ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Крыху адпачнём”, каб лепш глядзець, чуць і гаварыць

Слова рэдактара

 Кожнаму чалавеку неабходны адпачынак ад штодзённых заняткаў і абавязкаў, каб больш часу прысвяціць сабе і бліжнім, якіх Божы Провід ставіць на жыццёвым шляху, каб магчы далей з новымі сіламі рэалізоўваць сваё пакліканне. Перадышкі патрабуюць усе: і дзеці, і дарослыя.
   Канікулы і водпускі даюць магчымасць быць з тымі, з кім нас яднаюць самыя цесныя і прыгожыя сувязі. Гэта таксама час, каб захапляцца разнастайнасцю свету, час для роздуму над сэнсам жыцця. Гэта цудоўная нагода, каб паспаборнічаць з самім сабой. Напрыклад, праз спартыўныя намаганні, паклапаціўшыся аб фізічных уменнях і стане, а таксама праз захаванне разважнасці і дысцыпліны ў выкарыстанні часу канікул, калі няма знешняга рэгулятара ў постаці школьных ці прафесійных абавязкаў.
Апосталам Езус таксама прапанаваў адпачыць, калі яны былі стомленымі і галоднымі: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце” (Мк 6, 31). І яны накіраваліся ў прыгожыя землі недалёка Бэтсаіды, дзе вясной было шмат зеляніны.
    Запрашэнне Апосталаў да адпачынку – гэта праяўленне клопату Хрыста аб вучнях. Наказ Езуса “крыху адпачніце” азначаў, пэўна, “спыніце цяпер сваю актыўнасць, дайце ўздыхнуць целу, каб маглі набрацца сіл для далейшых дзеянняў”.
    “Крыху адпачыць” заахвочвае Хрыстос і нас. Гэта значыць, што кожнаму варта перажыць час, каб навучыцца лепш глядзець, чуць і гаварыць. Лепш глядзець у Неба, бо туды мы ўсе імкнёмся. Вельмі важна, каб часта думалі пра Неба, так, як падчас пілігрымкі часта думаем пра месца, у якое скіроўваемся.
    Лепш чуць цішыню, якой усё больш баімся. Стварыўшы цывілізацыю шуму, ужо амаль не адчуваем лагоднага подыху Святога Духа.
    У цішыні ж можна пачуць тое, што нам хоча сказаць сумленне, сэрца.
    Лепш гаварыць самому сабе. Прычым выключна праўду. Сказаць урэшце, што парываем з віртуальным светам, працагалізмам, укрываннем свайго сапраўднага “эга” за стосам папер, якія могуць і пачакаць.
    Вольны час і адпачынак з’яўляюцца прыкметай свабоды чалавека. Яны паўстаюць перад намі як заданне для напаўнення жыцця адпаведным зместам, каб яшчэ больш магчы наблізіцца да Бога і людзей. Сэнс вольнага часу вернік адкрывае таксама ў межах выканання сваіх рэлігійных абавязкаў. Бо хрысціянства нельга надзяваць і здымаць, як маску, у залежнасці ад сітуацыі.
     
   
   Дарагія Чытачы!
   Дзе б мы не праводзілі водпускі і канікулы, давайце будзем сапраўднымі хрысціянамі. Няхай вызнаванне веры ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, у Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, і ў Святога Духа, Пана і Жыватворцу будзе самай значнай адпускной прыгодай. Няхай гэты час дазволіць кожнаму з нас нанова адкрыць тыя вартасці, якія ў жыцці павінны быць найважнейшымі, дазволіць зноў убачыць у жыцці Бога, бліжняга і самога сябе!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.