ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Серада, 13 снежня 2017 года
«Езус прыходзіць да нас штодня
шматлікімі спосабамі і просіць прыняць Яго»
/ Папа Францішак /

У згодзе з сабой, прыродай і Богам

З жыцця Касцёла

У бягучым годзе спаўняецца 5 гадоў, як у Гродне з’явілася сям’я каталіцкіх скаўтаў. Маладыя людзі з гонарам рэалізоўваюць сваё пакліканне, нястомна імкнуцца несці ў свет радасць і сяброўства. Чым адметна скаўцкая педагогіка? Якія якасці яна выхоўвае ў чалавеку? І чаму бацькі цешацца, што іх дзеці – скаўты?
З гісторыі
    У Беларусі першым, хто зацікавіўся скаўтынгам і пачаў выкарыстоўваць яго як метад у катэхізацыі быў а. Андрэй Абламейка. І па сённяшні дзень ён актыўна ўдзельнічае ў душпастырстве скаўтаў, вучыць, што вера з’яўляецца не цаглінай, а падмуркам супольнасці, на якім усё будуецца і ўзрастае. У 1999 годзе айцец прапанаваў выкарыстоўваць каталіцкі падыход да скаўтынгу, адаптаваны французскім святаром а. Якубам Сэвінам SJ.
    У 2001 годзе каталіцкія скаўты Беларусі ўпершыню прынялі ўдзел у навучальным летніку для шэфаў на возеры Свір. Пасля гэтага паўсталі першыя каталіцкія звязы ў Мінску, Барысаве, Паставах, Віцебску, Гомелі, Івянцы. У 2012 годзе адзінка каталіцкіх скаўтаў з’явіліся ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.

    Чым займаюцца скаўты?
Скаўцкія праграмы накіраваны на духоўнае, інтэлектуальнае і культурнае развіццё маладога пакалення    Са слоў звязовых, якія служаць скаўцкім адзінкам, самай доўгачаканай падзеяй становіцца летнік. Маладыя людзі выязджаюць на прыроду, разбіваюць палаткі, забаўляюцца, удзельнічаюць у супольных малітвах... Як правіла, разам з імі прысутнічае святар, а арганізоўваюць і кантралююць працу з дзецьмі бацькі і дарослыя скаўты – Вандроўнікі і Правадніцы.
    У сучасных умовах выезд за межы цывілізацыі з’яўляецца для моладзі сапраўднай прыгодай. Падчас некалькідзённых паходаў маладыя людзі робяць буданы на дрэвах, маленькія каплічкі, гатуюць пасілак, рыхтуюць тэатральныя і забаўляльныя пастаноўкі. Кожны адчувае сябе задзейнічаным у гэтым маленькім жыцці, патрэбным. Вучыцца быць самастойным, дысцыплінаваным, адказным. У падобнай атмасферы загартоўваецца вынослівасць і сіла волі. На працягу года для скаўтаў таксама арганізоўваюцца асеннікі, зімнікі і вясеннікі, праводзяцца сходы, дзе яны паступова адкрываюць радасць сваіх талентаў і ўзрастаюць у сяброўстве.
    На пачатку года па традыцыі ладзіцца Дзень братэрскай думкі. Гэта мерапрыемства, якое прымеркавана да Дня нараджэння заснавальніка скаўтынга Роберта БадэнПаўэла. Скаўты збіраюцца разам, каб дзякаваць за вялікую скаўцкую сям’ю. Старэйшыя члены руху з усёй Беларусі штогод выбіраюцца ў Нацыянальную вандроўку. Хлопцы пілігрымуюць у Гудагай, дзяўчаты кожны раз выбіраюць новае месца.
    Скаўтаў таксама можам убачыць падчас гарадскога Крыжовага шляху ў Гродне. Яны дзеляцца святлом Хрыста праз Бэтлеемскі агонь, прымаючы яго на памежжы, а таксама служаць валанцёрамі падчас правядзення сустрэч моладзі.
   
    Школа волі, трываласці, адвагі
    Наватарства скаўтынгу ў часы яго з’яўлення было ў тым, што ў працэсе сумеснай дзейнасці дзеці і дарослыя злучаліся на раўнапраўных умовах, дзе кожны адыгрываў сваю ролю. Дзіця добраахвотна згаджалася з роляй дарослага як старэйшага брата, больш дасведчанага, умелага. Напамінам пра гэтую пазіцыю сёння з’яўляецца знак злучаных вялікага пальца і мізінца падчас скаўцкага салюту.
    Ён сімвалізуе тое, што ў скаўтынгу старэйшыя дапамагаюць малодшым.
    Скаўцкі метад каталіцкага выхавання палягае на некалькіх асноўных прынцыпах. Скаўт праводзіць шмат часу на прыродзе, сярод моладзі. Марыць, але пры тым цвёрда стаіць на зямлі. Скаўт выхоўвае ў сабе пэўныя рысы характару, якія дапамагаюць яму ўзрастаць як верніку і сыну ці дачцэ Касцёла. На першым месцы заўсёды знаходзіцца Хрыстос. “Напагатове!” – не проста дэвіз, а стыль жыцця скаўта. Ён гатовы штодня будаваць Валадарства Езуса ў сваім сэрцы і навакольным свеце. На цяжкасці глядзіць як на штосьці нармальнае. Вучыцца быць пакорным і давяраць Божаму Провіду ў сітуацыях, калі іншыя губляюцца.
   
