ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кансэкраванае жыццё – справа кожнага з нас

Слова рэдактара

 Прысвечаны манаскім асобам Сусветны дзень кансэкраванага жыцця прыгадвае аб людзях, якія пачулі заклік да непасрэднага пераймання Езуса праз выкананне евангельскіх парад. Маем добрую нагоду, каб выказаць сваю ўдзячнасць і ўзнесці яшчэ мацнейшыя малітвы ў інтэнцыі ўсіх манахаў і манахінь, якія аддана служаць Касцёлу.
    Кансэкраванае жыццё – асаблівы позірк Бога на чалавека. Гэта не асабістае рашэнне пэўнай асобы, а выбар, які здзяйсняе сам Пан, адорваючы чалавека не заслужанай ласкай паклікання. Надзяляе ёю “бясплатна”, з чаго вынікаюць пэўныя наступствы і канкрэтныя заданні, што датычаць Касцёла.
    Езус гаворыць: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас” (Ян 15, 16). Хрыстос кліча таго, каго хоча, тады, калі хоча, і там, дзе хоча. Ён не выбірае найлепшых, але тых, каго патрабуе.
Такім жа чынам Збаўца паклікаў Пятра, Якуба і Яна, якія былі рыбакамі, Мацвея, што быў мытнікам... Яны, напэўна, мелі свае планы на жыццё, нейкія слабасці. Але Хрыстос паглядзеў на выбраных з любоўю, бо менавіта яны былі Яму патрэбны.
    Сёння таксама ёсць шмат адважных, якія пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом, несучы Яго святло туды, дзе самая непраглядная цемра, уваскрашаючы надзею ў сэрцах прыгнечаных людзей. Мы можам сустрэць іх у сваіх парафіях, дзе з вялікай стараннасцю катэхізуюць дзяцей і моладзь, наведваюць бальніцы і дамы састарэлых, працуюць у закрыстыях і касцёльных установах. Кансэкраваныя асобы сярод нас, яны – багацце Касцёла!
    Св. Ян Павел ІІ напісаў у адгартацыі “Vita Consecrata”: “Кансэкраванае жыццё з’яўляецца каштоўнай аздобай Божага дома – Касцёла”. Манаскія асобы на ўласным прыкладзе паказваюць, што кожны хрысціянін, кожны чалавек можа, а нават і павінен, паставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця, мар і намераў. Іх сведчанне востра неабходна ў свеце, у якім людзі вельмі часта не ведаюць, навошта жывуць, як і для каго.
   
      Дарагія Чытачы!
    Няхай сёлетні Сусветны дзень кансэкраванага жыцця будзе для ўсіх напамінам, што манаскае жыццё і клопат аб яго развіцці – справа ўсяго Касцёла, у тым ліку кожнага з нас. Калі хочам, каб новыя асобы велікадушна, ахвярна і поўнасцю даручалі сябе Пану Богу, бясконца Яму давяраючы, то як хрысціяне не можам ні іх саміх, ні іх пакліканне пакінуць без малітоўнай, духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі.
    З удзячнасцю за дар кансэкраванага жыцця ў Касцёле даверым Хрысту і Яго Найсвяцейшай Маці ўсіх манахаў і манахінь, якія служаць у нашай дыяцэзіі. Памолімся, каб іх сведчанне, выражанае праз малітву і паслугу ў разнастайных галінах апостальскай дзейнасці Касцёла, было для многіх людзей яскравым прыкладам сур’ёзнага ўспрымання і радаснага перажывання Евангелля.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.