ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Заканчэнне дыяцэзіяльнай перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай

З жыцця Касцёла

У літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ у гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя завяршылася перэгрынацыя фацімскай фігуры. З вялікай удзячнасцю і пашанай прысутныя вернікі склалі ля стоп Марыі букет, сплецены з малітвы і кветак. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У чаканні сустрэчы
    Фацімская фігура пачала сваё доўгае падарожжа па Гродзенскай дыяцэзіі ў 100-ую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Вандроўка расцягнулася на 163 дні. За гэты час фігура наведала ўсе парафіі дыяцэзіі, завітала амаль у кожную святыню.
    Вернікі рыхтаваліся да перэгрынацыі адказна і засяроджана: за 9 дзён маліліся Навэннай да Маці Божай з Фацімы, адпраўлялі фацімскія набажэнствы, супольна адгаворвалі Ружанец...
У касцёле парафіяне разам з пробашчам рабілі для фігуры трон. Упрыгожвалі яго кветкамі, вянком з дубовых лістоў на ўспамін аб тым дрэве, на якім аб’явілася Маці Божая. Пазней вернікі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы ў Рагозніцы ўспомняць: “Здавалася, фігура Маці Божай знаходзіцца на вяршыні кветкавай гары”.
    Часам у дэкарацыях утрымліваліся вобразныя спасылкі на цуд сонца, што адбыўся ў Партугаліі, або заклікі Марыі да навяртання. Шмат дзе дарога да святыні, па якой фігуру ўрачыста ўносілі ў касцёл, была ўсцелена дываном з кветак. Маці Божую ў фацімскай фігуры віталі “як самага важнага і дарагога пілігрыма” (адзначаюць парафіяне з касцёла св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску).
   
    Перапоўненыя сэрцы
 Апранутыя на падабенства пастушкоў дзеці крочаць на чале працэсіі з фацімскай фігурай у Іўі   З песнямі і слязьмі на вачах людзі сустракалі фацімскую фігуру. Вернікі парафіі Перамянення Пана ў Селіванаўцах успамінаюць: “Зранку ліў дождж. Аж да таго моманту, пакуль мы не сустрэлі фігуру. Разам з тым распагодзілася і ў нашых сэрцах...”. Праз сваю прысутнасць у фацімскай фігуры Маці Божая адорвала людзей радасцю і надзеяй. “І нават калі звонку холад і цемра, нам цёпла і светла. Гэта Марыя, як агеньчык, сагравае і асвятляе ўсё навокал!” – упэўнены вернікі з капліцы свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Русоце.
    Звычайна на пляцы перад касцёлам пробашч вітаў фігуру пацалункам, пасля чаго пад гучныя званы працэсія са шматлікімі вернікамі накіроўвалася ў святыню. Парафіяне разам удзельнічалі ў св. Імшы. Але пасля разыходзіцца ніхто не спяшаўся! Вернікі імкнуліся выкарыстаць магчымасць прыпасці да стоп фацімскай фігуры, “перапрашаючы Прыгожую Панну і дзякуючы Ёй, а найбольш просячы, бо хто, як не Маці, выслухае, абдыме і прытуліць” (узгадваюць вернікі з касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях). Як зазначаюць парафіяне касцёла свсв. Космы і Дам’яна ў Астраўцы, “мы ж Твае дзеці, сціплыя душой і ўбогія сэрцам”. У кожнай парафіі пасля прывітання была магчымасць індывідуальна памаліцца перад фігурай. “Да адной нашай парафіянкі, якая перамяшчаецца на інваліднай калясцы, пробашч пад’ехаў аўтамабільнай капліцай да самага дома. Як жа рада была жанчына дакрануцца да фігуры сваімі рукамі і адчуць яе прысутнасць побач!” – дзеляцца вернікі парафіі свсв. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах.
    Кранаючым момантам перэгрынацыі быў марыйны зварот апоўначы. Вернікі са свечкамі накіроўваліся за фігурай у працэсіі вакол касцёла (недзе яна праходзіла нават вуліцамі мясцовасці). “Па дарозе можна было заўважыць упрыгожаныя абразамі і фігурамі Маці Божай вокны”, – успамінаюць парафіяне касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках. Агонь мігцеў у далонях на знак палаючай веры, якая гарыць у людскіх сэрцах і не баіцца парываў ветру. Вядома, на душы ў верніка спакойна, калі перад сабой ён бачыць крыніцу святла, ад якой у любы момант можа разгарэцца ізноў і нават зазіхацець з новай сілай. “Пасля Пастэркі мы вярнуліся дамоў з запаленай свечкай, запрашаючы Марыю, адчыняючы дзверы ў сваю сям’ю, просячы аб цудзе”, – узгадваюць парафіяне з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве.
    Таксама ў святынях адбываліся інсцэніраваныя дыялогі пастушкоў і Марыі. Вернікі мелі магчымасць на ўласныя вочы і вушы прыгадаць сабе падзеі, якія мелі месца 100 гадоў таму.
   
