ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Пятніца, 20 кастрычніка 2017 года
«Бог стварыў жанчыну,
каб кожны з нас меў маці»
/ Папа Францішак /

Ян Марыя Віянэй – заступнік святароў

На шляху да святасці

4 жніўня Касцёл прыгадвае нам постаць вялікага святара, які дапамагаў тысячам людзей сустрэцца з Богам. Ён мог пераўтварыць сэрца і жыццё многіх вернікаў, паказваючы ім міласэрную любоў Пана. Святар з’яўляецца дасканалым прыкладам пераймання для сучаснага духавенства.
Клапоцячыся аб вечным жыцці даручаных яму людзей
    Ян Марыя Віянэй нарадзіўся ў 1786 годзе ў сялянскай сям’і ў в. Дардзіі каля Ліона (Францыя). Ва ўзросце 25-ці гадоў паступіў у духоўную семінарыю, але быў з яе выключаны з-за цяжкасцей у вучобе (асабліва ў вывучэнні лацінскай мовы), што вынікалі з адсутнасці адукацыі. Урэшце яму дазволілі здаваць экзамены не па-лацінску, а па-французску. У 1815 годзе Віянэй прыняў святарскае пасвячэнне. Праз 3 гады быў прызначаны пробашчам у в. Арс, дзе пражывала 230 чалавек. За 40 гадоў яго паслугай скрысталіся каля 80-ці тысяч чалавек, якія прыязджалі туды з усёй Францыі. Як святар гэтага дасягнуў?
У рэлігійна занядбанай парафіі кс. Віянэй не шкадаваў сіл, каб вярнуць людзей да прыязнасці з Богам. Прысвячэнне самога сябе для збаўлення іншых выражалася ў спалучэнні пастаяннага посту і доўгіх гадзін, праведзеных на малітве, з душпастырскай актыўнасцю, што заключалася ў катэхезе, цэлебрацыі Эўхарыстыі і сакраманце пакаяння. Менавіта спавяданне стала яго асаблівай харызмай.
    Споведзь у святара не трывала доўга, але была эфектыўнай. Кароткія заўвагі пранікалі ў душу нібы стрэлы. Так, напрыклад, выслухоўваючы грахі пэўнага мужчыны, якому, хутчэй за ўсё, не хапала раскаяння, спаведнік расплакаўся. Слёзы ў яго ліліся так доўга, пакуль занепакоены пэнітэнт не запытаўся аб прычыне засмучэння. Пачуў тады: “Я плачу, таму што ты не плачаш”.
    Святар штодзённа праводзіў у канфесіянале да 17-ці гадзін, а пэнітэнтаў на працягу года меў каля 30-ці тысяч. Стараўся абуджаць у людзях жаданне пакаяння за зло, якое здзейснілі, і адначасова падкрэсліваў прыгажосць Божага прабачэння. Дзякуючы гэтаму, а таксама прынятай у інтэнцыі грэшнікаў пакуце яму многіх удалося паяднаць з Усемагутным і давесці да Эўхарыстыі.
   
    Адносіны з Богам, пабудаваныя на шчырасці
    Духоўным цэнтрам парафіяльнага жыцця ў Арсе было ўшанаванне прысутнага ў Эўхарыстыі Хрыста. Раніцай ці вечарам кс. Віянэй гадзінамі адараваў Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакраманце. Падчас гаміліі часта ўказваў вернікам на табернакль, гаворачы ўзрушана: “Ён там ёсць!”. Пастава і навучанні пробашча паспрыялі таму, што парафіяне пачалі часта маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам, прыходзілі ў касцёл не толькі ў нядзелю, але і ў буднія дні. Святар вучыў людзей не быць красамоўнымі падчас адарацыі, а проста і з радасцю трываць у прысутнасці Пана.
    Аднойчы ён распавёў наступную чуллівую гісторыю: “Людвік Чафэнджэн, гаспадар з маёй парафіі, раніцай, перш чым скіравацца на працу ў поле, пакінуў матыку перад дзвярамі касцёла і ўвайшоў унутр, каб згаварыць пацеры. І так паглыбіўся ў малітву, што страціў адчуванне часу. Яго сусед, які працаваў недалёка, вельмі здзівіўся, што Людвік у гэты дзень не працуе ў полі. Вяртаючыся дадому, мужчына заўважыў перад уваходам у касцёл матыку. Зайшоў на хвіліну ў святыню і са здзіўленнем убачыў, што Людвік засяроджана моліцца перад табернаклем. Спытаўся: «Што ты тут так доўга робіш?». Людвік з прастатой адказаў: «Гляджу на Пана Бога, а Ён глядзіць на мяне». У гэтых простых словах заключаецца ўся сутнасць адносін з Богам”, – са слязамі на вачах расказваў пробашч з Арса.
   
