамлення таго, што стаў святаром. Калі ж хтосьці выбраў святарства, каб мець задавальненне ці заваяваць людскую ўдзячнасць, то ўжо з самага пачатку ён прыгавораны да няўдачы.
   
    – Як распазнаць жыццёвае пакліканне?
    – Гэтая справа патрабуе часу, а таксама кампетэнтнай асобы побач. Трэба, каб чалавек на каленях прасіў дапамогі Святога Духа, які праз духоўнага кіраўніка, спаведніка ці пэўныя падзеі ў жыцці ўкажа правільнае рашэнне. Ён павінен старанна працаваць над сабой, каб здолець з чыстым сэрцам сказаць Богу, самому сабе і кіраўнікам, што, усведамляючы адказнасць, ён хоча адказаць на дар Божага паклікання і што не змарнуе гэтага дару.
   
    – Якая роля духоўнага правадніка ў працэсе фармацыі будучага святара?
    – Каб прарасці, насенню неабходна сонца, вільгаць і добрая глеба. Падобна і з кандыдатам да святарства. Чалавек, які пачуў Божы заклік, патрабуе на сваім шляху асаблівай дапамогі. Разумнае спадарожнічанне пакліканым неабходна, каб у адпаведны час яны здолелі прыняць асабістае, вольнае і сталае рашэнне поўнасцю аддаць сябе Хрысту і вытрываць на выбранай дарозе да канца жыцця. Важную ролю ў гэтай справе адыгрывае спаведнік і духоўны кіраўнік. Менавіта яны дапамагаюць распазнаць пакліканне, указваюць бачанне святарства. Без духоўнага кіраўніцтва падрыхтоўка кандыдата немагчымая.
   
    – Многія святары сцвярджаюць, што адкрылі сваё пакліканне дзякуючы іншым асобам. Ці варта заўсёды прыслухоўвацца да галасоў дарадчыкаў?
    – Гэта павінны быць добрыя дарадчыкі: не тыя, хто ўгаворваюць, вырашаючы за кагосьці, а тыя, хто дапамагаюць адкрыць пакліканне і пачуць голас Бога. Пастараюся растлумачыць на прыкладзе.
    Уявім сабе, што ў пэўнай парафіі жыве хлопец, які з’яўляецца міністрантам у касцёле, паходзіць з добрай сям’і, набожны, шануе маральныя каштоўнасці. Гледзячы на яго паставу, акружэнне гаворыць: “Ты павінен пайсці ў семінарыю, бо створаны для таго, каб быць ксяндзом”. Аднак гэты хлопец не знаходзіць у сваім сэрцы паклікання да святарства. У падобнай сітуацыі не варта мучыць сябе і ісці супраць уласнай волі ў семінарыю.
   
    – Чалавек павінен мець 100% упэўненасці ці мусіць ісці ў семінарыю, нягледзячы на сумненні?
    – Можна і трэба ісці, хоць існуюць сумненні. Здаецца, я яшчэ не сустракаў такога чалавека, які з самага пачатку меў бы абсалютную ўпэўненасць, што з’яўляецца асобай, пакліканай да святарства, што павінен прыняць пасвячэнне і стаць ксяндзом. Менавіта для гэтага і існуе семінарыя: каб малады чалавек меў магчымасць разважаць і распазнаваць сваё пакліканне. Сумненні – гэта нармальная справа, асабліва ў сённяшнія часы, калі свет прапануе маладым людзям мноства прывабных дарог.
   
    – Гродзенская семінарыя штогод арганізоўвае рэкалекцыі распазнання паклікання. Ці бачны ўжо плён гэтых мерапрыемстваў?
 Пасля некалькіх гадоў выпрабаванняў і разважання над сваім пакліканнем дыяканы публічна вызнаюць гатоўнасць служыць Хрысту і Касцёлу   – З нашага вопыту вынікае, што такія рэкалекцыі вельмі дапамагаюць маладым людзям распазнаць сваё жыццёвае пакліканне. Амаль усе клерыкі, якія сёння вучацца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у свой час прымалі ўдзел у такіх духоўных практыкаваннях. Нават сама іх назва гаворыць аб тым, што павінны служыць дапамогай маладому чалавеку. Удзел у такіх сустрэчах не азначае, што іх удзельнік абавязкова павінен стаць ксяндзом. Падобныя рэкалекцыі – нагода, каб задумацца на тым, як рэалізаваць заданне, якое Бог ставіць перада мной, г. зн. да чаго Ён мяне заклікае.
    Часта здараецца, што маладыя людзі заглушаюць у сабе голас Усемагутнага – пяшчотны, спакойны, ціхі, паколькі Ён ніколі не навязвае нам сваёй волі. Шум і супраціў навакольнага свету ў сваю чаргу спрыяюць таму, што хлопец не можа знайсці сябе. Здараецца і так, што ў сэрцы маладога чалавека Бог ужо засеяў зярнятка паклікання, але бацькі не хочуць на гэта згадзіцца, паколькі мелі для дзіцяці іншы план. Па гэтай прычыне ў сэрцы маладога чалавека нараджаецца няўпэўненасць, сумненні. Таму вельмі важна, каб моладзь прымала ўдзел у такіх рэкалекцыях, бо гэта значыць, што яна задае сабе пытанні і шукае на іх адказы, прагнучы знайсці сябе.
   
