ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Чацвер, 22 лютага 2018 года
«У Вялікім посце мы становімся
больш адчувальнымі
на Бога і на бліжняга»
/ Папа Францішак /

Св. Джузэпіна Бахіта: заступніца залежных і падуладных

Нашы заступнікі перад Богам

jozefinaЗаўсёды зычлівая, адкрытая на дапамогу, поўная веры і міласэрнасці да іншых. Св. Джузэпіна Бахіта спазнала ў жыцці больш цярпення, чым сапраўднага шчасця. Але яе сведчанне рашуча паказвае, што менавіта Бог, а не чалавек, з’яўляецца Панам кожнай істоты.
Дзяцінства ў няволі
    Нарадзілася каля 1869 года ў Дарфуры ў Судане. Калі мела 7 гадоў, была выкрадзена з бацькоўскага дома арабскімі гандлярамі і прададзена ў рабства. Яе назвалі Бахітай, што па-арабску значыць “шчаслівая”. Гэтае імя з часам аказалася прарочым.
    У няволі дзяўчына правяла 10 гадоў. Некаторы час знаходзілася на службе ў маці і жонкі аднаго генерала. Там яе кожны дзень збівалі да крыві, ад чаго да канца жыцця на целе засталося 144 шрамы. Сын іншага гаспадара аднойчы так жудасна пабіў дзяўчыну, што ёй спатрэбіўся цэлы месяц, каб паправіцца. Афіцэр турэцкай арміі загадаў нажом выразаць на скуры рабыні балючыя татуіроўкі. На адкрытыя раны насыпалі змешаную з мукой соль, каб малюнак застаўся на больш доўгі час.
    Ва ўспамінах, напісаных праз многа гадоў, жанчына прызнала гэтую падзею самай страшнай.
Трагічная сітуацыя Бахіты змянілася, толькі калі ў 1882 годзе яна трапіла на службу да італьянскага консула Каліста Леньяні. “На гэты раз мне сапраўды пашчасціла, таму што новы гаспадар быў вельмі добрым чалавекам і палюбіў мяне, – напісала пазней у біяграфіі Джузэпіна. – Мяне не каралі, не білі. Адчуванне такога спакою і суцяшэння было чымсьці амаль нерэальным”. Калі яе спыталі, што б зрабіла, калі б сустрэла сваіх праследавацеляў, сказала: “Стала б на калені, каб пацалаваць іх рукі, таму што, калі б усё так не здарылася, я не была б сёння хрысціянкай і манахіняй”.
    Маючы да гэтага часу такіх жудасных “паноў”, якія зневажалі і трэціравалі яе ці, у самым лепшым выпадку, лічылі карыснай рабыняй, Бахіта пазнаёмілася з “Панам” зусім іншым – усемагутным Айцом, любячым Збаўцам. Пачула пра існаванне сапраўднага Бога, Валадара над гаспадарамі, добрага і міласэрнага. Адкрыла для сябе, што Ён ведае яе, што стварыў і, больш таго, любіць яе. Вырашыла даручыць сваё жыццё Богу і ўступіла ў ордэн сясцёр канасіянак. У снежні 1896 года ў Вероне (Італія) склала манаскія абяцанні. Праз 6 гадоў была пераведзена ў манаскі дом ў Скіа ў правінцыі Вічэнца, дзе засталася да канца жыцця.
    Падчас 45-гадовага побыту ў кляштары Бахіта працавала галоўным чынам на прахадной, застаючыся ў цеснай сувязі з жыхарамі ваколіцы. Была таксама кухаркай, прачкай і швачкай. Лагоднасцю, спакойным голасам і пастаяннай усмешкай яна хутка заваявала сімпатыі людзей. Такой яе памяталі, называючы “nostra Madre Moretta” (“наша Маці Негрыцянка”). Пасля доўгага жыцця, поўнага як пакут, так і надзеі, 8 лютага 1947 года Джузэпіна Бахіта адышла да Пана. Папа Ян Павел ІІ 17 мая 1992 года абвясціў яе бласлаўлёнай, а 1 кастрычніка 2000 года далучыў да ліку святых.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Джузэпіны Бахіты?
    Святая з’яўляецца для сучасных людзей узорам, як у складаныя моманты не страціць надзею, як прайсці праз жыццё, здзяйсняючы добрыя і міласэрныя ўчынкі. Чарнаскурая святая Каталіцкага Касцёла – гэта цудоўны прыклад слухання Божага голасу, шукання Яго і імкнення за Ім, нягледзячы на разнастайныя абставіны.
   
    Цікава!
    Папа Ян Павел ІІ назваў Бахіту “ўніверсальнай сястрой”. Святога Айца Бенедыкта XVI яна натхніла на напісанне аднаго з пунктаў энцыклікі “Spe salvi”, прысвечанай рэфлексіі над хрысціянскай надзеяй. Папа Францішак у 2015 годзе абвясціў літургічны ўспамін св. Джузэпіны Бахіты Міжнародным днём малітвы і рэфлексіі на тэму барацьбы з гандлем людзьмі.
    З вуснаў святой “Будзьце добрымі, любіце Пана, маліцеся за тых, хто Яго не ведае. Усведамляйце шчасце, якое заключаецца ў тым, што вы Яго ведаеце!”.
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Джузэпіну Бахіту 8 лютага.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
violet
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  313

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.