ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Адважныя сведкі веры

На шляху да святасці

З міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары

Прыходзяць за паўгадзіны да пачатку літургіі, першымі прымаюць св. Камунію, узначальваюць Крыжовы шлях і распальваюць велікоднае вогнішча. Хто яны? Міністранты.
Знаходзіцца ў прэзбітэрыі – вялікі гонар
   Задачай пробашчаў з’яўляецца клопат аб тым, каб пры амбоне заўсёды меліся памочнікі. І так як, напэўна, няма касцёла, дзе не было б міністрантаў, адпаведныя душпастырствы існуюць у кожнай парафіі. Усе яны ўтвараюць агульнае Душпастырства літургічнай службы алтара Гродзенскай дыяцэзіі.
    Цягам апошніх гадоў колькасць міністрантаў узрастае. Паступова адны пакаленні змяняюць другія, але сама спецыфіка служэння застаецца нязменнай. Мэта душпастырства – прывіць міністрантам любоў да літургіі. Данесці да іх свядомасці, што маюць гонар знаходзіцца бліжэй алтара – у прэзбітэрыі. А гэта патрабуе асаблівай увагі і адказнасці.
Існуе некалькі ўзроставых груп міністрантаў. Самыя старэйшыя называюцца “сеньёры”. Яны звычайна ўжо маюць дарослых дзяцей і нават унукаў. Потым ідуць старэйшыя, якія працуюць, вучацца ў навучальных установах або выпускных класах у школе. І малодшыя. Яны таксама могуць падзяляцца ўнутры сваёй групы на ўзроставыя катэгорыі. Ёсць яшчэ кандыдаты ў міністранты і лектары (асобы, якія прызначаны для чытання Святога Пісання). Далучыцца да міністранцкай браціі можа любы жадаючы. Але перад гэтым неабходна прайсці навучанне, падчас якога правяраецца адказнасць і сумленнасць кандыдата ў служэнні пры алтары. А пачынаецца “школа” яшчэ ў сям’і, калі бацькі вучаць сваіх дзяцей, як трэба паводзіць сябе падчас св. Імшы.
   
    Касцёл павінен узрастаць
  Нярэдка паміж міністрантамі нараджаецца моцнае сяброўства, якое трывае праз жыццё  Актыўна развіваецца душпастырства міністрантаў у лідскай парафіі Святой Сям’і. Існуе там больш за 10 гадоў. Амаль 4 гады яго апекуном з’яўляецца кс. Юрый Гурскі. У рамках супольнасці праводзяцца спецыяльныя катэхезы, ладзяцца рэкалекцыі. Міністранты разам з вікарыем выязджаюць у іншыя парафіі і на працягу тыдня разважаюць над Евангеллем ды роляй свайго служэння ў Касцёле. На кожных канікулах падчас навучальнага года для міністрантаў арганізуюцца Дні засяроджання. Найбольш старанных хлопцаў, якія могуць адмовіцца ад забаў за камп’ютарам і амаль кожны дзень прыходзяць да касцёла, святар імкнецца нейкім спосабам адзначыць. Напрыклад, дорыць новую комжу ці кнігу, білет у кіно або аквапарк. “Касцёл павінен узрастаць, – заўважае кс. Юрый. – А адбываецца гэта тады, калі моладзь у гэтым свеце, поўным розных выклікаў, жыве верай у Хрыста. Таму мы адказныя за маладых людзей. А калісьці і яны, прыняўшы эстафету, будуць адказваць за касцёльную супольнасць”. Хлопцы разам бавяць вольны час. Кожны тыдзень збіраюцца паганяць мяч. “Мінулай восенню нашы міністранты занялі 1 месца ў турніры па міні-футболе, – адзначае кс. Юрый. – Затым паехалі на міжнародны турнір у Варшаву і ўзялі там 2 месца. Дарэчы, міністранты разам з дзяўчатамі паспяхова выступаюць на Парафіядзе, дзе некалькі раз займалі першыя месцы. Апошнім разам прывезлі «бронзу» па ўсіх дысцыплінах з міжнароднай Парафіяды”. Сумесная дзейнасць інтэгруе моладзь. Прыемна назіраць, калі хлопцы вучаць адзін аднаго іграць на гітары, разам займаюцца польскай мовай. Старэй- шыя вучаць малодшых, як быць добрым і адказным міністрантам. Нешта падобным чынам адбываецца і ў сям’і, дзе дзеці вучацца ад бацькоў.
   
    Плён – у нястомным жаданні служыць
Па-за касцёлам хлопцы з задавальненнем бавяць вольны час разам    Амаль год у лідскай парафіі існуе малітоўная група маці, якія прыходзяць у касцёл і моляцца за сваіх дзяцей-міністрантаў. Усяго ў гэтым душпастырстве налічваецца больш за 100 удзельнікаў. “На маю думку, галоўнае дасягненне супольнасці ў тым, што хлопцы хочуць і маюць адвагу вызнаваць сваю веру, – гаворыць кс. Юрый. – Ёсць шмат старэйшых міністрантаў, якія вучацца ў іншых гарадах ці служаць у войску, а калі прыязджаюць дамоў, з задавальненнем прыходзяць у вольны час служыць у комжы пры алтары. А як не ганарыцца тымі міністрантамі, якія наведваюць касцёл са сваімі нарачонымі ці жонкамі і дзеткамі? Верагодна, сярод іх тыя, хто праз дзясяткі гадоў і нас нечаму навучаць. Можа, і адкрыюць дзверы спавядніцы...”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.