ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 17 студзеня 2018 года
«Не забудзем падзякаваць Богу
за ўсё дабро, якое атрымалі»
/ Папа Францішак /

Моладзь у цэнтры ўвагі

Інтэрв'ю

Новы, 2018 душпастырскі год у Беларусі абвешчаны Годам моладзі. Гэтае рашэнне было зацверджана падчас 67-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, што адбылося ў канцы мінулага года ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Старшыня Рады па справах свецкіх і моладзі пры ККББ дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі распавядае пра выклікі сучаснасці і сутнасць душпастырскай працы з маладымі людзьмі.
– Чаму менавіта Год моладзі?
    – Год моладзі – гэта працяг таго, што робіцца для маладых людзей і разам з імі ў Касцёле ў дыяцэзіі, Беларусі і свеце. Мы кіруемся, найперш, за Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, які арганізаваў Сусветныя дні моладзі. Пантыфік шмат часу прысвячаў маладзёнам, разумеючы, што за імі – будучыня. Аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Год моладзі будзе своеасаблівай падрыхтоўкай да СДМ, якія адбудуцца ў 2019 годзе ў Панаме. Таксама хутка ў Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам маладога пакалення. У яго падрыхтоўчай працы можа і, я б сказаў, павінна прыняць удзел моладзь з усяго свету. Вельмі важна, каб гэты сінод быў не аб ёй, але разам з ёй. Касцёл чакае ініцыятывы з боку маладых людзей, каб адчуць подых сучаснасці і разглядзець праз іх заўтрашнюю перспектыву супольнасці вернікаў.

   – Ці існуе занепакоенасць тым, што адбываецца ў моладзевым асяроддзі?
    – Ідэя, што датычыць сінода, насамрэч наспявала на працягу дзесяцігоддзяў. Упершыню такую думку выказвала яшчэ падчас сустрэчы з папам Янам Паўлам ІІ Маці Тэрэза з Калькуты. І вось, час прыйшоў.
    На пераломе тысячагоддзяў шмат што ў свеце змянілася: грамадская абстаноўка, палітычная і эканамічная сітуацыя, нават крытэрыі маральнасці. Але што датычыць Евангелля Хрыста, то яно нязменнае і жывое ва ўсе часы. Настаў той востры момант, калі маладыя людзі твар у твар сутыкнуліся з ідэаламі, якія часамі могуць не супадаць або нават супярэчыць агульнахрысціянскім каштоўнасцям. Касцёл жадае выслухаць моладзь:
    якія яна мае мары, чаканні, чым жыве і што плануе. Пачуць і зарыентаваць маладых людзей у накірунку, які вядзе да сапраўднага шчасця.
   
    – Якую частку ад агульнай колькасці вернікаў складае моладзь?
    – У Гродне, напрыклад, дзясяткі тысяч маладых людзей. Але ў касцёле іх не відаць у такой колькасці! Не скажам, што моладзі няма – яна проста непрысутная ў супольнасці вернікаў. На наступны год пасля Першай святой Камуніі назіраем у касцёле ўжо меншую колькасць дзяцей. А на катэхезе для моладзі збіраюцца толькі некаторыя ад агульнай колькасці ахрышчаных равеснікаў. І калі ў першым выпадку адказнасць за іх прысутнасць на бацьках, то ў другім – гэта выбар саміх маладых людзей.
   
    – Чаму так адбываецца?
    – Частка моладзі сёння робіць стаўку на адукацыю. Я згодны, што гэта добрая інвестыцыя ў будучыню. Але варта правільна арганізоўваць свой час, каб яго хапала і на так патрэбнае духоўнае развіццё. Шмат маладых людзей, якія прыязджаюць у горад вучыцца, заклапочаны адаптацыяй на новым месцы, у калектыве… Але калі яны адразу не знойдуць часу на Касцёл, то, хутчэй за ўсё, не знойдуць яго і потым. Застануцца з перакананнем нібы “Бог ёсць, жыць не перашкаджае”. Будуць расці, развівацца, набірацца сіл, энергіі, а ў касцёл прыйдуць толькі тады, калі “забаліць”.
    Часам маладыя людзі могуць не адчуваць падтрымкі з боку старэйшага пакалення, а гэта таксама вельмі важна. Так склалася, што бацькі сучаснай моладзі былі ў Касцёле, але не праяўлялі актыўнасці, таму што не мелі такой магчымасці. Некаторыя па-ранейшаму прытрымліваюцца поглядаў, быццам “у нас такога не было, і было нармальна” і навязваюць гэта сваім дзецям. У корані няправільна! Касцёл дынамічны, ён развіваецца. З’яўляюцца новыя выклікі часу, новыя абставіны, у якіх апынаецца грамадства і, у тым ліку, Касцёл. І ён прыстасоўваецца да сучасных умоў.
   
