ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Не бачым ці... не хочам заўважаць?

З жыцця Касцёла

Упершыню католікі ўсяго свету збіраюцца адзначыць Дзень убогіх, устаноўлены папам Францішкам. Свята, прысвечанае асобам з найбяднейшага пласта насельніцтва, прыпадае на 19 лістапада – нядзелю перад урачыстасцю Пана Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Пантыфік звяртае ўвагу на актуальнасць праблемы ўбогасці, запрашае людзей разглядзець яе ў шырокім разрэзе, прыпыніцца ля патрабуючых, паглядзець ім у вочы і падаць сваю руку.
Чыясьці маці
   Мы сустрэліся на цэнтральнай плошчы горада. Жанчына вылучыла мяне сярод натоўпу і, перапрашаючы, звярнулася з працягнутай далонню “даць колькі не шкада”. На добрую справу грошай не шкада. Але ці адно і тое ж мы разумеем пад добрай справай?
    – Мне на хлеб не хапае...
    Некаторы час гляджу на яе. Жанчына пажылога ўзросту. Хударлявая, невысокага росту, з запалымі вачыма. З выгляду, звычайная сярэднестатыстычная бабулька, якая на пенсію ледзьве зводзіць канцы з канцамі. Адзначаю пра сябе пафарбаваныя ў фіялетавы колер валасы і не магу стрымаць лагоднай усмешкі.
    – Ну, хадземце, купім Вам хлеба.
    Праз нейкі час мы выпадкова спаткаліся на тым жа месцы. Я спяшалася на важную сустрэчу. Жанчына спыніла мяне і звярнулася з падобнай просьбай. Абяцала сплаціць доўг з пенсіі, якую чакае. Машынальна назвала свой хатні адрас і аддана зазірнула ў вочы. Відаць, не пазнала мяне...
Мы прыселі на лаўку і разгаварыліся. Высветлілася, што ў жанчыны ёсць сын. Але яны ўжо доўгі час не маюць ніякіх зносін, хоць і жывуць у адным горадзе. Нейкія незразумелыя мне прычыны, абставіны... Чужому чалавеку ў гэтым не разабрацца. Але факт застаецца фактам: маці і сын знацца не хочуць.
    Чаму ж ёй даводзіцца так пабірацца? Зачапіла за жывое... Дамовіліся сустрэцца з гаротнай жанчынай апоўдні наступнага дня. Калі не падманвае, адрас назвала сапраўдны.
   
“Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю”
    (1 Ян 3, 18).

    Голыя сцены
    Дзверы кватэры ў шматпавярховым доме мне адчыніў малады хлопец гадоў прыкладна 30-ці. Прызнацца, не чакала. Таму на момант засумнявалася, ці туды трапіла. Мімаходзь акінула позіркам сцены калідора: шпалераў няма, падлога выскаблена...
    – Я да Ніны Уладзіміраўны. Магу яе ўбачыць?
    – Цёця-а! Гэта да цябе.
    Пачулася шорганне. Пакуль жанчына павольна тупацела з дальняга пакоя, хлопец з асцярогай на мяне пазіраў.
    – Вы з сацыяльнай службы? – спытаўся ён.
    – Не...
    – З нейкай Царквы? – усё ж хацеў высветліць.
    – Не, не з Царквы. Проста... Пагаварыць. А Вы... пляменнік, мабыць?
    Махнуў галавой.
    І вось паказалася цёця Ніна. Мы прывіталіся, і я запрасіла жанчыну на шпацыр.
    – Вы толькі прывядзіце яе назад, – сказаў хлопец. – Уначы быў прыступ эпілепсіі. Абышліся без хуткай дапамогі, але хто ведае... Усё можа паўтарыцца ізноў.
    Жанчына пайшла збірацца на вуліцу. Пляменнік крыкнуў ёй наўздагон:
    – Цёця, адзявайцеся цяплей! На двары сыра.
   
    Дзіравыя красоўкі
    Якраз скончыўся лівень. Лужы трымцелі ад апошніх кропель дажджу. Каб не паслізгнуцца на прыступках, жанчына няёмка, быццам пабойваючыся, узяла мяне пад руку. Спусціўшыся, я не прыняла рукі. Так і пайшлі разам.
    У накірунку крамы.
    Адразу звярнула ўвагу на абутак жанчыны – на некалькі памераў большыя красоўкі, дзе-нідзе дзіравыя. Разумею, што нармальнага абутку ў яе няма. А як жа зімой? Высвятляецца, што “ну, як-небудзь”.
    Ніна Уладзіміраўна не хочучы распавядае пра сябе. Аказваецца, ёй усяго (бо выглядае старэйшай) 62 гады. Раней працавала рэтушорам на “Аўтамагнітоле”. У маладосці любіла паганяць на матацыкле. Але аднойчы трапіла ў аварыю, з-за чаго да цяперашняй пары мае праблемы з нагамі. Інвалід ІІ групы.
    – Зусім цяжка стала, як муж памёр...
    Зараз жыве з кватарантамі, як адзначае. З Сяргеем і яго нявестай Ганнай.
    – За пражыванне яны абяцаюць зрабіць у маёй кватэры рамонт. Часам купляюць нешта паесці.
    Дык гэта, атрымліваецца, не пляменнік сустрэў мяне на парозе? Адразу вымаляваўся банальны сучасны сюжэт: у самотнай пажылой жанчыны з’явіліся прэтэндэнты на жыллёвую плошчу. Але не мая справа. Градус даверу да хлопца ўсё ж упаў. Хоць і бачна: клапоціцца пра яе, па словах жанчыны, “штодзень варыць суп”.
    І тут Ніна Уладзіміраўна пачынае гаварыць пра мужа, якога “з раніцы не бачыла, як пайшоў на працу”. Ён жа... памёр з яе слоў! Гэта потым даведаюся, што з-за даўняга ДТЗ у жанчыны здараюцца правалы ў памяці.
    Мы падышлі да крамы. Купілі там неабходныя прадукты і зазбіраліся дадому.
   
