ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Даверыліся Богу і прысягнулі Яму на вернасць

На шляху да святасці

2 лютага Касцёл перажывае Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Свята 20 гадоў таму ўстанавіў св. Ян Павел ІІ. Падчас яго вернікі дзякуюць Пану за людзей, якіх Ён паклікаў праз розныя харызмы і духоўнасць сведчыць свету аб сваёй міласэрнасці, умацоўваць і абнаўляць справу абвяшчэння Евангелля для справядлівасці і міру ў адной вялікай чалавечай сям’і. Каля 160-ці кансэкраваных асоб з Гродзенскай дыяцэзіі, якія прадстаўляюць 22 жаночыя і 14 мужчынскіх кангрэгацый, таварыстваў, ордэнаў і інстытутаў, у гэты дзень адновяць свае манаскія абяцанні.
Як кансэкраваныя асобы распазнаюць сваё пакліканне? Можа, Усемагутны пасылае да іх анёла або прамаўляе чалавечым голасам? У чым “выбраныя” бачаць уласнае прызначэнне? А ці праўда, што яны імкнуцца абмежаваць размовы, носяць на поясе вяроўку с вузламі і ведаюць сакрэт старадаўняга лекавага бальзама? Шукаем адказы разам са “Словам Жыцця”.
С. Ганна Мацуль СSFNПрыгажосць кансэкрацыі, на мой погляд, заключаецца ў тым, што Бог не кліча адораных, але ўздальняе, дае моц пакліканым. Праз кансэкрацыю чалавек становіцца асаблівай уласнасцю Усемагутнага. Гэта сапраўдны дар і вялікі давер Бога чалавеку.
    Я працую на прахадной у доме сясцёр назарэтанак у Навагрудку: адчыняю дзверы, спатыкаю розных людзей і дзялюся з імі “часцінкай Назарэта”, яго гасціннасцю. Прысутнічаю на шматлікіх сустрэчах для моладзі і сямей, якія арганізуюцца нашай супольнасцю. Многія там дзеляцца сваімі гісторыямі жыцця, хтосьці шукае парады або просіць аб малітве. Заўважаю пасля гэтых спатканняў і размоў, што людзі не патрабуюць чагосьці недасяжнага і вялікага, ім неабходна звычайнае цяпло. Шмат можна сказаць ці перадаць усмешкай, асабліва калі гэта не проста выраз на твары, а парыў сэрца. Адчуваю сапраўдную радасць, калі дзялюся з людзьмі дабром, а яны адказваюць узаемнасцю. Дзякую Богу за Яго дары, якімі магу служыць, за кожнага чалавека, якога сустракаю на сваім шляху, і асабліва – за дар паклікання.
   
  С. Міхаліна Кунаш СSFN  Маё пакліканне – гэта дарога жыцця, якую прапанаваў Бог, каштоўная пярліна, якую дазволіў адшукаць. Праз прысвячэнне Яму свайго жыцця з’яўляюся сведкам Божай любові для сучаснага свету. Пазнаючы Яго міласць, вучуся любові да іншага чалавека і хачу дзяліцца ёю з тымі, хто патрабуе. Мару, каб як мага болей людзей магло спазнаць бясконцую і міласэрную любоў Пана.
    У дадзены момант нясу сваё служэнне ў Івянцы ў якасці катэхеткі: рыхтую дзяцей да Першай св. Камуніі, працую з моладдзю, праводжу перадшлюбныя сустрэчы для пар. Для мяне вялікая радасць спатыкацца з людзьмі, несці ім Божую праўду і любоў, дапамагаць у жыццёвых выпрабаваннях сваёй малітвай. Дзякую тым, каго сустракаю на сваім шляху, бо праз іх я больш пазнаю Усявышняга. У кожным з людзей ёсць кавалачак жывога Бога.
   