    – Як вярнуць тую частку “згубленай” моладзі?
    – Патрэбны правадыры, за якімі моладзь пайшла б. Другім словам, неабходны людзі, якія маглі б зацікавіць, “запаліць” моладзёнаў і павесці яе за сабою. І так атрымліваецца, што гэтымі самымі правадырамі могуць стаць прадстаўнікі актыўнай моладзі, якія задзейнічаны ў жыцці Касцёла. Ім не трэба саромецца гаварыць пра веру ў сваім асяроддзі. Маладыя людзі павінны ўмець весці не толькі свецкія бяседы, але і размаўляць на рэлігійныя тэмы. Гэта не патрабуе энцыклапедычных ведаў, але, найперш, адвагі.
    Касцёл не заўсёды дойдзе да месцаў адукацыі, працы, хоць і намагаецца з усіх сіл гэта зрабіць. Моладзь можа стаць тым звяном, якое злучыць згубленых авечак з Аўчарняй або запросіць у яе тых, хто нават пра яе не чуў. Так, мы ў Касцёле, і нам добра. Бо вядома добра! Але павінны таксама думаць пра іншых, паказваючы ім шлях да гэтага “добра”. Усе мы пакліканы быць хрысціянамі на ўзор апостала Андрэя, які прыйшоў дадому і падзяліўся сваёй верай з братам.
   
    – Атрымліваецца, часта многім папросту не стае адвагі?
    – Гэта можа быць і маўклівае сведчанне веры. Католік паставіў на працоўным стале абразок – ён прыцягнуў увагу. Завязалася размова – маем нагоду для евангелізацыйнай дзейнасці. Можа, ніхто і не спытаецца пра абраз, але задумаецца. Хтосьці збянтэжыцца і не задасць пытанне, але пашукае ў інтэрнэце, што тая выява сімвалізуе, азначае. Такімі вось рознымі шляхамі чалавек, здараецца, прыходзіць да Бога. А для гэтага часам дастаткова кроплі смеласці з боку іншага чалавека, каб паказаць сваю прыналежнасць да Касцёла.
   
    – Наколькі развіта душпастырства моладзі ў Беларусі?
    – У большасці парафій яно функцыянуе на добрым узроўні. Спецыяльна для маладых людзей праводзяцца св. Імшы, дні засяроджання, рэкалекцыі, у тым ліку індывідуальныя, а таксама разнастайныя пілігрымкі, музычныя вечарыны і інш. Касцёл намагаецца адчуваць дух моладзі, каб яна па магчымасці і папляскала ў далоні, і патупацела, і паспявала. Заўсёды адкрыты на прапановы.
   
    – Ці можам у той жа час назваць слабыя бакі Касцёла ў Беларусі адносна працы з маладымі людзьмі?
    – Як слушна заўважыў падчас адной сустрэчы з біскупамі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, “усё, што мы робім, уплывае на выхаванне моладзі, і ўсё, чаго не робім, таксама ўплывае”. Іерарх заахвоціў нас да яшчэ больш актыўнай працы з маладымі людзьмі, каб не абмяжоўваліся вопытам парафій, дыяцэзіі, а скіроўвалі свае позіркі на тое, як з моладдзю ўзаемадзейнічаюць у свеце, якія пытанні ўзнімаюцца ў іх асяроддзі, як вырашаюцца.
   
    – З якімі памкненнямі варта ўступаць у новы душпастырскі год?
    – Сёння ўсе позіркі скіраваны на моладзь: дзеці хочуць хутчэй вырасці і стаць дарослымі, старыя хочуць стаць маладымі. Моладзь – гэта надзея Касцёла і грамадства. Таму менавіта так і гучыць дэвіз душпастырскага года ў Беларусі. Маем давер да маладых людзей, што будуць трывалым падмуркам для супольнасці вернікаў.
    Чакаем таго хлопца і тую дзяўчыну, якія прыйдуць і скажуць: “Мы ёсць! Што маем рабіць?”. Няпраўда, што маладым людзям няма чым заняцца ў Касцёле. Было б жаданне! Ставім на мэце разварушыць моладзь, каб “аж дакучала”. Тады жыццё ў супольнасці вернікаў заб’е ключом і абавязкова прынясе багаты плён.
   
    ККББ плануе правесці ўсебеларускі з’езд моладзі на ўзор тых, што адбываюцца ў свеце. У дадзены момант у дыяцэзіях распрацоўваюцца тэматычныя праграмы мерапрыемстваў на 2018 душпастырскі год, адпаведныя кожнаму з рэгіёнаў і лакальным выклікам.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  349

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.