    З горычы – за бутэльку
    Так званы “пляменнік” чакаў ля дзвярэй. У размове прызнаўся, што на самой справе не сваяк – “проста глядзіць цёцю Ніну”. Раней прыглядваў за ёю на адлегласці, цяпер ужо некалькі тыдняў, як перабраўся. Не ўтойваў, што гаспадыня любіць выпіць, з-за чаго потым мае праблемы. Няраз яму даводзілася забіраць жанчыну і з міліцыі, і з бальніцы.
    – Сын яе перыядычна заязджае. Забірае рахункі на аплату. Але яны не размаўляюць нават.
    З размовы вынікае, што сын нядаўна быў назначаны на пасаду старшыні аднаго з калгасаў. Мае 2-іх дзяцей. Мажліва, я не так шмат бачыла ў жыцці, але, здаецца, ёсць святыя рэчы. І гэта бацькі. Што б ні здарылася, як бы ні закруціў лёс, абставіны, перад бацькамі кожны з нас у неаплатным даўгу. І калі хтосьці нейкім страшным чынам страціў любоў да людзей, якія далі жыццё (неверагодна!), павінен усё ж захоўваць павагу і мець сумленне паклапаціцца аб іх да апошняга дня. Абавязвае Божая запаведзь. Дзеці з’яўляюцца часткай сваіх бацькоў, працягам. І як жудасна бачыць, як дзеці, адмаўляючыся ад бацькоў, адмаўляюцца ад саміх сябе.
    – А прадукты не трэба было... У нас ёсць што паесці, – пачаў запэўніваць Сяргей.
    – Не будзе лішнім.
    І мы развіталіся.
    На зваротным шляху я думала пра тое, што ў кожнага з нас свая праўда. І кожны сам вырашае, наколькі хоча паказаць яе іншаму. Шчырасць? Многія ўмеюць іграць у шчырасць, калі гэта выгадна. І толькі просты чалавек, якому няма чаго губляць, будзе з табой па-сапраўднаму шчырым. А ўсё чаму? Парог адчувальнасці ў такіх людзей знізіўся. У якісьці час ім стала ўсё роўна на жыццё. І на тое, як яны выглядаюць у вачах акружаючых.
    У дадзеным выпадку ўзнікае тая тонкая, амаль нябачная мяжа, на якой яшчэ можа адрадзіцца ўзаемапаразуменне паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў. Калі гэты чалавек разам са знешняй абалонкай не страціў свайго нутра, грамадства згаджаецца яго прыняць. А калі ж страціў, акружэнне ставіць на небараку крыж. І тут вось якая справа: хто асмельваецца даваць ацэнку адносна гэтага тым няшчасным, у выніку панясе перад Богам адпаведную адказнасць. Асабліва ў тым выпадку, калі акажацца няправы. Як кажуць, не нам судзіць – са сваім жыццём разабрацца б.
   
    Рэмарка
    І гэта не нейкая выключная гісторыя. Такіх людзей вакол нас нямала – толькі ці хочам заўважаць? Часам бачым адно іх брудную вопратку, адварочваемся ад паху алкаголю. Але гэта не пазбаўляе прапашчых людзей чалавечай годнасці. Яны, як і ўсе, хочуць паесці, сагрэцца, быць, у рэшце рэшт, шчаслівымі. Як бачна, у іх гэта не атрымліваецца. Можа, не навучылі таму або штосьці ўпусцілі самі. Але не ўсё страчана! Гледзячы на безнадзейных, здавалася б, людзей, варта ўсведамляць: пакуль яны жывуць, Бог дае шанс. І верыць у іх.
   

    У тэму
   
Убогія, бо ў Бога

    Кожны раз, калі думаеш, што Тваё жыццё няўдалае ды нешчаслівае, азірніся. Паглядзі вакол і паспрабуй заўважыць тых, чыё жыццё здаецца найбольш прыніжаным у вачах астатніх. Гэта і ёсць Ён.
    Адрачэнне ад усялякіх даброт свету па сваёй ці, можа, іншай волі – вось ён, галоўны крытэрый хрысціяніна, таго, хто ідзе за Хрыстом. Ён сам наказаў вырачыся ўсяго людскога, каб асягнуць Валадарства Нябеснае. Таму будзь такім жа шчырым і пакорным, як Езус. Будзь простым і добрым, як дзіця. Як дзіця, якое не судзіць па знешнасці ці сацыяльным становішчы, а адкрыта ставіцца да навакольнага свету і людзей, якія побач. Бо толькі пераймаючы дзяцей зможам увайсці ў Дом Божы, стаць валадарамі таго, што міласэрны Айцец пакінуў для нас.
    Дык што ж перашкаджае Табе быць такім жа? Памятай, не страшна, калі ўбогі целам. Страшна, калі помыслы Твае бяднейшыя, чым кішэні.
   
    Марыя Валюк

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.