    А. Аляксандр Махнач SPСэнс кансэкраванага ці, інакш кажучы, прысвечанага Богу жыцця, заключаецца ў наследаванні Хрыста на шляху евангельскіх парад – у чыстасці, убогасці і паслухмянасці. Канешне ж, усе людзі павінны наследаваць Збаўцу, але кансэкраваныя асобы пакліканы да асаблівага сяброўства з Езусам і прысвячэння Яму сябе “непадзеленым” чынам. Гэта прыгожая і патрабавальная вандроўка з Хрыстом праз жыццё.
    Жаданне стаць манахам-святаром я адчуў яшчэ ў 9-ым класе школы. Раней хацеў быць настаўнікам і вучыць дзяцей. А пазней пачаў заўважаць, што мяне ўсё неяк болей “цягне” ў касцёл, на св. Імшу і набажэнствы. Было неймавернае прагненне быць з Езусам. Шукаў Яго ў розных сітуацыях жыцця, спрабаваў увайсці ў “стыль” Хрыста, які прапаноўваў мне святарства. Я гэта проста адчуваў, асабліва падчас малітвы. Бог не пасылаў мне анёла, не прамаўляў чалавечым голасам. Гэты заклік быў у сэрцы. Але ж я хацеў быць настаўнікам! Што рабіць? Пачаў шмат маліцца, каб Бог даў ясна распазнаць пакліканне.
    Паходжу з парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, у якой служаць айцы піяры. Тады я яшчэ не разумеў, што ёсць нейкія “іншыя” святары. Удзельнічаючы летам у “канікулах з Богам”, якія арганізоўвалі айцы, заўважыў штосьці вельмі важнае для сябе ў распазнанні паклікання: святары і піярскія семінарысты вельмі цікава і творча працавалі з дзецьмі і моладдзю. Яны рабілі гэта так арганічна, што я пачаў цікаваць за іх выхаваўчай і душпастырскай працай. Вельмі падабалася іх стаўленне да маладых людзей, педагагічныя метады працы. Менавіта тут зразумеў, што гэта маё. Абодва пакліканні спалучыліся ў адным. Я нават для сябе формулу прыдумаў: “настаўнік + святар = піяр”. Моцна верыў у тое, чаго прагнуў ад мяне Езус, і не памыліўся. Пакінуўшы ўсё, я знайшоў шчасце. Нясу сваё служэнне Богу і Яго Касцёлу ў харызме св. Юзафа Каласанса, асабліва дбаючы пра навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Спярша 9 гадоў працаваў у Шчучыне, а цяпер ужо 2-гі год – у Лідзе.
   
