ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Біскуп Юзаф Станеўскі: “Абвяшчаць Евангелле – абавязак усіх вернікаў”

Інтэрв'ю

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі ў чарговую гадавіну біскупскай сакры – пра выхаванне маладога пакалення, пастырскі доўг і заданні, якія сёння стаяць перад Касцёлам у Беларусі.
- Ваша Эксцэленцыя, у лютым Вы адзначалі 3-ю гадавіну прыняцця біскупскай сакры. Гэты час быў багаты на розныя падзеі і сустрэчы. Якія з іх найбольш запомніліся і чым?
 -  “За ўсё дзякуйце Пану”, – гаворыць у Святым Пісанні натхнёны аўтар. Таму з радасцю ўспамінаю асаблівы момант дотыку Пана Бога паўнатой святарства праз пастырскія далоні ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча 1 лютага 2013 года і дзякую за чарговую гадавіну пасвячэнняў.
    З таго моманту я не столькі змяніўся, колькі ўсвядоміў, што Пан Бог выбраў мяне і праз рашэнне папы Францішка прызначыў і зрабіў здольным да таго, каб ісці і абвяшчаць Евангелле.
Але я лічу, што значэнне мае не колькасць дзён, а сустрэчы з людзьмі, з канкрэтным чалавекам, які шукае дыялогу, хоча пазнаць Божую праўду. Будзь то ў касцёле, на катэхезе ці падчас спаткання хрысціянскай супольнасці.
    Сярод найбольш значных падзей вылучу 2 спатканні з папам Францішкам: падчас пілігрымкі з семінарыстамі ў Рым і на Сусветных днях моладзі ў Кракаве. На іх я набраўся сіл, энергіі, узброіўся хрысціянскай надзеяй на будучыню. Усвядоміў, што каталіцкі Касцёл, хоць і плыве па вірлівым акіяне сучаснага жыцця, адшукае правільны шлях, таму што рулявым з’яўляецца Хрыстос. Гэта Ён вядзе нас і, нават калі людзі трохі сонныя, чувае ды прамаўляе: “Не бойцеся!”.
   
 -  Папа Францішак кажа, што біскуп павінен быць “пастырам з пахам авечак”, што значыць блізкім да людзей. Вы вельмі часта сустракаецеся з вернымі, і, напэўна, добра ведаеце, чым жывуць людзі, з якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца. Якія яны, вернікі Гродзеншчыны?
-   Прамаўляючы гэтыя словы, Святы Айцец меў на ўвазе, каб мы як пастыры жылі і былі з людзьмі штодзённа, ведалі, аб чым яны размаўляюць паміж сабой, якія тэмы і праблемы іх непакояць. Я стараюся справіцца з гэтай задачай, паколькі лічу, што спатканне з чалавекам вельмі важнае. Мне часта здараецца сустракацца з вернікамі, якія просяць канкрэтнай парады, пытаюцца, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, а значыць, бачаць ува мне сапраўднага пастыра, які можа дапамагчы. Добра, што чалавек задае пытанні, не баіцца, ідзе, шукае адказы. І важна, каб людзі мелі такую мужнасць – затрымаць пастыра, што праходзіць побач, і пра нешта спытацца. Гэта і нас мабілізуе да таго, каб часцей спыняліся каля сваіх вернікаў.
    Нядаўна я быў на “Вялікай размове з Прэзідэнтам” і больш даведаўся пра штодзённыя праблемы нашага народу, дзяржавы, грамадства. Меў нагоду паслухаць, чым жывуць людзі, да чаго імкнуцца, чым цікавяцца. Пытанні часцей за ўсё датычылі што- дзённых матэрыяльных спраў. Я прыйшоў да высновы, што заданнем на будучыню павінен стаць “перазапуск” мыслення людзей. Хлеб мы маем і да хлеба таксама, таму трэба звярнуць увагу на духоўныя справы, на выхаванне дзяцей і моладзі, на тое, каб у нашым паўсядзённым жыцці, у размове з іншым чалавекам было больш дабрыні, любові, мяккасці. Каб кожны, згодна з апостальскім пасланнем “Ідзіце і абвяшчайце свету Добрую Навіну”, на працы, на вучобе ці на лаўцы каля дома прамаўляў хаця б па адным слове з Евангелля (патроху, з дня ў дзень, каб гэта не адштурхоўвала, не было назойлівым). Наш свет і грамадства, бясспрэчна, змяніліся б у лепшы бок.
   
