ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Субота, 23 чэрвеня 2018 года
«Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца
прароцтвам дзялення з самымі малымі і беднымі»
/ Папа Францішак /

Несці радасць усім добрым людзям

З жыцця Касцёла

У мiнулым годзе з песнямi i пажаданнямi калядоўшчыкi абышлi каля паўсотні дамоў

З Віфліемскай зоркай, Юзафам, Марыяй, маленькім Езусам ды іншымі ўдзельнікамі святочнай працэсіі моладзь з парафіі Маці Божай Анёльскай рушыць 26 снежня ад хаты да хаты. Калядоўшчыкі наведаюць дзясяткі сем’яў, каб напоўніць сэрцы людзей радасцю ад Нараджэння Хрыста, а ў дадатак нашчадраваць сабе шмат яркіх эмоцый ды мех пачастункаў.
Традыцыя калядавання ў гродзенскай францішканскай парафіі зарадзілася яшчэ ў 90-я гады, але з цягам часу абрад паступова занік, – распавядае а. Павел Раманчук OFMConv. – З мэтай адраджэння і пашырэння гэтай прыгожай святочнай традыцыі ў мінулым годзе мы стварылі адмысловую групу калядоўшчыкаў.
    У яе склад увайшлі міністранты і парафіяльная моладзь. Наша першае калядаванне прайшло вельмі пазітыўна. Падчас наведвання дамоў удалося крануць сэрцы людзей непасрэднасцю і шчыра- сцю, дапамагчы ім упоўні адчуць атмасферу свята Раства. Гаспадары сустракалі нас з вялікай радасцю. Казалі, што ўжо шмат гадоў, як не віталі калядоўшчыкаў. Нам дзякавалі, частавалі, а гэта значыць, што дэбют атрымаўся ўдалым. Таму ў гэтым годзе нават не ўзнікала пытанне, ці пойдзем зноў калядаваць”.
Падрыхтоўка да сёлетняга шчадравання пачалася на пачатку снежня. Быў распрацаваны сцэнарый прадстаўлення, моладзь размеркавала ролі, вывучыла калядныя вершы і песні, а таксама падабрала адпаведныя касцюмы і атрыбуты.
    “Вядома, што калядаванне – традыцыя з язычніцкімі каранямі, – адзначае а. Павел, – але мы, як шчырыя католікі, робім акцэнт на хрысціянскім свяце. Падчас калядавання стараемся перадаць евангельскую вестку аб Нараджэнні Езуса з дапамогай разнастайных калядных сімвалаў. Моладзь нясе выяву Віфліемскай зоркі, якая нагадвае тую, што запалілася на небе, калі нарадзіўся Збаўца. Калядоўшчыкі пераапранаюцца не ў язычніцкіх персанажаў – такіх, як каза, мядзведзь – а ў пастушкоў і анёлаў, Маці Божую і св. Юзафа, Трох Каралёў, нагадваючы тым самым пра герояў святой ночы Нараджэння Пана”.
    Варта адзначыць, што для самадзейных артыстаў з францішканскай парафіі калядаванне – гэта не столькі касцюміраваная імпрэза, колькі спроба асэнсавання велічнай падзеі і прыбліжэння яе значэння для кожнага чалавека. Заходзячы ў дамы, калядоўшчыкі не толькі віншуюць гаспадароў з Раством, жадаюць ім здароўя, шчасця і дабрабыту. Яны робяць акцэнт на тым, што праз радасную падзею нараджэння Хрыста ўсе людзі нарадзіліся да новага, вечнага жыцця. Таму трэба цешыцца кожнаму дню, падоранаму Госпадам, дзякаваць Яму за магчымасць быць адзін з адным, дбаць не толькі аб святочным убранстве дамоў, але і аб чысціні, светласці душы ў святочны перыяд і ў іншыя дні года.
   
Улад Трамбовіч
    Калядаванне – гэта свайго роду сведчанне нашай веры. Ідучы вуліцамі горада, мы спяваем рэлігійныя песні, паказваем, што ёсць моладзь – творчая, вясёлая, актыўная, якая не саромееца дэманстраваць сваю прыналежнасць да Касцёла. Мінакі заўсёды вітаюць нас гучнымі воклікамі, апладысментамі, а мы, у сваю чаргу, віншуем іх са светлым святам Нараджэння Пана.
    Калі завітваем у дамы людзей, то стараемся праз сваё тэатралізаванае прадстаўленне данесці асноўны змест Раства. Заўважаем, што некаторыя людзі пасля нашага выступлення становяцца задуменнымі. Магчыма, недзе ў глыбіні душы яны пачынаюць разважаць пра сэнс свайго жыцця, пра тыя прыярытэты, якімі кіруюцца штодня. Вельмі важна, што ў кожным доме на заканчэнне калядавання мы не толькі прамаўляем прыгожыя віншаванні, але і супольна молімся ў інтэнцыі сям’і, якая нас прымае.
    Мы калядуем у 2-гі дзень свят. Але я не шкадую, што праводжу гэты час не за святочным сталом са сваёй сям’ёй, бо ведаю, што раблю важную і патрэбную справу. Родныя мяне падтрымліваюць, паколькі ўпэўнены, што такая дзейнасць мяне акрыляе.
   
   
   
   
Юлія Пукель
    Мы калядуем толькі ў сваёй парафіі. Гэта раён, дзе ў асноўным месцяцца прыватныя дамы. Там жыве шмат католікаў, таму трэба спыняцца практычна каля кожнай брамкі. Пытаемся ў гаспадароў, ці жадаюць яны нас прыняць. Здаўна існуе павер’е, што прыход калядоўшчыкаў – шчаслівы знак, магчыма таму нас вельмі ахвотна запрашаюць. Бывала, траплялі ў дамы, дзе жывуць праваслаўныя. Але і там нам былі рады.
    Людзі заўжды гасцінна прымаюць калядоўшчыкаў, добразычліва рэагуюць на выступленне, пачынаюць спяваць разам з намі. Мяне найбольш узрушваюць моманты, калі гаспадары, гледзячы на нас, узгадваюць свае дзіцячыя і маладыя гады, як самі калядавалі, распавядаюць пра бабуль і дзядуль – захавальнікаў святочных традыцый, пра заснежаныя зімовыя вёскі, дзе Раство перажывалася ў асаблівай, сапраўдны цёплай і сямейнай атмасферы.
    Лічу, што ў радаснае свята Нараджэння Пана не трэба замыкацца ў сабе, трэба выходзіць у свет, дзяліцца сваімі эмоцыямі. А гаспадары абавязкова аддзячаць: хто – усмешкай, хто – добрым словам, а хто – прысмакамі.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.