ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Увесь наш талент і творчы запал дзеля большай хвалы Божай!

Інтэрв'ю

Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ адзначыў 10-годдзе свайго існавання. Урачыстасці з гэтай нагоды адбыліся ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Акцёры дзякавалі Усемагутнаму за дар веры, таленту, за тэатральную супольнасць і прасілі аб Божым бласлаўленні на далейшую актыўную і плённую працу на сцэне.
    Юбілейная дата – гэта заўсёды пэўны рубеж, час падвядзення вынікаў. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” заснавальніца і нязменны кіраўнік тэатра Марына Жыбартовіч-Протас распавядае пра тонкасці працы на ніве тэатральнага мастацтва.
– Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ ужо паспеў заваяваць сэрцы многіх гледачоў, для некаторых ён нават стаў любімым. Адкуль з’явілася ідэя яго стварэння, і з чаго пачаўся Ваш асабісты творчы шлях?
    – Тэатральны свет вабіў мяне з самага дзяцінства. Я марыла стаць балярынай. Жаданне не здзейснілася ў тым выглядзе, у якім хацелася, але рэалізавалася так, як пажадаў Пан Бог.
    Сваю працу на ніве творчага мастацтва я пачынала ў мястэчку Воўпа, дзе дзякуючы маім намаганням паўстаў тэатр “Віфлеемская зорка”. Гэтая праца была свайго роду рэалізацыяй дзіцячых мар. Акрамя таго, я зразумела, што працуючы з дзецьмі змагу зрабіць значна больш, чым здолела б адна. Таму калі ў 2007 годзе прыехала ў парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, у мяне нават сумненняў не было, што тут павінен быць тэатр. Гэтую ідэю падтрымалі айцы рэдэмптарысты.
Для іх таксама важна, каб з дзецьмі і моладдзю вялася праца ў творчым накірунку. Такім чынам нарадзіўся Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ. Яго духоўным кіраўніком стаў а. Станіслаў Станеўскі CSsR.
   
    – Чаму ў якасці апекуна абралі менавіта Яна Паўла ІІ?
    – Тэатр быў часткай жыцця Святога Айца. Ён іграў у школьных спектаклях, хацеў стаць акцёрам ці драматургам. Таму цяжка сабе ўявіць лепшага апекуна! І хоць на той момант, калі тэатр толькі пачынаў сваю дзейнасць, Ян Павел ІІ яшчэ не быў абвешчаны святым, яго словы, навучанне і прыклад жыцця давалі нам імпульс для развіцця і рэалізацыі творчых планаў.
   
    – Вашы спектаклі – сапраўдны сінтэз літаратуры, музыкі, харэаграфіі, вакалу і выяўленчага мастацтва. Як нараджаюцца ідэі пастановак? Адкуль чэрпаеце натхненне?
    – Я не маю спецыяльнай адукацыі, таму дзейнічаю па натхненні. Яго чэрпаю з неба, з людскога жыцця, часам з нейкіх звычайных бытавых сітуацый. Магчыма, тое, што скажу, прагучыць крыху пафасна, але, думаю, толькі дзякуючы дзеянню Святога Духа ў мяне атрымліваецца прыдумляць сцэнарый і ўвасабляць яго ў жыццё. Здараецца, што ідэі з’яўляюцца наўпрост на сцэне падчас рэпетыцый. Час ад часу самі акцёры падказваюць новыя магчымасці развіцця сюжэта.
    Тэатр – асаблівы від мастацтва са сваімі ўнікальнымі і сапраўды бязмежнымі выразнымі магчымасцямі. Таму мне цікава любая рэжысура. Падабаецца спалучаць неспалучаемае. Часам бывае, што гледачы не зусім разумеюць нейкія неардынарныя спектаклі, тады падаецца, што, можа, варта гаварыць прасцей. Але пасля адмаўляешся ад гэтай думкі, бо тэатр усё ж такі павінен прымушаць задумацца. Лічу, што не трэба абмяжоўвацца і замыкацца ў адным жанры. І справа не ў наватарстве. Справа ў дасягненні змястоўнасці, асэнсаванасці, ва ўздзеянні на гледача. На тое ён і тэатр, каб быць шматгранным!
    У кожнай нашай пастаноўцы прысутнічае выхаваўчы момант, а ў аснове сюжэта ляжаць разважанні пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра дабро і зло, пра тое, што такое сяброўства, павага і любоў. Праз сваю дзейнасць стараемся сеяць Бога ў сэрцах людзей. Упэўнена, што калі хоць адзін чалавек выйшаў пасля прагляду пастаноўкі і захацеў нешта змяніць у сваім жыцці, спектакль меў поспех.
    А найвялікшая ўзнагарода – калі людзі пасля нашага выступлення вяртаюцца да нейкіх момантаў, разважаюць.
   
    – Якімі здольнасцямі павінна валодаць дзіця, каб трапіць у Тэатр імя св. Яна Паўла ІІ?
    – Вельмі важна адзначыць той факт, што тэатр ствараўся для ўсіх дзяцей без выключэння – з розным узроўнем здольнасцей і падрыхтоўкі. Наш кантынгент – ад дашкалят да студэнтаў. Часта бацькі задаюць пытанне: “А калі маё дзіця танцуе, а спяваць не ўмее (ці наадварот), што ж рабіць?”. Я заўсёды адказваю: “Калі ёсць жаданне займацца творчасцю, прыходзьце!”. Мы не праводзім кастынгі, і кожны ахвочы можа паспрабаваць свае сілы. Стараемся развіваць моцныя бакі кожнага ўдзельніка, а слабыя паступова “падцягваем”. У нашых пастаноўках адначасова прымаюць удзел каля 30-ці дзяцей. І кожнаму з іх неяк удаецца знаходзіць прыдатны вобраз.
    Канешне, не кожны, хто прыходзіць, застаецца, бо тэатр – гэта сапраўды цяжкая праца, якая патрабуе шмат часу і высілкаў.
   