Я хацеў бы падзякаваць усім людзям добрай волі, якія маліліся за мяне, асабліва “Маргарыткам”, заахвоціць да далейшай малітоўнай памяці.
    Запрашаю ахвотных таксама адважыцца на такое важнае заданне – малітву за святароў, у тым ліку і за нас, біскупаў.

 -  А калі казаць пра “згубленых авечак”, то што, на Ваш погляд, трэба рабіць, каб людзей, далёкіх ад Бога, станавілася менш?
 -  Згубленых авечак у нашым грамадстве вельмі шмат. Многія выглядаюць прыгожа і молада, маюць рахунак у банку і аўтамабіль. Аднак, калі паглядзець на іх праз прызму Евангелля, навукі Хрыста і Божых запаведзей, можна заўважыць, што часам людзі, якімі мы захапляемся і якім нярэдка зайздросцім, з’яўляюцца менавіта тымі згубленымі авечкамі.
    Як іх паклікаць? Хіба ж не сілком. Часам, канешне, хочацца, каб пасля аднаго казання ці катэхезы сотня або нават тысяча чалавек адразу навярнулася. Аднак у такой сітуацыі найлепшым настаўнікам і паказальнікам з’яўляецца Пан, які ідзе па адну авечку, каб вярнуць яе. Кожны чалавек мае сваю дарогу да Бога, асабліва калі ён ужо быў на гэтай дарозе, але сышоў з яе. Трэба, каб ён не баяўся вярнуцца на шлях, які, на жаль, не заўсёды лёгкі, не заўсёды высланы ружамі. Трэба, каб зразумеў, што на Божым шляху душа знаходзіцца ў бяспецы, і чалавек ніколі не застанецца ў адзіноце, паколькі Хрыстос вядзе яго.
   
-   Вы адказваеце за працу з моладдзю пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ці ёсць, на Вашу думку, у сённяшніх маладых католікаў патэнцыял, які можна выкарыстоўваць для рэалізацыі ідэй хрысціянства?
Кс. біскуп Юзаф Станеўскі з моладдзю Гродзенскай дыяцэзіі “OPEN”-   Безумоўна. Моладзь заўсёды была стымулам для ўсяго грамадства. Гледзячы на яе, дзеці мараць пра тое, каб як мага хутчэй вырасці, стаць незалежнымі ад бацькоў, выбраць свае дарогі. А старэйшыя людзі адчуваюць трохі зайздрасці і настальгіі, таму што вяртаюцца ў думках у сваю маладосць, калі кожны быў энергічным, здаровым, прыгожым. Таму можна сказаць, што ўсе позіркі накіраваны на моладзь, якая падобна да квітнеючага вясной саду, бо маладыя людзі сапраўды з’яўляюцца кветкамі, надзеяй і ўпэўненасцю.
    Як знайсці падыход да моладзі? Некаторыя гавораць, што трэба размаўляць з маладымі людзьмі на іх мове, нават жаргонам. З гэтым я нязгодны, хоць сам часам ужываю якое-небудзь слоўца, каб абудзіць і паказаць, што разумею іх. Скіроўваючы чалавека да дабра, трэба быць з ім, прысвячаць час, каб бачыў, што патрэбны, важны, што пра яго клапоцяцца. І гэта вялікае заданне і выклік для кожнага душпастыра, а асабліва для адказнага за маладых людзей. У прыклад можна паставіць душпастырства “OPEN” разам з яго апекуном кс. Антоніем Грэмзам. Члены супольнасці сапраўды жывуць як адна сям’я.
    Важна таксама памятаць пра тое, што чалавек не ахвочы да слухання, але да дзеяння. Маладыя людзі не хочуць слухаць сам змест, бо іх гэта нудзіць. Яны прагнуць, каб Евангелле, праўды веры, запаведзі былі пакладзены на жыццё. Таму з задавальненнем прымаюць удзел у тэатральных пастаноўках, батлейках. Ужываюцца ў ролю святога ці святой, здабываюць з Божага слова нешта прыгожае і новае і перакладаюць яго на сваё жыццё. Варта час ад часу даваць моладзі магчымасць праз прадстаўленне паказаць нядзельны фрагмент Евангелля. Я перакананы, што кожны выкарыстае свой талент у поўнай меры і пакажа равеснікам, што можна жыць Евангеллем і цешыцца гэтага.
    Калі казаў пра надзею, якую мы ўскладваем на маладых людзей, мне прыгадалася гісторыя, што некалі адбылася, здаецца, у Грэцыі. Мудрацы дыскутавалі пра заганы грамадства, пазбаўленага маральнасці. У пэўны момант самага старэйшага запыталі, якое рашэнне праблемы ён можа прапанаваць. Старац выйшаў да людзей, працягнуў руку, у якой быў гнілы яблык, і сказаў, што менавіта так выглядае грамадства, пра якое яны толькі што размаўлялі. Затым ён кінуў яблык на падлогу і спытаўся: “Што вы бачыце?”. Усе ў адзін голас адказалі, што гніль. Тады мудрэц указаў на зярняты і адзначыў, што яны здаровыя. Таму трэба пра іх паклапаціцца: пасадзіць і дагледзець, каб у будучыні яны прынеслі добрыя плады. Ён меў на ўвазе дзяцей і моладзь, сэрцы якіх здаровыя і высакародныя.
    Але мы павінны памятаць, што ў іх душы здольна пранікнуць усё, што бачаць навокал. Таму наша заданне адносна будучыні новага пакалення заключаецца ў тым, каб не падаваць дрэннага прыкладу грахом. Тады ў нас будзе цудоўнае маладое пакаленне, якому можна будзе даручыць і Касцёл, і дзяржаву, і лёс народа. Трэба клапаціцца пра гэтыя зярняты, пра будучыню, якой з’яўляюцца моладзь і дзеці.
   
