ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Чацвер, 23 лістапада 2017 года
«Бог стварыў неба і зямлю для ўсіх.
На жаль, людзі збудавалі межы»
/ Папа Францішак /

Заступніца чыстых сэрцаў: бл. Караліна Кузка

Нашы заступнікі перад Богам

У іканаграфіі бл. Караліна Кузка прадстаўлена з пальмай мучаніцтва і ружанцам.

Нашы заступнікі перад Богам
Бласлаўлёная апекуецца дзяўчатамі і хлопцамі, якія, жадаючы спазнаць радасць чыстага кахання, бяруць на сябе абавязак устрымлівацца ад палавых зносін да заключэння сакраманту сужэнства. Папа Ян Павел ІІ абвясціў бл. Караліну заступніцай Руху чыстых сэрцаў і апякункай ахвяр дамаганняў.
Малітва і праца
    Караліна Кузка нарадзілася 2 жніўня 1898 года ў в. Вал-Руда (сёння Забава) пад Тарнувам (Польшча). Была 4-ым з 11-ці дзяцей Яна і Марыі. Выхоўвалася ў доме, дзе панавала поўная прастаты і духу малітвы атмасфера. З ранняга дзяцінства Караліна перажывала ў сваім сэрцы нястомную радасць, была адорана асаблівай ласкай: пастанавіла належаць толькі Богу, адчувала сябе апосталам Езуса.
    Штодзённасць дзяўчыны можна заключыць у бенедыктынскім правіле “ora et labora” (“маліся і працуй”). Пры гэтым яна не забывалася пра вучобу. Працавала часам нават звыш сваіх сіл, каб аблегчыць працу братам і сёстрам або дапамагчы суседзям, асабліва хворым. Чытала ім рэлігійныя часопісы, дапамагала па гаспадарцы. Такім чынам заслужыла павагу і зычлівасць жыхароў вёскі. Дзяўчына стала для іх прыкладам для пераймання. Яна ніколі не скардзілася на сваё поўнае працы жыццё. Рэдка можна было сустрэць дзяўчыну сумнай ці пакрыўджанай, таму што не любіла адчуваць крыўду да людзей, прабачала ўсе прыкрасці, якія яе спатыкалі.
Вяла глыбокае ўнутранае жыццё, ззяла якімсьці натуральным бляскам. Умела распараджацца духоўным багаццем, атрыманым ад Бога, дадаючы да яго сваю працавітасць. Шукаючы праўду, выказвала вялікі запал у здабыванні ведаў, чытанні кніг. Пазычала рэлігійную літаратуру дзецям, тлумачыла ім таямніцы святой каталіцкай веры і вучыла малітвам. Любіла Ружанец. Мела таксама набажэнства да Мукі Пана, Крыжовага шляху і Езуса ў Эўхарыстыі, якога часта адаравала.
    Драма адбылася 18 лістапада 1914 года, калі расійскі салдат са зброяй у руках уварваўся ў дом сям’і Кузкаў. Пад маркай наказу з’явіцца да камандзіра ён запатрабаваў, каб Караліна і яе бацька выйшлі з дому. Сілай скіраваў іх у лес. Пагражаючы смерцю бацьку, прымусіў яго адысці. Той у роспачы маліў салдата, каб лепш яго забілі, чым пакрыўдзілі дачку. А ўрэшце з жахам пабег у сядзібу дзядзькі Караліны, каб у таго знайсці дапамогу. Аднак цела 16-гадовай дзяўчыны, скатаванае, знайшлі ў лесе толькі праз 2 тыдні.
    Дзякуючы ласцы ад Пана, Караліна абараніла сваю годнасць дзіцяці Божага. Атрыманыя раны сведчаць пра веліч яе цярпення, пра тое, што адважная дзяўчына хацела лепш памерці, чым абразіць любімую цноту нявіннасці.
   
    Чаму мы можам навучыцца ў бл. Караліны Кузкі?
    Бласлаўлёная сваім кароткім жыццём паказала, як цудоўна рэалізаваць уласнае пакліканне, быць добрым чалавекам і ісці праз жыццё з Хрыстом. Дала сведчанне прыналежнасці чалавека да Бога. На сваім прыкладзе дзяўчына вучыць нас змагацца, каб абараніць не толькі чысціню, але і ўсе хрысціянскія каштоўнасці.
   
    Цікава!
    Караліна штодзённа пераадольвала 7 кіламетраў да касцёла. Прымала актыўны ўдзел у жыцці парафіі, навучала дзяцей катэхізісу, што прыносіла ёй вялікую радасць. Тагачасны пробашч кс. Уладзіслаў Мэндраля, які быў яе спаведнікам, называў Кузку сваёй правай рукой, аніматарам рэлігійнага жыцця.
   
    З вуснаў святой
    “Вось бы трапіць у Неба. Як бы там было добра!” (“Прыгожая, як жамчужына. Караліна Кузка. 100-годдзе мучаніцкай смерці”, Генрых Бэйда).
   
    Літургічны ўспамін
    Касцёл узгадвае бл. Караліну Кузку 18 лістапада. Сёлета мінула 30-ая гадавіна яе беатыфікацыі, здзейсненай папам Янам Паўлам ІІ.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  39

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.