ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Плённыя рэкалекцыі, або наладжванне жывых адносін з Богам

Інтэрв'ю

Падчас Вялікага посту ў кожнай парафіі праходзяць рэкалекцыі. Якой мэце яны служаць? У чым небяспека ігнаравання духоўных практыкаванняў для верніка? І як належным чынам падрыхтавацца да іх плённага перажывання? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. Віктар Ханько, пробашч парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах.
Як у Касцёле з’явілася традыцыя правядзення рэкалекцый для вернікаў?
    – У паўсядзённым жыцці мы маем мала часу, каб задумацца над глыбокімі вымярэннямі. У жыццё, у тым ліку і духоўнае, пранікае “аўтаматызм”. Падчас рэкалекцый (з лац. recollectio – “зноў збіраць, прымаць”) мы вяртаемся да чагосьці, што ўжо пройдзена, але што яшчэ неабходна пераасэнсаваць, над чым належыць паразважаць.
    Ідэальным запрашэннем да духоўных практыкаванняў могуць быць словы св. апостала Яна з Кнігі Апакаліпсіса (2, 2. 4–5): “Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасць тваю […] Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў. Таму ўзгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі так, як ты рабіў спачатку”.

    – Якія матывы часцей за ўсё гучаць падчас канферэнцый?
    – Амаль заўсёды на рэкалекцыях закранаюцца тэмы сапсаваных адносін у сям’і, сувязей паміж бацькамі і дзецьмі. Многія людзі на споведзі пра гэта не гавораць, а ўнутры кожнага ўкрыта столькі болю, слёз, пачуцця адрынутасці, адзіноты. Шмат хто прыходзіць з вялікім душэўным цяжарам, у дэпрэсіі.
    Падчас рэкалекцый я звяртаю ўвагу на 3 важныя моманты пакаяння або, скажам, на 3 прычыны, чаму сёння ў людзей розныя праблемы, беды, няшчасці, хваробы, сямейная бязладзіца. Першы момант – грэх і яго наступствы. Людзі не ўяўляюць сапраўдных маштабаў зла, думаючы, што “мой грэх – гэта толькі маё”. Але любы грэх шкодзіць як самой асобе, так і акружаючым. Другім момантам з’яўляюцца раны. Нярэдка на споведзі вернікі называюць толькі факты, дрэнныя ўчынкі, не заглядваючы ў корань сваіх дзеянняў. А высвятляецца, што ў сэрцах людзей шмат непрабачэння, неразумення, помсты, бунту, лютасці. З-за болю і крыўды чалавек часцей за ўсё і здзяйсняе свае грахі. Трэці момант – грахі акультызму. Асаблівая ўвага на рэкалекцыях надаецца забабонам, акультызму, магіі, варажбе, гараскопам, атэізму.
    У менталітэце і паводзінах нашых людзей прысутнічае рэха паганства. Важна данесці чалавеку следства невыканання І Божай запаведзі. Менавіта адтуль, здараецца, і цягнуцца пачаткі шматлікіх праблем у жыцці.
   
    – Ці неабходна нейкая падрыхтоўка перад рэкалекцыямі?
    – Вельмі часта чалавека закрывае на Бога ганарыстасць. Назіраем яе праявы, калі чуем ад некага: “Я ведаю”, “Я ўсё гэта праходзіў”, “Не вучыце мяне” і г. д. Неабходна запрашаць Езуса ў сваё сэрца! Прасіць Святога Духа, каб паставіў нас у праўдзе, каб змаглі ўбачыць свае грахі, слабасці, пакаяцца і атрымаць прабачэнне. Таму найважнейшае, лічу, перад распачаццем рэкалекцый – даць свядомую згоду на тое, каб Бог дзейнічаў у нашым жыцці.
   
    – На чым палягае галоўная мэта рэкалекцый?
    – Падчас адной са штомесячых малітоўных сустрэч у Мастах пасля св. Імшы мы разам з вернікамі памаліліся над дзеткамі, а потым папрасілі іх, каб падышлі да прыстуных дарослых і абнялі іх. Некаторыя пасля такога жэсту расчуліліся і заплакалі. Пасля падзяліліся тым, як упершыню праз абдымкі дзяцей адчулі сапраўдную любоў Бога. Тым самым мы паказалі галоўную праўду веры, што Бог ёсць Любоў.
    Сёння важна быць не проста “настаўнікамі веры”, але сваім жыццёвым прыкладам сведчыць пра жывога і любячага Стварыцеля. Канешне, веды пра Найвышэйшага вельмі неабходныя. Трэба чытаць духоўную літаратуру, Святое Пісанне, тлумачэнне да яго. Але даросламу чалавеку мала толькі казаць пра Бога, або, інакш, катэхізаваць. Ён можа застацца на ўзроўні вучня, які вывучыў пэўны ўрок, здаў і забыў. Трэба ажыўляць яго веды пры дапамозе Святога Духа.
    Мэта рэкалекцый якраз і палягае на тым, каб не проста распавесці чалавеку падчас канферэнцый пра фундаментальныя праўды веры, але і прасіць Святога Духа, каб Ён адкрыў людское сэрца на гэтыя праўды. Так вернік наладжвае жывыя адносіны з Богам, запрашаючы Яго ў сваё жыццё.
   