    На калені ўстаўшы цяпер перад Табою,
    Памолімся мы аб вялікім цудзе:

    Каб па ўсёй зямлі быў мір над галавою,
    Каб як дзеці былі ў свеце людзі!

   
    Алеся Філіпава,
    парафія Беззаганнага Зачацця НПМ у Слоніме

    Ласкавая і літасцівая
 Святар акаджвае фігуру Маці Божай Фацімскай  на прывітанне ў касцёле ў Солах   У некаторых парафіях Маці Божая ў фацімскай фігуры стала сведкай прыняцця вернікамі парафіі пэўных сакрамантаў. Так Марыя была побач у час сплывання Бо- жых ласкаў падчас Першай святой Камуніі ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Васілішках і канфірмацыі ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Радуні, а таксама падчас сакраманту намашчэння хворых у касцёле Маці Божай Ружанцовай у Солах.
    Вернікі касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках падчас перэгрынацыі раздзялілі з Маці Божай радасць ад 450-й гадавіны стварэння парафіі. Айцы паўліны, што служаць у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах, узносілі падзяку Богу праз Найсвяцейшую Панну Марыю за дар 300-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Чанстахоўскай.
    Наведванне фігуры ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне было злучана з урачыстасцю ўнясення рэліквій крыві св. Яна Паўла ІІ, апостала фацімскіх аб’яўленняў. “Дзякуючы гэтаму ўрачыстасць мела падвойны характар – марыйны і папскі. Яны ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго, нагадваючы сутнасць і актуальнасць фацімскага паслання”, – адзначаюць мясцовыя вернікі.
    За выслуханыя малітвы Найсвяцейшай Панне Марыі дзякавалі парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах: “Разам з фігурай Маці Божай у нашу парафію прыбыў і новапрызначаны пробашч, якога асірацелая аўчарня чакала пасля заўчаснай смерці душпастыра кс. Леаніда Несцюка. Просім Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, апекуйся нашай парафіяй, каб сум і смутак апошніх 4-ох месяцаў змяніўся на святло і надзею”.
    Падчас перэгрынацыі дэкрэт біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча аб прызначэнні новага пробашча ўважліва слухалі таксама вернікі парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе. Пасля чаго парафіяне грамадзіліся ля стоп Марыі з падзякай.
    З вялікім болем фацімскую фігуру сустрэлі ў Клюшчанах: “Мы ўнеслі яе ў старую плябанію, бо амаль месяц таму наша святыня згарэла дашчэнту ў пажары”. Вернікі прасілі ў Марыі дапамогі ў справе будавання новага касцёла.
    Аб дары ўзвядзення святыні прасілі і вернікі маладой парафіі ў Пагаранах. Упершыню на месцы асвячэння крыжа цэлебравалі св. Імшу. Пасля была асвечана 2-ая фігура Маці Божай Фацімскай, што наведае кожную сям’ю парафіі, якая павінна паўстаць, каб яшчэ больш духоўна з’яднаць членаў супольнасці праз Найсвяцейшую Маці. Людзі вераць у моц заступніцтва Марыі.
   
    Ключы ад Неба
   Манахіні ўрачыста ўносяць фігуру ў касцёл у Смаргоні Падчас завяршэння перэгрынацыі фацімскай фігуры ў катэдральнай базіліцы біскуп Юзаф падвёў вынікі значнай для дыяцэзіі падзеі і яшчэ раз нагадаў сутнасць марыйнага паслання. “Да чаго заклікаюць нас аб’яўленні ў Фаціме? Па-першае, да навяртання. Па-другое, да малітвы на ружанцы. Па-трэцяе, да даручэння сябе, сям’і і супольнасці Маці Божай. Па-чацвёртае, да пакаяння”, – падсумаваў іерарх. І заахвоціў прыняць святло, якое плыве з Партугаліі. “Даверым сябе Марыі. Няхай Яе Беззаганнае Сэрца будзе нашым сховішчам і дарогай, якая вядзе да Хрыста”, – заклікаў біскуп.
    Пасля перэгрынацыі ў душах вернікаў застаўся ціхі смутак... Але ён звязаны з чаканнем рэальнай сустрэчы з Найсвяцейшай Маці ў Божым Валадарстве. Пад- час аб’яўленняў у Фаціме Марыя дала нам ключы ад Неба, куды запрашае прабываць у вечным шчасці з Яе Сынам. А хто з нас не хоча быць шчаслівым?..
   
   Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны памятныя рукапісныя кнігі, якія суправаджалі перэгрынацыю па парафіях дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.