ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

На добрую дарогу Вялікага посту

Слова рэдактара

 Як і штогод, Касцёл запрашае нас увайсці ў літургічны перыяд Вялікага посту. Распачынаем яго, пасыпаючы галовы попелам, каб яшчэ раз сабе прыгадаць: “Ты – прах, і ў прах вернешся”. Наперадзе чакае 40-дзённая пакута – перыяд адрачэнняў, пастаноў, паляпшэння... Гэта асаблівы час, каб суцішыць сваё сэрца, адсунуць у бок непатрэбныя справы, паглядзець у будучыню з надзеяй. Час пакорнасці, час, поўны таямнічасці. Але яго можна як плённа выкарыстаць, так і лёгка растраціць...
    Вялікі пост з’яўляецца нібыта знакам STOP, які паставіў Той, хто ласкавы, пяшчотны, міласэрны і шматцярплівы, – любячы Бог, які аддаў жыццё з любові да кожнага чалавека. Хвіліны спакою, прыпынку, роздуму, малітвы патрэбны нам сёння як ніколі. Патрэбна цішыня пустога касцёла, сумных і адначасова такіх прыгожых пакутных песень, споведзей, што няраз вышэптваюцца праз слёзы, бо мы зноў не стрымалі слова. Патрэбны доўгія рэкалекцыйныя сустрэчы і вяртанні блудных сыноў і дачок, а таксама выразныя ўказальнікі, пастаўленыя Богам і добрымі людзьмі.
У гэты асаблівы час мы сутыкаемся з неабходнасцю “перастаноўкі” ў думках, словах і ўчынках. Справа ў тым, каб “навярнуцца да Бога ўсім сваім сэрцам” (Ёэл 2, 12). Да Бога, у якім усё мае пачатак і канец. Бога, які аддаў за мяне жыццё і прагне, каб я Яго пераймаў. Неабходна толькі моцна маліцца аб тым, каб дабрыня Стварыцеля перамагла наша супраціўленне, каб над руінамі эгаізму ўсё выразней ззяла святло Божай любові. Для гэтага нам патрэбна мужнасць Веранікі і моц Сымона Кірынэйца. Патрэбна чуласць заплаканых жанчын, якія выйшлі насустрач Езусу. Патрэбен давер Марыі, каб не хавацца ад пакут і крыжа, а наблізіцца да яго і вызнаць, што Езус – наш Пан. На парозе Вялікага посту варта ўсвядоміць сабе: “Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне” (Флп 4, 13).
    Мы павінны адважна вырушыць у Крыжовы шлях, каб здолець з пакорай выслухаць несправядлівыя абвінавачванні. Убачыць падзенне – і першае, і кожнае чарговае. Даўжэй затрымацца пры асаблівай сустрэчы Сына і Маці – без слоў і жэстаў, перапоўненай любоўю. Сустрэць Вераніку і Сымона. Суцешыць жанчын, што плачуць. І нарэшце – узысці на Галгофу, стаць пад крыжом і сказаць на ўвесь свет: “Крыж Хрыстовы, будзь праслаўлены!”.
   
      Дарагія Чытачы!
    Разважаючы муку і смерць Езуса на крыжы, давайце вучыцца па прыкладзе Збаўцы выконваць Божую волю. Давярайма Яму ўсе цяжкасці, цярпенні і жыццёвыя выпрабаванні. Няхай пост, малітва, пакута і ўчынкі міласэрнасці, за якія возьмемся ў гэты час, падрыхтуюць нас да радаснага перажывання Велікоднай раніцы – таямніцы Хрыста Уваскрослага.
    Ахвяруем сваё сэрца і думкі Адзінаму Богу. Убачым Яго там, дзе дагэтуль не бачылі, дзе не хацелі пачуць. Давайце кожны дзень імкнуцца сустракаць Пана ў сваім сэрцы, жыццёвых падзеях, святыні, Божым слове.
    Будзьма вернымі Хрысту, ідучы за Ім па дарозе крыжа. І тады нам нанова будзе дадзены Божы свет – свет праўды і радасці. Будзьма добрымі вадзіцелямі свайго жыцця. Звяртайма ўвагу на знакі любові, адным з якіх з’яўляецца Вялікі пост. Усім жадаю добрай дарогі!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.