ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Ці ж не хочаце вы змясціць гадзіннік на Галгофе?

На шляху да святасці

Часам здаецца, што час у касцёле цягнецца вечнасць. Асабліва калі стомлены ці вельмі спяшаешся далей па сваіх справах.
    Не можаш засяродзіць увагу на чытанні, саромеешся спяваць псалом, а ксёндз на казанні, здаецца, быццам варкоча калыханку. І вось надыходзіць той самы важны момант, калі святар падносіць над алтаром Цела і Кроў Хрыста, прыпамінаючы кожнаму, якой цаною было адкуплена чалавецтва. У гэты момант мы знаходзімся як ніколі блізка Пана… І тут, у сакральнай цішыні, калі нават сэрцы заміраюць, раптам так гучна даносіцца званок мабільнага тэлефона! Якое ж пасля гэтага можа быць адчуванне еднасці?
Мы сталі нявольнікамі часу, і гэта факт. Спяшаемся туды, дзе, можа, і не хочам прысутнічаць, каб атрымаць пахвалу ад тых, для каго, насамрэч, не такія важныя. І так з дня ў дзень. Ператвараемся ў нейкія запраграмаваныя механізмы, якія не хочуць выдзяляцца. Такім чынам губляецца не толькі цікавасць да штодзённых спраў, але і адказнасць за змарнаваны час.
    У выхадны дзень так хочацца паваляцца ў цёплым ложку, паглядзець фільм ці, урэшце рэшт, выбрацца з сям’ёй на прыроду. Але прыпамінаеш сабе, што абавязкова трэба схадзіць у касцёл. Гэтыя 1,5–2 гадзіны падаюцца нечым неймаверна цяжкім, бо мы прызвычаіліся да таго, што за свае ўчынкі атрымліваем узнагароду тут і цяпер. Але думаем, што столькі гадоў ходзім у касцёл, слухаем казанні, а ў сям’і такі ж разлад, на працы ўсё так жа цяжка, вучоба не даецца ўвогуле. Хочам большага, аднак часам не гатовы змяніцца дзеля гэтага, зрабіць хоць нешта, пакінуўшы ўтульную зону камфорту.
    Калі прыходзім у касцёл, павінны разумець, што час тут ідзе зусім па-іншаму. Адчыняючы дзверы святыні, трэба не забыцца адкрыць свае сэрцы, бо, пераступаючы парог, мы, у рэчаіснасці, становімся маленькім кавалачкам вялікага пазла Нябеснага Валадарства.
    Аднойчы да прастога святара наведаліся людзі ў строгіх касцюмах, гальштуках і пенснэ. Яны стараліся “зліцца” з вернікамі, але ўсё ж вельмі выдзяляліся сваім знешнім выглядам сярод бедных парафіян. Як потым стала зразумела, тыя людзі прыбылі, бо нехта паскардзіўся, што св. Імша цягнецца занадта доўга. Падчас Паднясення – якое многія святыя параўноўвалі з адчуваннем Раю тут, на зямлі – слых святара крануў гук адкрытага гадзінніка. Нават не гледзячы ў той бок, айцец, стрымліваючы слёзы, сказаў: “Ці ж не хочаце вы змясціць гадзіннік нават на Галгофе?”. Гэтым святаром быў св. Айцец Піо з П’етрэльчыны.
    Уяві, што кожны дзень нам даецца 24 найцаннейшых адзінак вымярэння, якія толькі бачыў свет. І толькі раз на тыдзень Нехта просіць у Цябе ўсяго адну такую, маленечкую на фоне іх незлічонай колькасці. Памятай, гэта Езус стукае ў дзверы душы і запрашае да сябе ў гэты час. Ён просіць пабыць з Ім трошачкі, з Ім адным, без тэлефонаў і гадзіннікаў. Адкінь усё, што дакучае ў паўсядзённым жыцці, і прымі гэтае запрашэнне…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.