ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 12 снежня 2017 года
«Езус прыходзіць да нас штодня
шматлікімі спосабамі і просіць прыняць Яго»
/ Папа Францішак /

Заступнік пчаляроў: св. Амброзій

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі св. Амброзій прадстаўляецца ў папскім уборы. Сярод яго атрыбутаў можна адзначыць пяро, кнігу, вулей з пчоламі (згодна з традыцыяй, пчаліны рой акружыў нованароджанага Амброзія, кладучы ў яго вусны мёд, што павінна было стаць прадвеснікам дбайнай пастырскай працы, у тым ліку абвяшчэння Божага слова), дзіця ў калысцы, косць і бізун з 3-ма раменьчыкамі, якімі святы бічаваў сябе.

Вялікі і знакаміты прамоўца. Людзі слухалі яго, затаіўшы дыханне. Да сёння паўтараюцца словы святога: “Добрая мова – як соты з мёдам”. Пчаляры ж, асаблівым заступнікам якіх ён з’яўляецца, вераць, што “св. Амброзій мёду дабавіць”.
Калона Касцёла
    Амброзій нарадзіўся каля 340 года ў Трыры (Германія) у багатай арыстакратычнай сям’і (бацька быў прэфектам Галіі). Атрымаў адукацыю ў Рыме (Італія). Там распачаў упраўленчую і палітычную кар’еру. Праз некаторы час быў пасланы ў Мілан (Італія), каб выконваць функцыю консула. Як малады і шляхетны чалавек прагнуў здабыць славу і прызнанне, аднак Пан Бог падрыхтаваў для яго іншы план.
    Хоць Амброзій з’яўляўся катэхуменам, пасля смерці біскупа Мілана быў выбраны яго пераемнікам. Распачаў працу з моцнага акцэнту: раздаў усю маёмасць бедным. Адразу зарэкамендаваў сябе як выдатны арганізатар, паколькі сабраў паслугу вялікай групы катэхетаў.
    Быў разважлівым і ўспрымальным на людскія крыўды чалавекам. Вялікую папулярнасць здабыў дзякуючы сваім казанням і катэхезам, якія прамаўляў у міланскіх святынях. Яго слава сягала самых аддаленых куткоў Рымскай Імперыі.
    Біскуп Амброзій удзельнічаў у многіх дагматычных дыскусіях, што датычылі таямніцы Хрыста і Святой Тройцы. Меў значны ўплыў на палітычнае жыццё і, у прыватнасці, на імператара Феадосія, якога схіліў да пакаяння пасля здзейсненай ім разні фесаланікійцаў. Менавіта праз простыя, але адначасова прыгожыя і прасякнутыя верай казанні біскупа адкрылася на навяртанне і сэрца будучага доктара Касцёла св. Аўгусціна, які свае перажыванні і думкі апісаў у “Споведзі”.
Памёр біскуп Амброзій у Вялікую пятніцу 4 красавіка 397 года. Пакінуў Касцёлу багатую літаратурную спадчыну, у якую ўваходзяць, найперш, казанні, каментарыі да Евангелля паводле св. Лукі, шматлікія гімны, якія назаўсёды ўвайшлі ў літургію, дагматычныя сачыненні, прамовы і 91 біскупскі ліст, што засноўваліся на Святым Пісанні, традыцыі каталіцкага Касцёла і асабістай малітве ды досведзе св. Амброзія, вядомага сваёй мудрасцю і справядлівымі меркаваннямі. Пры жыцці яго характарызавалі як “калону Касцёла”, “жамчужыну, якая блішчыць на Божым пальцы”. Дзякуючы такім вялікім навуковым дасягненням святы залічаны – разам са св. Аўгусцінам, св. Геранімам і св. Рыгорам І Вялікім – да кола 4-ох вялікіх доктараў Касцёла.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў св. Амброзія?
    Святы вучыць нас вернасці Божаму праву і разумнай мужнасці, якая дазваляе бескампрамісна заклікаць да навяртання. Указвае на Святое Пісанне як крыніцу ўсякай мудрасці.
   
    Цікава!
    Усіх паражала актыўнасць біскупа Амброзія. Як падкрэсліў біёграф, пасля смерці святога яго катэхетычныя абавязкі трэба было падзяліць паміж 5-цю святарамі.
    Некаторыя прыпісваюць аўтарства гімна “Te Deum Laudamus” (“Цябе, Бога, праслаўляем”) св. Амброзію, які, верагодна, напісаў яго ў падзяку за хрост св. Аўгусціна.
   
    З вуснаў святога
    “Калі душа робіць нешта справядлівае, праслаўляе вобраз Бога, на падабенства якога створана. А калі Яго праслаўляе, удзельнічае ў велічы Усемагутнага і праз гэта ўзвышаецца” (“Айцы жывыя”, апрац. Марэк Старавейскі).
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае св. Амброзія 7 снежня.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

 
violet
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  20

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.