    – Ці ёсць у тэатры нейкія традыцыі?
    – Безумоўна. Пасля выступленняў, калі атрымліваем на рукі фотаздымкі і відэа, заўсёды арганізоўваем сумесны прагляд-успамін за гарбатай і салодкімі пачастункамі. Перад Божым Нараджэннем збіраемся разам, каб падзяліцца аплаткай. Таксама ва ўспамін св. Станіслава Косткі рыхтуем вечарыну, каб павіншаваць нашага духоўнага кіраўніка а. Станіслава Станеўскага CSsR. Але найважнейшая традыцыя – гэта звычайныя рэпетыцыі, калі цяжка працуецца, але тым самым здабываюцца новыя веды і ўменні, што дазваляе падняцца на больш высокі ўзровень.
    Тэатр пакідае ў сэрцы кожнага ўдзельніка незабыўны след. Таму ўжо будучы студэнтамі ці нават сямейнымі людзьмі, нашы былыя акцёры знаходзяць час, каб прыйсці на сустрэчу альбо прыняць удзел у якой-небудзь імпрэзе. І гэта вельмі прыемна, што для іх тэатр не скончыўся, як нейкі факультатыў ці кружок.
   
    – Раскажыце пра гастрольную дзейнасць тэатра. Яна ёсць?
    – Кожны год прадстаўнікі тэатра (група з 15-ці чалавек) прымаюць удзел у Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве. Моладзь дэманструе свае артыстычныя здольнасці і выступае на вельмі высокім узроўні, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды. Больш не маем асаблівай магчымасці гастраліраваць, паколькі асноўная частка нашых тэатральных пастановак прымеркавана да каталіцкіх свят. Прадставіць іх публіцы можна толькі ў пэўны час, напрыклад, у калядны ці велікодны перыяд. Але хачу падкрэсліць, што мы адкрытыя на прапановы.
    І калі якая-небудзь з парафій нас запросіць, то з задавальненнем прыедзем.
    Нашая мара – выступаць не толькі перад людзьмі, якія ведаюць Бога, але выйсці, напрыклад, на сцэну драматычнага тэатра ці гарадскога дома культуры, каб прадставіць шырокай публіцы свае творчыя эксперыменты і такім чынам евангелізаваць.
   
    – Вам даводзіцца быць адначасова і кіраўніком, і рэжысёрам, і харэографам. Гэта, безумоўна, вельмі цяжкая праца. Як удаецца пазбягаць прафесійнага выгарання?
    – Шчыра кажучы, штогод думаю, што новага яшчэ я здольна прыдумаць. Кожны спектакль здаецца вяршыняй, вышэй за якую не ўзысці. Але дзеці матывуюць мяне да далейшай працы. Ведаеце, калі літаральна пасля прэм’еры яны падыходзяць да мяне з пытаннем “Што наступнае мы будзем рыхтаваць?”, я разумею, што не маю права спыніцца, сказаць, што больш нічога новага не будзе. Мае выхаванцы вераць у мяне, і дзякуючы ім хочацца прафесійна расці і рэалізоўваць сябе. Разам у нас многае атрымліваецца, ставім перад сабой больш складаныя задачы і выконваем іх.
    Дзеці мяне натхняюць. Працаваць з імі – сапраўднае задавальненне. Дзеці самыя шчырыя, сапраўдныя, жывыя. Ад іх атрымліваеш такі запал! З задавальненнем назіраю, як маладыя людзі раскрываюцца, растуць як акцёры, асобы.
   
    – Ці нехта яшчэ дапамагае Вам ствараць відовішча?
    – Так, сапраўды ёсць людзі, якія часцяком застаюцца для гледача непрыкметнымі. З намі супрацоўнічае Ліна Завадзкая – цудоўны чалавек, які шые нам касцюмы і такім чынам дапамагае ў рэалізацыі творчых задумак. Таксама дзякую Богу за Ганну Кулікоўскую, педагога па вакалу. Яна працуе не толькі над голасам, але таксама і над псіхікай дзяцей і моладзі.
   
    – Якім Вы бачыце заўтрашні дзень тэатра? З якім настроем глядзіце ў будучыню?
    – Даўно выношваю ў сэрцы задуму паставіць мюзікл. Ужо было некалькі спроб, але да канца гэтая ідэя яшчэ не выспела. Зерне ёсць, таму чакаю, калі прыйдзе час яму прарасці. Прыглядваюся да акцёраў, якія б маглі сыграць на сцэне, а таксама прыняць удзел у напісанні музыкі і тэкстаў.
    Я люблю тэатр за бязмежжа яго магчымасцей. І мне як кіраўніку вельмі важна, каб ён працягваў рухацца наперад і развівацца. Спадзяюся, што мастацтва тэатра і надалей будзе заставацца запатрабаваным і неабходным, а ў нас хопіць сіл на рэалізацыю ўсіх планаў, якіх, дарэчы, вельмі шмат.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.