ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Злучым нашы рукі, звязаныя Хрыстовай любоўю

З жыцця Касцёла

Трывае Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян.
Гэтая ініцыятыва паўстала адносна нядаўна ў рамках экуменічнага руху за аб’яднанне ўсіх хрысціянскіх канфесій. Але ці правільна ўсе мы разумеем, што насамрэч маецца на ўвазе пад экуменізмам?
Памылковыя погляды на экуменізм
    Экуменізм – гэта рух, накіраваны на збліжэнне, прымірэнне і супрацоўніцтва ўсіх хрысціянскіх канфесій, “у тым ліку на аднаўленне зносін у сакрамантах паміж раз’яднанымі хрысціянскімі Цэрквамі пры захаванні своеасаблівасці іх традыцый і абрадаў” (Каталіцкая энцыклапедыя). Падразумяваецца збліжэнне хрысціян на аснове талерантнага стаўлення да традыцый і абрадаў іншай Царквы, з-за чаго, у рэчаіснасці, і існуюць разыходжанні ў веравызнанні паміж рознымі канфесіямі. Вера ж ва ўсіх хрысціян адна – у Збаўцу Езуса Хрыста, Сына Божага, які адкупіў чалавецтва. У той час як іншыя сусветныя рэлігіі лічаць Езуса Прарокам, цудатворцам (іслам) або не прызнаюць увогуле ні як Месію, ні як Прарока (іудаізм).
Перад укрыжаваннем Хрыстос маліўся, “каб усе былі адно” (Ян 17, 21). Ён пакінуў чалавецтву заданне стварыць на зямлі Яго Касцёл – адзіны. Гэтую місію Збаўца даверыў Апосталам на чале з Пятром. З часам пачалі ўзнікаць разыходжанні ў пытаннях будавання Касцёла, а нават і веравучэння. Гэта стала прычынай утварэння іншых канфесій у хрысціянстве. Але, як было сказана на ІІ Ватыканскім саборы, яны “не пазбаўлены значэння і каштоўнасці ў таямніцы збаўлення”, “нішто сапраўды хрысціянскае ніколі не супярэчыць сапраўдным выгодам веры, але, наадварот, можа садзейнічаць больш дасканаламу пранікненню ў таямніцу Хрыста і Касцёла” (Дэкрэт аб экуменізме “Аднаўленне адзінства”).
    Клопат аб аднаўленні адзінства ляжыць абсалютна на ўсіх хрысціянах: як на супольнасцях, так і на людзях асобна, як на душпастырах, так і на верніках. Варта нястомна клапаціцца аб узрастанні ў любові: “такім чынам, з дня ў дзень усё паўней праяўляецца паўсюднасць і апостальства Царквы” (“Аднаўленне адзінства”).
    Менавіта гэты аспект з’яўляецца найважнейшым у будаванні еднасці паміж хрысціянамі. Крокі насустрач адзін аднаму павінны грунтавацца, найперш, на запаведзі любові. Іх належыць здзяйсняць з павагай, асцярожна і цярпліва. Вялікай памылкай будзе навязванне светапогляду. Будаваць дыялог неабходна не на тым, што раз’ядноўвае, але на тым, што аб’ядноўвае.
   
    Экуменізм у рэчаіснасці
    У хрысціянскай супольнасці экуменічны дыялог на практыцы можам назіраць, калі дзеці некаталіцкага веравызнання наведваюць катэхетычныя заняткі пры Касцёле, духавенства ўдзельнічае ў набажэнствах з нагоды галоўных хрысціянскіх урачыстасцей у святынях іншых канфесій. Такія прыклады наглядна сведчаць аб тым, што веравызнанне не становіцца перашкодай да адкрытых узаемаадносін паміж хрысціянамі.
   