-   Якім Вам сёння бачыцца Касцёл у Беларусі? Чаго яму не стае, над чым яшчэ трэба працаваць?
-   Ёсць шмат людзей, якія прыходзяць у касцёл. Але шмат і тых, якія паказваюцца ў святыні час ад часу ці ўвогуле не наведваюць яе – з’яўляюцца ананімнымі католікамі. Таму неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб кожны чалавек адчуў сябе ў Касцёле не толькі патрэбным, але і прысутным. Гэта значыць, што вернік павінен атрымаць голас, каб не толькі адказваць: “І з духам тваім”, “Змілуйся над намі”. Чалавек сёння хоча гаварыць пра адносіны з Богам сваімі словамі. Важна заахвоціць яго да асабістай малітвы.
    Магу тут прывесці прыклад маладога чалавека, які верыў, хадзіў у касцёл, але малітоўных формул яму было замала. З хрысціянскай адвагай ён звярнуўся да ксяндза. Той параіў прыходзіць у касцёл на прыватную малітву і сваімі словамі размаўляць з Панам Богам, выказваць тое, што адчувае да Яго. Хлопец так і зрабіў. Але хацеў таксама адчуць фізічную прысутнасць Бога. Аднойчы пасля малітвы ён сеў у лаву і, змучаны, накрыў галаву рукамі. Раптам адчуў дотык. Гэта была дзяўчына, якая прапанавала папяровую хустачку. Спачатку хлопец не хацеў яе браць, сказаўшы: “Думаеш, што я плачу? Зусім не. Мне не патрэбна хустачка”. Але дзяўчына папрасіла ўзяць і паглядзець, што ўнутры. Разгарнуўшы, хлопец убачыў надпіс: “Бог цябе любіць!”. Тады яму падалося, што сам Бог дакрануўся да яго.
    Гэтая гісторыя вучыць таму, што не трэба баяцца прыгнечанага, сумнага чалавека. Трэба дакрануцца да яго сваёй пяшчотай і любоўю. Бо гэта Пан Бог пасылае нас да яго. Другая важная мараль гэтага апавядання такая: не выпрабоўвай Езуса, паколькі словы “Бог цябе любіць!” ужо напісаны – не ручкай на хустачцы, але кроўю Хрыста на крыжы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.