ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 26 верасня 2018 года
«Кроў мучанікаў
– заклік да еднасці хрысціян»
/ Папа Францішак /

На абед да сясцёр назарэтанак

З жыцця Касцёла

Манаскае штодзённае жыццё выглядае цалкам іначай, чым свецкае. Яно абумоўлена шматлікімі правіламі і законамі. Разам з тым, кансэкраваныя асобы застаюцца такімі ж, як і мы, у простых побытавых сітуацыях. Магчыма, толькі па-іншаму да ўсяго адносяцца – нам у прыклад...
    Карэспандэнт “Слова Жыцця” пабывала ў гродзенскім доме Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і разам з манахіняй, якая служыць на кухні, далучылася да прыгатавання абедзенных страў для сясцёр супольнасці.
Любыя цярпенні – у пэўнай інтэнцыі
    – Сёння гатуем на абед дранікі! – з усмешкай сустракае мяне на кухні с. Тэрэза Кучынская CSFN. Вымае з шафкі электратарку. Вядро начышчанай бульбы ўжо напагатове.
    – Гэта мяне хто-небудзь з сясцёр выручае: раней начысціць бульбы, морквы, цыбулі, – дзеліцца манахіня. – Дарэчы, калі ў сясцёр ёсць вольны час, забягаюць на кухню, пытаюцца, чым могуць быць карысныя. Дапамагаюць пячы смачныя торты, пірагі, пячэнне. Прызнаюся, гэта нашмат палягчае мне працу... Напэўна, нават больш падымае на духу тое, што з табой побач іншы чалавек. Так неяк спакайней...
    У размове высвятляецца, што с. Тэрэза служыць на кухні адна. У ліку яе абавязкаў – прыдумаць і скласці меню, прыгатаваць ежу, прыбрацца на кухні. Прызнаецца, што цяжка было напачатку. Прасцей стала, калі крыху набралася вопыту, дзякуючы падказкам сясцёр.
– Вельмі важна злучаць сваю штодзённасць з малітвай, давяраць усё Богу, – заўважае с. Тэрэза. – Нягледзячы на розныя цяжкасці, трываць у Пану. Менавіта Ён дае сілы, з’яўляецца крыніцай моцы і так патрэбнай мудрасці. Я заўсёды кіруюся ў жыцці такім выслоўем з Евангелля: “Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 4–5).
    І тут раптам электратарка перастае рабіць: нешта заела. Сястра здзяйсняе пэўную маніпуляцыю – і механізм зноў запрацаваў. С. Тэрэза ўсміхаецца і тлумачыць, што любыя няўдачы можна “прынесці на Божы алтар у пэўнай інтэнцыі”. У лістападзе, напрыклад, яна ахвяруецца за памерлых.
   
    З увагай да кожнага чалавека
    Сястра рухава замешвае цеста для дранікаў. На пліце ўжо награваюцца патэльні. Іх ажно 5, бо трэба паспець своечасова падаць гатовую страву на абед. А ў доме супольнасці пражывае 18 сясцёр назарэтанак.
    Спачатку гатуем дранікі без цыбулі для некалькіх манахінь, якія маюць праблемы са страўнікава-кішэчным трактам.
    – Некаторыя нашы сёстры па стане здароўя прытрымліваюцца дыеты. Для іх патрэбна асаблівае меню, – падкрэслівае с. Тэрэза.
    У бяседзе манахіня распавядае, што прадумвае набор страў на некалькі дзён уперад. Робіць нейкія зарыхтоўкі напярэдадні.
    – На тыдні нас абавязвае пост у сераду, пятніцу і суботу. Яго захоўваем у памяць аб Святой Сям’і: Езусе, Марыі і Юзафе, – тлумачыць с. Тэрэза.
    – А што сёстры любяць больш за ўсё? – цікаўлюся.
    Манахіня на момант задумалася.
    – Боршч. Рыбу. Розныя салаты, напрыклад, сялёдку пад шубай. Бліны з рознымі начынкамі, паджараныя, – гаворыць сястра.
    У прыадчыненай шафе заўважаю паліцу з кнігамі і нататнікамі. Схіляючы галаву, разумею, што там захоўваецца калекцыя рэцэптаў.
    – Я пагляджу?
    С. Тэрэза ківае.
    На маё здзіўленне, там апынуліся кулінарныя зборнікі розных краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Асобна збоку ляжала нават рарытэтнае па сённяшніх мерках выданне “Kucharka Litewska”, выпушчанае ў Варшаве ў 1900 годзе.
    – Рукі не даходзяць усё гэта пераглядзець, – з жалем заўважае сястра. – Вельмі часта перадаём нейкія рэцэпты з вуснаў у вусны.
    Манахіні дзеляцца адна з адной і пэўнымі хітрасцямі, да якіх гаспадыні прыходзяць з часам, набіраючыся вопыту. Так, напрыклад, каб боршч захоўваў прыгожы колер булёну і меў прыемную кіслінку на смак, падчас прыгатавання варта нарэзаць і кінуць у суп свежы яблык.
   