    Святы дар сакраманту святарства
    Св. Ян Марыя Віянэй усведамляў вялікую адказнасць за сваіх парафіян і ўсіх, хто карыстаўся яго святарскай паслугай. Разумеў, наколькі вялікім дарам для чалавецтва з’яўляецца сакрамант святарства, праз які Езус нястомна аб’яўляе свету збаўленне. Таму стараўся дапамагчы вернікам усвядоміць, што святарская паслуга – для ўсіх людзей. Ксёндз так гаварыў у сваіх казанях: “Святар – гэта чалавек, які атрымаў ад Бога Яго ўладу”, “«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю Вас» (Ян 20, 21), – сказаў Пан першым святарам”. Не раз звяртаўся за падтрымкай у дадзеным пытанні да Святога Пісання: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16, 15), “Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае” (Лк 10, 16).
    Калі святар адпускае грахі, не гаворыць “Бог прабачае цябе”, але “Прабачаю табе грахі”. Падчас кансэкрацыі не гаворыць “Гэта Цела Пана”, але “Гэта Цела Маё”. “Калі б не было сакраманту святарства, не мелі б сярод нас Пана Бога. Бо хто ўклаў Яго ў табернакль? Святар. Хто прыняў вашы душы ў супольнасць Касцёла, калі вы нарадзіліся? Святар. Хто корміць іх, каб мелі сілу для зямнога пілігрымавання? Свя- тар. Хто рыхтуе іх, каб маглі стаць перад Богам, вымытыя кроўю Езуса Хрыста? Святар. Заўсёды святар. А калі душа трапляе ў смяротны грэх, хто ўваскрасіць яе да жыцця? Хто верне ёй спакойнае сумленне? Толькі святар. Вы не знойдзеце ніводнага дабра, якое паходзіць ад Бога, каб за ім не стаяў святар”, – тлумачыў кс. Віянэй.
    “Паспрабуйце паспавядацца перад Маці Божай ці перад якімсьці з анёлаў. Яны ўдзеляць вам адпушчэння грахоў? Не. Ці могуць даць вам Цела і Кроў Пана? Не. Найсвяцейшая Панна Марыя не мае ўлады прывесці свайго Сына ў гостыю. Няхай хоць 200 анёлаў стануць перад вамі, яны не адпусцяць вашых грахоў. Толькі святар можа сказаць: «Ідзі ў супакоі, прабачаю табе». Святарства сапраўды з’яўляецца чымсьці вялікім. Таму надзвычай важна, каб вернікі штодзённа маліліся за святароў аб іх трыванні ў пакліканні і аб святасці іх жыцця”, – заклікаў слынны святы.
   
Кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў НавагрудкуНекалі адна з манахінь распавяла мне гісторыю з жыцця св. Яна Марыі Віянэя, як аднойчы да яго прыехаў біскуп з Парыжа. Да іерарха дайшлі чуткі, што ўвесь Арс навярнуўся. Ён запытаў у пробашча: “Колькі трэба святароў і грошай, каб навярнуўся ўвесь Парыж?”. Ян Віянэй яму адказаў, што дастаткова толькі аднаго святога святара. Падумаўшы, біскуп сказаў: “А калі няма такога святара?”. На гэта кс. Віянэй заўважыў, што хопіць аднаго святога біскупа. Гэтая гісторыя назаўсёды адклалася ў памяці, і яна вельмі моцна дапамагае мне не апускаць рукі ў парафіяльным душпастырстве. Калі здараюцца нейкія сур’ёзныя праблемы, на якія не магу паўплываць, адразу ўзгадваю, што ў такія моманты Бог патрабуе, перш за ўсё, маёй вернасці Яму. Гэта дасканала разумеў св. Ян Марыя Віянэй, які прыкладам сваёй сціпласці і святасці змяняў усё навокал. Для сучасных пробашчаў і душпастыраў, на мой погляд, прыклад жыцця гэтага святога дапамагае па-іншаму глядзець на рэчаіснасць і ніколі ні на што не наракаць.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  73

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.