ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Ажыццяўляць Святое Дабравесце праз просты лад жыцця

Інтэрв'ю

Кансэкраваныя асобы – вялікі дар для ўсяго свету. Манахіні, айцы і браты розных супольнасцей замацоўваюць і развіваюць традыцыі сваіх папярэднікаў і імкнуцца ўзбагачаць Касцёл у адпаведнасці са сваімі харызмамі. У сённяшнім нумары газеты бр. Яраслаў Крыловіч OFMCap распавядае пра сваю дзейнасць у Ордэне Меншых Братоў Капуцынаў і жыццё ў доме-пустэльні, што знаходзіцца ў мясцовасці Пералом над Нёманам.
– Брат Яраслаў, чаму Вы вырашылі назаўсёды аддаць сваё жыццё Богу?
    – Я паходжу з Мінска. Рос у атэістычным асяроддзі і выхоўваўся без веры, хоць у дзяцінстве быў ахрышчаны. У 90-я гады, дзякуй Богу, пазнаў Хрыста і адкрыў для сябе каталіцкі Касцёл, які ўпоўні перадае скарб апостальскай традыцыі. Перамена жыцця ад нявер’я да веры была настолькі моцная, што я не бачыў сэнсу прысвячаць сілы і час на пошукі жонкі, будаванне зямнога “гняздзечка”... Амаль такое ж навяртанне перажыў Францішак Асізскі. Таму святы быў для мяне вельмі блізкім па духу. Я адчуў пакліканне далучыцца да духоўнай радні і ўступіў у ордэн капуцынаў, які лічыць св. Францішка сваім заснавальнікам.

    – Гасціннасць і доўгая барада – прыкметы, па якіх пазнаюць капуцынаў. У чым яшчэ асаблівыя рысы членаў супольнасці? І на чым палягае асабіста Ваша дзейнасць?
    – Цяжка вызначыць нейкія канкрэтныя адметнасці. Падкрэслю толькі, што ўсе яны вырастаюць з вопыту св. Францішка, які крочыў за Езусам Хрыстом. Калі казаць пра асабістую дзейнасць, то ў дадзены момант мне даверана духоўная асістэнцыя над Францішканскім ордэнам свецкіх. Яшчэ займаюся адміністрацыяй афіцыйнай інтэрнэт-старонкі капуцынаў у Беларусі.
    Па даручэнні братоў працую з рознымі дакументамі. Увогуле, дзейнасць, як і месцазнаходжанне кожнага капуцына, можа змяняцца, таму не даводзіцца яе ацэньваць у глабальным маштабе.
   
    – На працягу некалькіх гадоў Вы наведвалі дом-пустэльню, што знаходзіцца ў Пераломе непадалёк ад в. Гожа. Як сталася, што пачалі практыкаваць жыццё з малітвай у самотнасці?
    – Перад I Сусветнай вайной там быў кляштар капуцынаў. У савецкі час ён прыйшоў у заняпад. Я заўважыў, што ў ваколіцах яшчэ жывуць старэйшыя людзі – сведкі мінулых часоў, якія добра памятаюць і кляштар, і братоў капуцынаў. Пачаў прыязджаць, сустракацца з імі, запісваць інтэрв’ю, каб захаваць гэтыя каштоўныя ўспаміны для гісторыі. Адначасова практыкаваў жыццё ў самотнасці, суровасці і малітве. Такі адыход ад звычайнага ладу жыцця, характэрны для духоўнасці св. Францішка, прыносіў добры плён для майго развіцця.
   
    – Як выглядала жыццё ў скіце?
  Браты капуцыны займаліся душпастырскай працай, дапамагаючы ў паслузе вернікам парафіі Гожа  – Усяго не хапае – такое першае ўражанне. У скіце няма электрычнасці, таму зараджаць мабільны тэлефон даводзілася ад сонечных батарэй, а для гатавання ежы можна было выкарыстоўваць толькі невялікі газавы балон. Адным словам, патрэбы абмяжоўваліся да самага неабходнага.
    Аднак калі падысці да гэтага па-евангельску, то шмат чаго новага адкрываеш і ў самім сабе, і ў Божым слове. Распарадак дня трэба было прыстасоўваць да ўмоў, рытму прыроды і надвор’я. Я – брат без святарскіх пасвячэнняў, таму на св. Імшу хадзіў не кожны дзень. Святыня знаходзіцца за 12 км, у Гожы. І ўспрымалася гэта як пілігрымка. Мясцовыя жыхары заўсёды ставіліся да мяне добразычліва, з павагаю. Многія ахвярна дапамагалі. Аднойчы, пакуль мяне не было, зрабілі рамонт хаткі. Гэта сведчыць аб тым, што такая манаская ініцыятыва вельмі патрэбна ў нашыя часы.
    На жаль, у апошнія гады не атрымлівалася прыязджаць у Пералом, паколькі маю пэўныя абавязкі ў Мінску і не магу надоўга адлучыцца. Але спадзяюся, што гэтая перашкода часовая.
   
    – Скажыце, калі ласка, з вышыні свайго досведу: наколькі важна чалавеку час ад часу абстрагавацца ад штодзённай мітусні? Ці дапамагае ў гэтым малітва?
    – “З вышыні свайго досведу” – гэта, пэўна, не зусім пра мяне: маю вельмі сціплы вопыт. Яго здольны набыць кожны чалавек, нават свецкі. Але ёсць духоўныя законы, Божае права. Напрыклад, у запаведзі гаворыцца, што працаваць трэба 6 дзён, а нядзелю і святочныя дні – прысвяціць Богу. А гэта ўжо заклік, каб адысці ад марнага жыцця і засяродзіцца, перадусім, на малітве. Той, хто занядбае такую практыку, незаўважна знішчыць самога сябе. Бог даў нам запаведзі толькі на тое, каб маглі жыць у шчасці.
   
