ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

НЯДЗЕЛЯ УВАСКРАСЕННЯ ПАНА

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”.
    Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы.
    Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Ян 20, 1–9

Паверыць ва Ўваскрослага
   Пасля сустрэчы з уваскрослым Езусам у жыцці Апосталаў усё змянілася. Напалоханыя і поўныя сумненняў, яны сталі адважнымі сведкамі Добрай Навіны. Ужо не баяліся кінуць у твар правадырам людзей: “Не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі” (Дз 4, 20). Пётр, які, схлусіўшы, адрокся ад Хрыста перад брамніцай, здолеў стаць перад натоўпам, каб папракнуць яго наўпрост: “Рукамі бязбожных вы забілі Справядлівага” (параўн.: Дз 2, 23). Многія былі ўзрушаны гэтымі словамі, таму пыталіся, што павінны рабіць. Адказ Пятра быў просты: паверыць ва Уваскрослага (параўн.: Дз 2, 37–38).
    Мы сёння таксама патрабуем той мужнасці Апосталаў і веры ў змёртвыхпаўсталага Хрыста. Так проста, на першы погляд, аднак так складана. Пустая магіла запаўняе нашу ўнутраную пустату і асвячае цемру, задавальняе імкненне да вечнасці і дадае адвагі. Гэта брама Жыцця, дзе заўсёды будзе гучаць радаснае “Алелюя”.
   
● Ці веру я ва Уваскрослага?
   ● Што перашкаджае мне ўдасканальваць сваю веру?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.