ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Хрыстос кліча таго, каго хоча, і адорвае тых, хто адкрыты і прагне гэтага

Інтэрв'ю

Кс. Юзаф у атачэнні клерыкаў, выхадцаў з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе

У Паўсюдным Касцёле распачаўся 54-ы Сусветны тыдзень малітваў аб святарскіх, манаскіх і місійных пакліканнях. Вернікі запрошаны злучыць свае інтэнцыі з просьбай да Бога, каб паслаў “работнікаў на жніво сваё” (Mц 9, 38).
    Пакліканне нараджаецца ў малітве і з малітвы. У гэтым моцна ўпэўнены кс. канонік Юзаф Ганьчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Пра асабісты шлях да святарства, вартасць унутраных канфліктаў на этапе фармацыі і вызначальную ролю пакоры – у спецыяльным інтэрв’ю для “Слова Жыцця”.
– Кожнае пакліканне – таямніца як для людзей, так і для самаго абранага. Напрыклад, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус ужо ў 9-гадовым узросце ведала, што хоча прысвяціць сваё жыццё Богу. А св. Аўгусцін ахрысціўся толькі ў 33 гады.
    Кс. Юзаф, падзяліцеся сваёй гісторыяй: калі зразумелі, што Усемагутны кліча Вас да службы ў Касцёле?
– Бог ясна прамовіў да мяне праз кс. каноніка Уладзіслава Мяшчанскага, далёкага сваяка маёй бабулі з боку мамы, які раіў пайсці ў семінарыю. Я не згаджаўся, тлумачачы, што не дам рады вучыцца пасля столькіх гадоў перапынку. Меў тады 30 гадоў. А ён не адступаўся і настойваў.
    Тады Бог даў яшчэ 1 знак – мяне звольнілі з пра-цы. І я вырашыў паступіць у семінарыю, хоць і не быў міністрантам ды нерэгулярна хадзіў у касцёл. Але ў Бога на кожнага свой план. Сёння мне дакладна вядома, што чалавек пакліканы ўжо ва ўлонні маці.
   
    – Якую ролю ў духоўным фарміраванні асобы, на Ваш погляд, адыгрывае сям’я?
    – Яна з’яўляецца найважнейшай школай у жыцці кожнага чалавека. Вельмі значны прыклад бацькоў, бо з яго пачынаецца выхаванне. Для мяне заўсёды ўзорам жыцця Евангеллем была і застаецца мама, ад якой ніколі не чуў дрэнных слоў, хоць мела поўнае цярпення і несправядлівасці жыццё. Яе маці – мая бабуля – адышла па ўзнагароду да Пана ў арэоле святасці. Яна горача малілася аб пакліканнях і ахвяравала свае цярпенні ў гэтай інтэнцыі. Асабліва ўдзячны за малітоўную падтрымку маме, а святарам, якіх Бог паставіў на маім шляху, – за іх сведчанне жыцця. Шмат іншых людзей таксама паспрыялі развіццю майго паклікання. Я нават магу не памятаць усіх. Гэта таямніца, вядомая толькі Богу.
   
    – Як абранаму не памыліцца на этапе распазнання паклікання і належным чынам адказаць на яго?
    – Найлепшы адказ на пакліканне – імкненне, наколькі гэта магчыма, уносіць свой уклад у духоўнае развіццё, што засноўваецца на пакоры. Вельмі важнае значэнне маюць малітва і адарацыя. Да таго ж, святар без адарацыі, як салдат без амуніцыі. Знаходжанне перад Найсвяцейшым Сакрамантам ачышчае душу. Мы добра тое ведаем, але, на жаль, гэтага вельмі не хапае... Езус вырашае праблемы, неабходна толькі ахвяраваць іх Яму. Варта расказаць Хрысту аб сваім жаданні. Ён кліча таго, каго хоча, і адорвае тых, хто адкрыты і прагне гэтага.
   
    – Часам паміж асабістымі амбіцыямі чалавека і Божым намерам можа здарыцца ўнутраны канфлікт. Але ж Усемагутны не можа памыліцца ў людзях, якіх кліча да службы ў сваёй аўчарні?
    – Менавіта для гэтага існуе семінарыя, дзе духоўныя асобы праз малітву і Божае слова могуць аказаць дапамогу таму, хто чуе голас паклікання, а таксама распазнаць, наколькі кандыдат гатовы да святарства.
   
    – А ці могуць, увогуле, унутраныя канфлікты павярнуцца на карысць чалавеку?
    – Унутраныя канфлікты вельмі патрэбны для духоўнага фарміравання. Падчас навучання ў семінарыі я таксама перажываў падобныя выпрабаванні. І тады – сёння магу гэта з упэўненасцю сказаць – Марыя праз змест аб’яўленняў у Фаціме і ў Фантанэле ўмацавала маю веру. Таму, канешне, гэта магчыма і нават патрэбна.
   
    – Чаго ад чалавека патрабуе згода стаць на шлях святарскага служэння?
    – Бог кожнаму дае дары, а мы павінны адказаць на гэта праз служэнне тым, каго Ён кожны дзень ставіць на нашым шляху. Інакш кажучы, служыць – значыць дапамагаць адзін аднаму. Святар імкнецца да як мага бліжэйшых адносін з Езусам, прагне быць Ім прасякнутым. Пасля чаго пакліканы дзяліцца гэтым досведам з Божым людам.
    Парафіяльная супольнасць у Лідзе на чале з пробашчам кс. канонікам Юзафам Ганьчыцам з’яўляецца вельмі моцнай і жывой. Цэлае войска хлопцаў належаць да літургічнай службы алтара. Ужо некалькі гадоў запар адзін з іх паступае ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, тым самым узбагачаючы святарскую сям’ю ў дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.