Пералом – калыска капуцынаў у сучаснай Беларусі. У першай палове XX стагоддзя тут пачалі працаваць браты, быў узведзены касцёл і кляштар. У пасляваенны час савецкія ўлады знішчылі пабудовы. Толькі праз цудоўнае заступніцтва Маці Божай Пераломскай, да якой браты нястомна маліліся, сталася так, што супольнасць заставалася ў гэтым месцы да 1955 года. Да 1984 года ў малой хатцы ў лесе жыў капуцын бр. Крыспін.

    – На працягу некалькіх гадоў Вы актыўна вялі экуменічную старонку на партале catholic.by. Чаму абралі менавіта гэтую тэматыку?
    – Я быў ахрышчаны ў праваслаўнай Царкве. Сярод маіх родных няма католікаў, усе праваслаўныя. Таму канфесійны падзел праходзіць непасрэдна праз маё сэрца. Перажываю гэта як крывавую рану, быццам я сын разведзеных бацькоў, якіх Бог злучыў назаўсёды. На маю думку, менавіта адсутнасць эўхарыстычнай камуніі паміж католікамі і праваслаўнымі няспынна крычыць гучным голасам да неба, бо такая сітуцыя супярэчыць самой сутнасці Эўхарыстыі. Таму і апостальская дзейнасць не прыносіць багатага плёну, бо падзел паглынае моц, і атрымліваецца, што ўся праца нагадвае напаўненне дзіравага мяшка.
  На месцы былога касцёла ў Пераломе вернікі пабудавалі капліцу,  у якой двойчы ў год адбываюцца ўрачыстасці  Але хваробу не вылечыць, калі проста забыцца пра яе існаванне. У дадзеным выпадку – абмежавацца, як хрысціяне, добразычлівымі жэстамі і супрацоўніцтвам у магчымых сферах. Гэта, канешне, патрэбна. Але неабходна знайці глыбокія карані праблемы, лячыць прычыны, а не сімптомы. Якім чынам? З аднаго боку, ёсць касцёльныя ўстановы, якія праводзяць тэалагічны дыялог. І гэта прыносіць свае плады.
    А я – манах. Мой шлях – гэта духоўны вопыт. На пэўным этапе свайго манаскага жыцця, пасля 8-9 гадоў жыцця заходняй капуцынскай традыцыяй у Польшчы, пасля атрымання вышэйшай тэалагічнай адукацыі я зразумеў, што маё пакліканне – быць, наколькі гэта магчыма, капуцынам руска-візантыйскай традыцыі (гэта значыць той, якой жывуць праваслаўныя ў Беларусі). І пры гэтым, вядома, быць на 100% католікам.
    На пачатку ўсё абмяжоўвалася манаскай келляй. Эпоха інтэрнэта і электронных прылад дазволіла шмат чаму навучыцца. Тады я і пачаў пісаць публікацыі на экуменічную тэму. Хацеў, перш за ўсё, сам разабрацца ў гэтым, а пры нагодзе падзяліцца інфармацыяй і з іншымі зацікаўленымі. 3 гады таму апынуўся ў Мінску. Там у мяне з’явілася магчымасць прыходзіць у Чырвоны касцёл у грэка-каталіцкую капліцу і маліцца ў ёй паводле руска-візантыйскай традыцыі. На працягу 2-ух гадоў я быў зусім адзін. А апошнім часам там пачалі з’яўляцца зацікаўленыя асобы, якім я тлумачу абрады, духоўнасць. Некаторыя вернікі ўжо ўдзельнічаюць у малітвах – чытаюць, спяваюць па-царкоўнаславянску. Той факт, што ініцыятыва пакрысе развіваецца, я не магу не звязаць з заступніцтвам Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, а таксама з іконаю Багародзіцы “Змягчэнне злых сэрцаў”, якую я аднойчы знайшоў на прыступках касцёла... Цяпер больш часу прысвячаю практычнаму экуменізму, таму пісаць новыя артыкулы пакуль не атрымліваецца.
   
    – Чым яшчэ ў жыцці захапляецеся?
    – Людзьмі. Ведаеце, ёсць асобы, якія вядуць святы лад жыцця. З такімі хочацца прабываць, вучыцца ад іх. Ёсць людзі, якія па свецкіх мерках нікому не патрэбныя – бамжы, хворыя, паміраючыя. З такімі таксама хочацца быць, бо адкрываеш Хрыста ў іншым чалавеку, вучышся любіць, а яшчэ – цверазееш (асабліва побач з паміраючымі).
   
    – Капуцынаў у Беларусі пакуль няшмат. Якой Вы бачыце будучыню сваёй супольнасці?
    – Кожны год прыходзяць 1-2 новыя кандыдаты, таму, дзякуй Богу, прагноз пазітыўны. Асабіста я мару, што Бог пакліча аднадумцаў для маёй ініцыятывы і атрымаецца заснаваць капуцынскі кляштар руска-візантыйскага абраду, каб такім чынам жыць і маліцца разам з братамі. Але на ўсё воля Божая. Калі мая ініцыятыва Усявышняму не прыйдзецца даспадобы, дык і мне яна не будзе патрэбная.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.