    – Святар – гэта хтосьці, хто ўмацоўвае людзей у веры, надзеі і любові. Па гэтай прычыне ён павінен быць сталай асобай: як на чыста чалавечым узроўні, так і на хрысціянскім. Якім чынам адбываецца фармацыя кандыдата, каб ён дасягнуў неабходнага ўзроўню сталасці?
    – У Апостальскай адгартацыі “Pastores dabo vobis” указваецца на 4 вымярэнні фармацыі: людское, духоўнае, інтэлектуальнае і душпастырскае. Заданнем людскога вымярэння з’яўляецца, галоўным чынам, фарміраванне ў будучага святара здольнасці да будавання добрых адносін з іншым чалавекам. Мэта духоўнай фармацыі – будаванне глыбокіх і трывалых адносін з Панам Богам. Інтэлектуальная фармацыя ахоплівае філасофска-тэалагічнае навучанне. На шляху да святарства яна адыгрывае незвычайна важную ролю: каб магчы выйсці ў свет і супрацьстаяць праблемам сучаснага грамадства, ксёндз павінен валодаць адпаведнай адукацыяй і ведамі. Падчас душпастырскай фармацыі клерыкі вучацца паказваць людзям Хрыста, які “прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб самаму служыць” (параўн.: PDV 57). Менавіта таму алюмны, апрача шматлікіх абавязковых заняткаў, павінны развіваць у сабе ўласныя зацікаўленасці, прысвячаючыся іншым.
   
    – Якім чынам клерыкі развіваюць адчувальнасць да патрэб і цярпенняў іншых людзей?
    – Каб быць добрым святаром, трэба перш быць добрым чалавекам, мець адкрытае сэрца. Адной з праверак для будучых ксяндзоў, якія навучаюцца ў гродзенскай семінарыі, з’яўляецца камунікаванне з хворымі і самотнымі пажылымі асобамі, якія знаходзяцца ў Доме міласэрнасці ў Каменцы, а таксама з дзецьмі з Дзіцячых дамоў у Радуні і Галавічполі. Такім чынам клерыкі адкрываюцца на бескарыслівую любоў да бліжняга.
   
    – Яшчэ адной важнай умовай падрыхтоўкі да святарства з’яўляецца фарміраванне адпаведнага бачання святара і яго місіі. У чым гэта заключаецца?
    – Святарства не з’яўляецца спосабам шукання лёгкага і выгоднага жыцця. Для сапраўднага святара вернасць Хрысту і атрыманаму пакліканню – гэта найвялікшая вартасць. Яна заключаецца ў тым, каб быць сведкам Божай любові і праўды, якая вызваляе з граху, абвяшчаць Добрую Навіну, карміць Божым Целам і дапамагаць у будаванні Божага Валадарства. Добры святар павінен любіць усіх, глядзець вачамі Хрыста. Быць сярод людзей незалежна ад таго, якія яны: добрыя ці дрэнныя, рэлігійныя ці менш рэлігійныя – і быць зацікаўленым. Павінен умець дапасавацца да індывідуальнай сітуацыі іншага чалавека, ставячы на першае месца яго збаўленне. Варта разумець, што прычынай усяго з’яўляецца Бог, а ксёндз – толькі інструмент, памочнік у справе вядзення людзей да Нябеснага Айца.
   
    – Агульнасусветнай тэндэнцыяй з’яўляецца скарачэнне колькасці пакліканняў. Чаму ўсё менш тых, хто прагне адкрываць сэнс жыцця ў Богу?
    – Прычын таму вельмі шмат: маладыя людзі менш сталыя, маюць цяжкасці са зразуменнем паклікання і вернасцю прынятаму рашэнню. Можа, мы замала даём сведчанне і прыклад, не праводзім дастатковай колькасці пакліканневых акцый у парафіях. Лічу, што гэтая сітуацыя з’яўляецца сігналам для нас, людзей Касцёла, што трэба ўзяцца за працу. Вядома, што кліча Бог, але і мы не павінны бяздзейсна адчайвацца з-за таго, што сітуацыя пагоршылася. Трывае І Дыяцэзіяльны сінод, у межах якога створана Камісія па справах пакліканняў. Мы прагнем глыбей засяродзіцца над гэтым пытаннем.
   
    – Якую ролю адыгрывае малітва вернікаў у інтэнцыі пакліканняў?
    – Малітва ў інтэнцыі пакліканняў адыгрывае вялізную ролю, паколькі Езус казаў: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам” (Мц 7, 7). Гродзенскі Касцёл актыўна моліцца за кандыдатаў да святарскай службы. У кожны першы чацвер месяца адбываюцца адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі духавенства. Многія вернікі індывідуальна моляцца за ксяндзоў аб умацаванні, асвячэнні і вядзенні Святым Духам, аб дапамозе і бласлаўленні, ахвяруючы за іх свае цярпенні, клопаты і боль, радасці і добрыя ўчынкі.
Падчас Тыдня малітвы аб пакліканнях Касцёл асаблівым чынам запрашае нас далучыцца да малітвы аб новых пакліканнях, а таксама за тых, хто ўжо пакліканы Богам, каб верна пераймаць Езуса Хрыста, Добрага Пастыра. Гэтае запрашэнне скіравана ўсім нам. Дык давайце – кожны ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі – адкажам на яго. Няхай не толькі гэты тыдзень, але і іншыя дні года будуць часам з’яднання ў малітве ўсіх вернікаў у інтэнцыі тых, хто прагне з адказнасцю выканаць місію, даручаную ім Богам.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.