Шмат хто не ўсведамляе свой грэх. Але калі набліжаецца да Божай любові, усё зло, схаванае ў ім, пачынае выкрывацца. Людзі адкрываць праўду пра сябе, пра іншых і, вядома, пра Створцу.

    – Якія ўмовы рэкамендуецца выконваць, каб перажыць рэкалекцыі найбольш плённа?
    – Для таго, каб глыбока перажыць дні малітвы і разважанняў над Божым словам, Багародзіца дае нам “5 духоўных вітамінаў”. Па-першае, гэта малітва сэрцам. Ранішнія і вячэрнія малітвы часта адгаворваюцца ў спешцы, а Бог хоча, каб мы былі перад Ім, як дзеці, не толькі складвалі свае просьбы, але і слухалі Яго сэрца. Па-другое, гэта малітва на ружанцы.
    Ва ўсіх яго таямніцах можам знайсці сябе і такім чынам убачыць і адчуць Бога ва ўласным жыцці. Па-трэцяе, сакраманты споведзі і Эўхарыстыі. Прымаючы Цела Хрыста, духоўна і фізічна набліжаемся да Створцы. Па-чацвёртае, пост. У такія дні чалавек можа заўважыць рэчы, якія адцягваюць яго ад Усемагутнага. Па-пятае, Святое Пісанне. Гэта словы і голас Госпада, якія пранікаюць у розум і сэрца, умацоўваючы веру. Часам людзі прыходзяць прасіць дапамогі ў сваіх праблемах і скардзяцца, што Бог іх не чуе, ніяк да іх не прамаўляе. А самі тым часам нават не маюць дома Бібліі.
   
    – Чаму для верніка так важна не прапускаць рэкалекцыі?
    – На гэты конт хочацца прыгадаць словы святара з Польшчы, кс. Марэка Балваса. Ён стаў вядомым дзякуючы канферэнцыям, у якіх распавядае пра СМС, які атрымліваў ад д’ябла. Нячысты – вядома, пад уздзеяннем Усявышняга – падзяліўся тым, у чым ніколі б не прызнаўся нам, людзям. А менавіта, што працуе над знішчэннем Божага жыцця ў чалавеку 24 гадзіны ў суткі: спакушае “заўсёды, усюды, кожнага без выключэння, нягледзячы ні на што”. Інакш кажучы, няма вольнай хвіліны ад д’ябальскай спакусы. Таму страшна, калі хтосьці гаворыць: “Навошта штодня хадзіць у касцёл?” або “Навошта кожны дзень чытаць Святое Пісанне?”, “Навошта часта маліцца Ружанцам?”.
    Трэба адзначыць, што галоўнай стратэгіяй д’ябла ў сучасным свеце з’яўляецца не тое, каб усіх зрабіць злымі, забойцамі або злодзеямі. Яму дастаткова, каб чалавек жыў так, быццам усё залежыць ад яго самога, што ён сам цар і бог свайго жыцця. Часта людзі маюць менавіта такія вось “панцыры” ад злога – закрытасць, эгаізм, прагу выгоды. І можна нават хадзіць у касцёл, маліцца і прыступаць да споведзі, але не адкрываць свайго сэрца на Бога, не шукаць Яго. Рэкалекцыі з’яўляюцца адным з тых сродкаў, якія дапамагаюць наладзіць глыбокую сувязь з Усемагутным. Галоўным вынікам духоўных практыкаванняў, што палягаюць на ўдзеле ў св. Імшы, малітве, слуханні рэкалекцыйных казанняў, споведзі, павінна быць ачышчанае сэрца чалавека, якое прагне ўзрастаць у Божай любові.
   
    – На гэтым, напэўна, і засноўваецца наша вера?
    – Так. Веруючы чалавек – гэта той, які на ўласным вопыце адчуў, што Усемагутны яго любіць. І ён не проста разумее гэта, а штодня “купаецца” ў Божай любові, мае асабістыя адносіны з Усявышнім. Гаворка не пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння і Вялікадня, удзел у штотыднёвай св. Імшы, адгаворванні малітваў раніцай і ўвечары, посце па пятніцах... Такія адносіны палягаюць на пастаянным паглыбленні Божай любові. І таму ўсе жыццёвыя дзеянні верніка набываюць адзіны матыў – Любоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.