    Скаўцкая сям’я
    Дзяўчаты і хлопцы займаюцца ў асобных групах. Перш за ўсё гэта абумоўлена тым, каб маладыя людзі здолелі рэалізаваць сябе цалкам, не падзяляючы дзейнасць на мужчынскую і жаночую. Хлопцы таксама мыюць посуд, гатуюць ежу, дзяўчаты – шукаюць дровы і распальваюць вогнішча.
  Галоўнай падзеяй любога мерапрыемства заўсёды становіцца супольная малітва  Існуе некалькі адгалінаванняў скаўтынгу па ўзроставым прынцыпе: Ваўчаняты і Божыя кароўкі (хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 8–11 гадоў), Скаўты і Скаўткі (12–16 гадоў), Вандроўнікі і Правадніцы (ад 17-ці гадоў). І каб трапіць з адной катэгорыі ў другую, трэба прайсці пэўныя выпрабаванні. Напрыклад, хлопцы здаюць экзамен на ўменне распальваць агонь без запалак, завязваць вузлы, пячы хлеб у палявых умовах. Дзяўчаты робяць назіранні за акружаючым асяроддзем, вучацца дэкараванню свайго паселішча прыроднымі матэрыяламі.
    Аб дасягненнях скаўта сведчаць нашыўкі, значкі, стужкі і шнуры на яго форме.
    Далучыцца да скаўтаў можна ў любым узросце, склаўшы абяцанне служыць Богу і бліжняму ў кожнай патрэбе, а таксама штодня здзяйсняць асноўны абавязак – добры ўчынак. Важна, каб ён быў выкананы “ў цішы” (не напаказ).
    Пасля таго, як абяцанні складзены, скаўт усведамляе, што цяпер павінен быць прыкладам для іншых, а для гэтага неабходна пастаянна ўзрастаць. Цяпер ён – брат у вялікай скаўцкай сям’і і сябар для кожнага чалавека. Яго місія не замыкаецца ўнутры супольнасці – ён ганарова нясе сваё сведчанне ў свет.
   
Раман Адамін, скаўтНядаўна я здаваў іспыты на 1-ую ступень. Адно з заданняў было наступнае: трэба было прасачыць за дзікай жывёлай і зрабіць гіпсавы злепак яе следу. Не першы раз быў задзейнічаны ў гэтай справе, але ўсё роўна было цікава. А яшчэ ў межах экзаменаў я хадзіў на могілкі, каб памаліцца за загінулых у ІІ Сусветнай вайне... Увогуле, столькі карыснага для сябе выносіш! Быць скаўтам – вялікая прыгода.

   
Павел Раманчук, звязовыУ скаўтынгу існуюць некаторыя патрабаванні, каб перайсці на наступную ступень. Але гэта не азначае, што трэба, напрыклад, падцягнуцца дакладна 10 разоў, як гэта зазначана ў дакуменце іспытаў. Калі асоба з усіх сіл стараецца зрабіць тое ў 3-ці ці 5-ты раз, гэта залічваецца. А калі з лёгкасцю падцягваецца 10 разоў, то тады ёй варта “дацягнуць” да 15-ці. Да кожнага неабходны індывідуальны падыход. Галоўнае, наколькі чалавек прыкладвае намаганні ў пэўнай справе, імкнецца пераламіць самаго сябе. Таксама скаўты маюць добрую магчымасць раскрыць свае таленты. Важна, каб асоба развівалася, не стаяла на месцы.

   
Алена Завала, дружыноваяНа мой погляд, хлопцы па сваёй псіхалогіі больш скіраваны на вынік. Яны маюць мэту і імкнуцца да яе. А дзяўчаты... Яны іншыя. Дзяўчаты пазнаюць сябе, адкрываюць у сваёй душы жаноцкасць. Намагаюцца быць падобнымі да Марыі ва ўсім, што робяць. Вельмі важна вучыць іх прыкладу Маці Божай ад першага дня ў супольнасці (канешне ж, прымаючы скаўцкую педагогіку за аснову). І тады ва ўзросце 23-25 гадоў мы бачым асобу, якая гатова няспынна служыць Богу, кажучы: “Няхай споўніцца Твая воля!”. У чатырох літарах слова “Fiat” схаваны сакрэт вечнай радасці. І мы гатовыя гэтым сакрэтам дзяліцца!

   
а. Андрэй Врубдеўскі, душпастыр скаўтаўВялікае хараство асобнага выхавання хлопцаў і дзяўчат заключаецца ў тым, што сярод “сваіх” яны прымаюць сябе такімі, якія ёсць, без масак. Вядома, што ў змешанай кампаніі маладыя людзі паводзяць сябе іначай. А тут не трэба імкнуцца спадабацца, таму яны трымаюцца натуральна. Інакш перажываюць радасці, свае слабасці і перавагі. Ім камфортна быць сабой. Таму і духоўная фармацыя адбываецца лягчэй. Упэўнены, што скаўтынг – гэта цудоўны інструмент для Касцёла ў катэхетычнай працы.

   
Ірына Грыдзюшка, маці адной са скаўтакНа працягу 2-ух гадоў, як мая дачка ў скаўтынгу, назіраю за ёй станоўчыя перамены. Стала больш самастойная, уважлівая, адказная. Вучыцца загартоўвацца ў цяжкасцях, трымацца ў калектыве. Што вельмі прыемна, раскрываецца творча, пастаянна рыхтуючыся да культурнай праграмы на зборах. Як маці магу запэўніць: дзеці, якія належаць да скаўцкай сям’і, больш моцныя ў жыцці, яны мала чаго баяцца. Я ўсім распавядаю, што мая дачка – у ліку скаўтаў! І за гэта вельмі ёй ганаруся.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

red
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.