Католік настроены на экуменічны дыялог з праваслаўным ці пратэстантам, калі…
    ✖️ настойвае на памылковасці ўстаноўленых яго Царквой урачыстасцей
    ✔️ віншуе яго з рэлігійнымі святамі
   
    ✖️ адмаўляецца маліцца з ім да “не свайго” Бога
    ✔️ супольна злучаецца з ім на малітве
   
    ✖️ сцвярджае, што рэлігія апанента “няправільная”
    ✔️ адкрыты на дыялог па пытаннях веры

    У грамадстве таксама нярэдкія гісторыі заключэння сужэнскіх саюзаў паміж вернікамі розных канфесій, т. зв. “змешаныя” шлюбы. Паглядзім праўдзе ў вочы: у такіх выпадках хрысціяне бяруць на сябе нялёгкае заданне – весці ў сям’і экуменічны дыялог на працягу ўсяго жыцця. Некаторыя аб’ядноўваюць свае дарогі ў вусце, пасля чаго крочаць разам: наведваюць святыню адной канфесіі, хрысцяць там дзяцей, прымаюць іншыя сакраманты. Некаторыя прытрымліваюцца адноснага суверэнітэту: двойчы святкуюць хрысціянскія ўрачыстасці, разам (папераменна) ці паасобку (кожны ў “сваёй” святыні) удзельнічаюць у нядзельных службах. Пры гэтым яны – у лепшым выпадку – выбудоўваюць “хатнюю Царкву” дома: супольна моляцца, выхоўваюць у сынах і дочках галоўныя хрысціянскія каштоўнасці.
    “Я гадаваўся ў сям’і глыбока веруючых людзей: мама ў мяне – каталічка, бацька – праваслаўны, – распавядае кс. канонік Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. – Нягледзячы на канфесійныя адрозненні, я ніколі не адчуваў у сям’і падзелу, што датычыць пытанняў веры. Адносіны паміж намі выбудоўваліся на любові да Бога і адзін да аднаго, што найважнейшае. У сваёй сям’і я на ўласныя вочы бачыў, што Хрыстовы Касцёл адзіны. Памятаю, як паведаміў бацькам аб сваім рашэнні стаць святаром. І мама, і тата з радасцю блаславілі мяне на гэты няпросты шлях”.
    Узорным прыкладам сужэнскага саюзу паміж вернікамі розных канфесій можна лічыць шлюб, заключаны паміж праваслаўным расійскім вайскоўцам Аляксандрам Светчыным і каталічкай Аляксандрай Біспінг. Яго плёнам сталі пабудаваныя ў ХІХ ст. у Вярэйках касцёл і непадалёк, у Кузьмічах, царква (дэканат Ваўкавыск). Усе цяжкасці пры ўзвядзенні святынь сужэнская пара дзяліла папалам. Ад пачатку муж і жонка не мелі намеру засяроджвацца на адрозненнях у веравызнанні, а проста паклалі сваё жыццё на алтар духоўнай будучыні хрысціянства. У выніку, зрабілі магчымай для шматлікіх вернікаў сустрэчу з Хрыстом у Эўхарыстыі пад Божым дахам.
    Па-за сценамі святыні экуменічны дыялог адбываецца на шматлікіх узроўнях грамадскага жыцця. Хрысціяне, незалежна ад веравызнання, аб’ядноўваюцца дзеля арганізацыі і правядзення разнастайных дабрачынных акцый, каб разам супрацьстаяць злу і несправядлівасці, абараняць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. Як было падкрэслена падчас ІІ Ватыканскага сабору, такое супрацоўніцтва трэба ўсё больш удасканальваць, “асабліва ў тых месцах, дзе адбываецца сацыяльная або тэхнічная эвалюцыя: правільна ацэньваць чалавечую асобу, садзейнічаць справе міру, выкарыстоўваць Евангелле ў сацыяльным жыцці, развіваць навуку і мастацтва ў хрысціянскім духу, прымяняць разнастайныя сродкі для пераадолення такіх няшчасцяў нашага часу, як голад і стыхійныя бедствы, неадукаванасць і галеча, адсутнасць жылля і няроўнае размеркаванне выгод. Такім супрацоўніцтвам усе веруючыя ў Хрыста лёгка могуць зразумець, як лепш пазнаваць і паважаць адзін аднаго, як пракласці шлях да адзінства хрысціян” (“Аднаўленне адзінства”).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.