Найбольш вядомымі назарэтанкамі з’яўляюцца 11 бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка.
    У рамане Віктора Гюго “Адрынутыя” статут кармэлітак ад Дзіцятка Езус апісваецца як самы строгі сярод каталіцкіх ордэнаў (уключае абмежаванне размоў).
    Салезіянкі жывуць у духу Марнэзэ – атмасферы дома-супольнасці, напоўненай самаадданасцю, запалам, радасцю.
    Гербам серафітак з’яўляецца Сэрца Марыі Панны, працятае 7-ю мячамі на знак мужнага пераадольвання ўласных пакут, а таксама ўдзялення дапамогі ў цярпенні тым, каго яно асаблівым чынам закранула.
    Кангрэгацыя сясцёр эўхарыстак заснавана ў 1923 годзе ў Беларусі.
    Сёстры Маці Міласэрнасці маюць Генеральны дом у Гродне.
    Сясцёр Беззаганнага Зачацця ў Беларусі называлі “клапатлівымі анёламі гараджан”.
    Духоўная фармацыя шанштацкіх сясцёр працягваецца 8,5 гадоў.
    На гербе служак знаходзяцца 7 зорак, якія сімвалізуюць цноты, што павінны наследаваць манахіні супольнасці: цнатлівасць, убоства, паслухмянасць, чыстая інтэнцыя, дух малітвы, дух ахвяры і глыбокая пакора.
    Першапачатковай мэтай місіянерак Святой Сям’і было ўмацаванне ў веры і падтрымка ўз’яднання ўсходніх хрысціян з каталіцкім Касцёлам.
    Бернардынкі ахвяруюць малітву і духоўна падтрымліваюць усіх, хто перажывае жыццёвыя праблемы і прыходзіць на прахадную кляштара, тэлефануе, піша лісты ці электронныя пасланні.
    Палатынкі служаць хворым на рак асобам і іх сем’ям у хоспісах.
    У ліку апостальскай дзейнасці катарынак – апека над ксяндзамі на пенсіі.
    Місіянеркі Хрыста Валадара атачаюць душпастырскім клопатам эмігрантаў.
    У Вроцлаве (Польшча) асобы, якія хочуць адпачыць, суцішыцца, духоўна ўзнавіцца, могуць замовіць пакой у кляштары нотэрдамак.
    Пад апекай сясцёр ад св. Фаустыны знаходзяцца моладзевыя выхаваўчыя цэнтры, дамы для самотных маці, дамы апекі, дзіцячыя сады.
    Пастыранкі стараюцца забяспечыць дзецям усебаковае развіццё праз катэхезу, пластыку, рытміку, музычныя і спартыўныя заняткі, жангліраванне, акрабатыку. Першай паслугай сясцёр францысканак ад церпячых была праца ў прытулках для жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
    Многія міхаліткі атрымліваюць інтэлектуальную і прафесійную фармацыю ва ўстановах вышэйшай адукацыі, каб унутраная дынаміка іх жыцця была прыкладам актыўнай апостальскай дзейнасці ў Касцёле.
    Сэрцанкі, якія не маюць непасрэднага кантакту з актыўнай дзейнасцю супольнасці, удзельнічаюць у апостальстве праз малітву, цярпенне і ахвяру.
    Служабніцы былі другой па чарзе бесхабітовай супольнасцю.
    Кансэкраваныя панны ўтрымліваюць сябе дзякуючы ўласнай працы і самі клапоцяцца аб вылучэнні часу для малітвы, Эўхарыстыі і духоўнага развіцця.
    Папа Францішак з’яўляецца першым у гісторыі Пантыфікам-езуітам.
    Характэрнай асаблівасцю ўбораў аблатаў з’яўляецца вялікі нагрудны крыж, які манахі паводле статуту абавязаны цалаваць перад літургіяй і пасля яе.
    Францысканцы канвентуальныя носяць на поясе белую вяроўку з трыма вузламі, якія сімвалізуюць поўнае прысвячэнне сябе Богу пасродкам трох абяцанняў: паслушэнства, цноты і беднасці.
    Першыя салезіяне з’явіліся на тэрыторыі Беларусі амаль 100 гадоў таму ў мястэчку Дварэц (Гродзенская дыяцэзія), дзе адкрылі цяслярскую школу.
    Сярод знакамітых выхаванцаў піярскіх школ – Тадэвуш Касцюшка, Станіслаў Манюшка, Ігнат Дамейка.
    Кармэліты босыя, якія выдалі 12-томную працу “Cursus Theologicus Salamanticensis” (“Саламанцкі курс тэалогіі”), лічацца лепшымі каментатарамі сачыненняў св. Тамаша Аквінскага.
    Сэрцане развіваюць такія духоўныя практыкі, як набожнае перажыванне першых пятніц месяца, цэлебрацыя святой гадзіны, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
    Капуцыны вырабляюць лекавы бальзам, рэцэптура якога вядома толькі манахам супольнасці.
    Рэдэмптарысты стварылі вядомую ва ўсім свеце Навэнну да Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
    Міхаліты маюць уласнае выдавецтва кніг і каталіцкай прэсы “Michalineum”.
    Манастыр Ясная Гара ў Польшчы, дзе захоўваецца знакаміты цудатворны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, заснаваны ў ХІV стагоддзі паўлінамі.
    У Крамяніцы (Гродзенская дыяцэзія) некаторы час існаваў кляштар канонікаў латэранскіх, які пасля шляхецкага паўстання 1831 года быў скасаваны.
    Кларэтыны далі Касцёлу 4-ох кардыналаў, 7 арцыбіскупаў і 33 біскупа.
    Палатыны служаць амаль ва ўсіх частках свету: у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і Акіяніі.

   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.