    Накарміць Хрыста ў бліжнім
    Разам з с. Тэрэзай спрытна пераварочваем падрумяненыя дранікі. Адна партыя, другая, трэцяя, дзясятая – і міска з цестам апусцела. Справіліся! Да абеду застаецца паўгадзіны. Манахіня ставіць на пліту грэцца суп са шчаўя, які застаўся з учарашняга дня.
    – Такія моманты важна прадугледзець, – падкрэслівае с. Тэрэза. – Калі б супу не было на сёння, дранікі не планавала б. Вельмі цяжка адначасова гатаваць некалькі страў на дзясятак людзей.
    За пару хвілін да абеду ў вызначаны час у сталовай дома сясцёр назарэтанак заўважаецца рух. Манахіні збіраюцца на супольную малітву перад прыняццем ежы. Прачытаўшы ўрывак з Бібліі, сёстры прымаюцца за абед. Ён трывае каля паўгадзіны. Манахіні размаўляюць паміж сабой, абмяркоўваюць нейкія пытанні. Пазней с. Тэрэза прызнаецца, што ёй вельмі прыемна назіраць за тым, як сёстры з апетытам спажываюць прыгатаваныя стравы. У такія моманты яна ўяўляе, што разам з манахінямі сядзіць сам Хрыстос:
    – Выказваючы клопат пра кожную сястру, я клапачуся пра Езуса. Прыгатаваўшы стравы, імкнуся накарміць Збаўцу, які прысутны ў бліжнім.
    Тое, што застаецца пасля абеду, ніколі не марнуецца.
    Часам у дзверы дома супольнасці пастукаецца ўбогі, які спазніўся на абед, што сёстры гатуюць для бедных асобна. І тады манахіні частуюць яго тым, што маюць. Галодны ніхто ад сясцёр не выходзіць.
   
    Чалавек непераможны, калі давярае сябе Богу
    Паволі манахіні пачынаюць разыходзіцца з абеду. Маючы трохі часу, с. Тэрэза прапануе мне заглянуць у каморку. Там яна паказвае паліцы са шматлікімі нарыхтоўкамі.
    – Вось варэнне, марынады. Салаты, агуркі і памідоры. Гэта ўсё мы самі! – дадае з усмешкай. – Летам збіраемся на кухні разам. Кожны робіць нешта па сваім рэцэпце. І ў выніку атрымліваем такі багаты ўраджай закатак на зіму.
    Сярод іншага с. Тэрэза вылучае засушаныя грыбы:
    – Самі сёстры збіралі ў лесе... Стараемся па магчымасці ўсё рабіць сваімі рукамі, сваімі ж намаганнямі. Вось нядаўна заквасілі капусту ў бочцы.
    Манахіня запрашае выйсці на вуліцу. Там яна паказвае на невялікі кавалак зямлі.
    – Вырошчваем тут, у сваім агародчыку, некаторую агародніну, зеляніну, – гаворыць яна. –Засушваем і замарожваем спецыі: базілік, укроп, жэжуху. Сястра зазначае, што ў супольнасці адчуваюць асаблівую апеку св. Юзафа, да якога моляцца штодня. Ён часта прыходзіць з дапамогай праз простых людзей, якія ахвяруюць сёстрам бульбу, яблыкі, капусту, моркву, часнык...
    – С. Тэрэза, як Вы думаеце, адкуль чалавеку варта чэрпаць сілы? – пытаюся.
    – Кожны з нас мае невычарпальныя рэсурсы, калі робіць нешта на хвалу Божую, калі злучаны з Ім і ўпоўні давярае ўсяго сябе Усемагутнаму.
    – Ці ёсць у Вас якое-небудзь жаданне?
    – Паехаць у санктуарый Маці Божай у Лурд, каб там падзякаваць Ёй за 25 гадоў кансэкраванага жыцця, апеку і ўсе атрыманыя дары, а таксама выпрасіць неабходныя ласкі для далейшага служэння.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  97

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.